"Стабільная, аплачваемая сіла, якая падтрымліваецца дзяржавай"

Міліцыю ў нас успрымаюць як апарат прыгнечання. Сябра Рады камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" праваабаронца Алена Танкачова і інтэрвію "Еўрарадыё" расказала аб сучасным стане міліцыі.

 

 
 
Еўрарадыё: Як і для чаго трэба змяняць беларускую міліцыю? І ці адрозніваюцца правы міліцыі ў Беларусі ад еўрапейскіх краін?
 
Алена Танкачова: Займаючыся правамі чалавека, я разглядаю неабходнасць рэформы міліцыі не
проста так, а для зусім канкрэтнай прыкладной мэты - павышэнне ўзроўню абароны і выканання правоў чалавека.
 
Звярніце ўвагу, што калі мы кажам пра міліцыю, то даволі часта замест таго, каб казаць "праваахоўныя органы", кажам "сілавыя ведамствы". Менавіта так мы іх і ўспрымаем - як апарат прыгнечання, нейкі жахлівы элемент, а не як кагосьці, хто з'яўляецца сябрам, абаронцам, гарантам таго, што з вамі нічога не здарыцца. Гэта стаўленне сфармавалася ў выніку доўгай сістэмы ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі міліцыі. Але міліцыя ў свядомасці людзей павінна ператварацца ў праваахоўны орган, мэтай якога з'яўляецца абарона і выкананне правоў чалавека.
 
Еўрарадыё: Наколькі беларуская міліцыя гатовая да рэфармавання?
Алена Танкачова: Сёння складана пра гэта казаць. Мы не маем дастаткова глыбокіх сацыялагічных даследаванняў па гэтым пытанні. Паводле даследаванняў НІСЭПД, зробленым у мінулым годзе, міліцыя не карыстаецца высокай ступенню даверу ў насельніцтва.
І я думаю, што калі гэтыя замеры рабіць цяпер, пасля падзей 19 снежня, тое стаўленне да міліцыі, напэўна, яшчэ менш добразычлівае і даверлівае.
 
Еўрарадыё: Возьмем, напрыклад, інцыдэнт на Нямізе, калі міліцыя пачала збіваць чалавека, які заступіўся за безбілетніка, і велізарная колькасць людзей паспрабавала за яго заступіцца… Цікавы момант, што падчас гэтай патасоўкі людзі пачалі крычаць "выклічце міліцыю!" Пры ўсім недаверы, атрымліваецца, застаецца нейкая надзея, што дзесьці ёсць сапраўдная міліцыя, якая можа абараніць?
 
Алена Танкачова: Гэта такая выдатная раздвоеная беларуская свядомасць. Усяго па два: два сцягі, два саюзы пісьменнікаў, дзве міліцыі… Таму, на тваіх вачах міліцыянер лупіць чалавека, а ты пры гэтым крычыш "выклічце міліцыю".
Зразумела, што ёсць асобная катэгорыя паскуднікаў, якія ёсць у любым асяроддзі. Праблема нават не ў тым, што яны ёсць, а ў тым, што з гэтым мала што робіцца. Замест таго каб міністру ўнутраных спраў публічна засудзіць падобнага кшталту дзеянні, атрымліваецца, што карпарацыя ўстае на абарону сваіх жа…
 
Еўрарадыё: Якія яшчэ вы можаце прывесці прыклады перавышэння паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі?
 
