Аляксандр Атрошчанкаў: "На этапе"
Тут, як і ў шматлікіх іншых сферах існуюць два падыходы: арыштанцкі і дылетанцкі. Дылетанцкі выяўляецца ў тым, каб везці з сабой 28 торбаў і ўвесь цыганскі табар. Мінусы гэтага падыхода ў тым, што гэта надзвычай складана здзейсніць фізычна, апроч таго ручкі торбы могуць адарвацца ў самы нязручны момант: напрыклад пад час спрынта з аўтазака ў “Сталыпін”, які адбываецца ў цемрадзі, дакладней у асляпляльным святле пражэктара, брэху сабак і крыках канваіраў. Зразумела сабраць майно ў такіх умовах, мягка кажучы, ніхто не дапаможа. Апроч таго, у вагоне знаходзяцца яшчэ 10-13 таварышаў па няшчасці, якія таксама маюць уласныя торбы. Шмат хто з іх ужо стаіць на галаве. Яшчэ адным мінусам такога падыхода – праход праз бясконцы шэраг даглядаў. У мяне напрыклад, за 36 гадзін, якія прамінулі з моманту выезду з “амерыканкі” да заезду ў каранцін калоніі, іх адбылося каля 6, дакладна не памятаю ўжо. Кожны раз усё вытрасаецца, высыпаецца і г.д. Кожны раз усё прыходзіцца збіраць па-новаму, што ўводзіць арыштанта ў стан, блізкі да шалу і гістэрыкі, так як час і месца абмежаваны, а сытуацыя далёкая ад спакойнай. Апроч таго, кожны, хто здзяйсьняе “шмон”, мае асабісты погляд на тое, што дазволена і што недазволена, то бок пасля кожнай працэдуры тыя ці іншыя рэчы больш-менш правамоцна непрапускаюцца, што таксама не дадае душэўнай моцы. І гэта пры тым, што амаль усе “шмоны”, за выключэннем “развітальнага” на “амэрыканцы”, былі, калі так можна выказацца, з чалавечым абліччам, а канвой быў даволі карэктным. У выніку некаторыя рэчы не былі дапушчаны ў калонію. Карацей, я ехаў паводле такога прынцыпу і мне не спадабалася.
Другі падыход – арыштанцкі. Звычайныя арыштанты едуць на этап у спартовым касцюме, маючы пры сабе невялічкую торбачку, у якой акуратненька складзены цыгарэты, гарбата, ежа (сала, шакалад, цукеркі, крыху ралтона), кіпяцільнік, бялізна. Ад сабе дадамо некалькі пластмасавых місаў, пластмасавы кубак, мінімум лекаў (аспірын, колдрэкс, анальгін, і тыя лекі, каторыя арыштант прымае штодзённа, калі прымае). Апранаць на сабе лепш за ўсё спартовы касцюм. То бок тое, што неабходна ў каранціне, астатняе магчыма змяніць, пасля таго, як гіпатэтычны арыштант пяройдзе ў атрад. Калі ён пражэрлівы, усе рэчы лепей перадаць у рэчавай перадачы, і харчы ў харчовай. Здаецца ўсе рэкамендацыі. Вось толькі забыўся,- галоўнае слухаць усё, што кажа сам арыштант, і не слухацца пабочных парадаў , мяркуючы, што нехта ведае лепей за яго.
А ўвогуле пераказвай, каб яны ўсе трымаліся і не хваляваліся. Пасля СІЗА зона ўспрымаецца амаль нармалёва. Апроч таго, усе людзі дарослыя, мяркую ў іх хопіць мужнасці прайсці праз усе гэтыя выпрабаванні. Перадай матулям і жонкам, што іх падтрымка адчувалася і была вельмі важнай у самыя складаныя моманты, яны сапраўдныя малайцы! І мы разумеем, што выпрабаванні, выпаўшыя на іх долю, не надта лягчэйшыя, чым на нашую.
Post new comment