Алена Танкачова: Некалькі гадоў таму, ва ўгодкі знікнення Змітра Завадскага, супрацоўнік АМАПу ударыў па твары яго жонку Святлану Завадскую. Велізарны чалавек у форме на пустым месцы бярэ і б'е жанчыну па твары, тым больш, пры тых абставінах, пры якіх яна знаходзілася на плошчы. Пракуратура правярае гэты факт, і кажа - усё ў парадку, чалавек дзейнічаў у межах сваіх паўнамоцтваў.
Далей, ёсць адзін выдатны дзеяч, усім вядомы ў асяроддзі журналістаў, які не пасаромеўся прылюдна даць "пендаля" фатографу падчас таго, як яна здымала акцыю. Хоць яна наогул яго не чапала! Такіх прыкладаў дастаткова.
Год таму супрацоўнікі транспартнай міліцыі ў метро затрымалі маладога мужчыну з пэўнымі ментальнымі цяжкасцямі і перадалі яго ў РАУС. У выніку ў РАУСе, наколькі мы можам судзіць, адбылося штосьці такое, што, выйшаўшы адтуль, чалавек памёр ад множных удараў. Усе спробы бацькоў дамагчыся справядлівасці ў гэтым пытанні ўпіраліся ў глухую сцяну.
Што да ўжывання сілы да затрыманых - гэта, на жаль, распаўсюджаная практыка, з якой зусім незразумела, што рабіць да той пары, пакуль інстытут знаходзіцца ў тым стане, у якім ён знаходзіцца.
 
Еўрарадыё: Пра што кажуць вынікі апытання затрыманых 19 снежня на плошчы?
 
Алена Танкачова: Як мы ведаем, тады было затрымана больш за 700 чалавек. Палова была апытаная. Фактычна, пры затрыманні да кожнага трэцяга-чацвёртага чалавека зусім неабгрунтавана ўжывалася сіла, хоць яны не аказвалі супраціўлення.
Яшчэ адна частка анкетавання паказала то, якім чынам з людзьмі абыходзіліся ў РАУСах. Відавочна, што ў большасці выпадкаў працэдуры афармлення праходзілі з каласальнай колькасцю парушэнняў закона. У саміх судах сведкі фактычна ілжыва сведчылі, адны і тыя ж людзі хадзілі па судах і сцвярджалі, што менавіта яны затрымлівалі гэтых людзей, таму што так было напісана ў пратаколе. Але яны не маглі сказаць нічога, акрамя таго, што было напісана ў пратаколе.
 
Еўрарадыё: Дарэчы, пра сведчанні на судах. Што гэта за практыка, калі міліцыянер аказваецца адзіным сведкам? У іншых краінах такое практыкуюць таксама?
 
Алена Танкачова: Вы правільна адзначылі, што ён адзін! Абсалютна відавочна, што міліцыянер можа аказацца ў якасці сведкі. Пытанне ў тым, чаму ў гэтай каласальнай чарадзе адміністрацыйных судоў па падзеях 19-га, як правіла, толькі міліцыянеры сведчылі на судах? У рэдкіх выпадках у грамадзян атрымлівалася дамагчыся, каб у суд былі запрошаныя грамадзянскія сведкі.
На мой погляд, гэта вельмі заганная практыка, якая выклікае не толькі расчараванне, але і недавер… Да той пары, пакуль кіраўніцтва МУС нейкім чынам не пачне на гэта рэагаваць, сітуацыя не зменіцца, а яна павінна была б змяніцца.
 
Еўрарадыё: Ці правільна я разумею, што для таго, каб правесці якасную рэформу, ініцыятыва павінна ісці ў першую чаргу знутры, а ў нас, хутчэй, ёсць разуменне звонку?
 
Алена Танкачова: Так, у нас, хутчэй, грамадства больш адчувае патрэбу рэфармавання, чым сама сістэма. Гэта і ёсць патэнцыйная праблема.
Ніколі паспяховая рэформа праваахоўных органаў не робіцца якасна да той пары, пакуль самі прадстаўнікі гэтых органаў не з'яўляюцца носьбітамі ідэі такой рэформы. Зразумела, што ты не можаш прачнуцца ў панядзелак, а ў цябе ўсе міліцыянеры зусім іншыя. Рэформа - гэта не толькі істытуцыянальныя падыходы, гэта яшчэ і працяглая карпатлівая праца, звязаная са зменай якасці і стаўлення саміх людзей, якія знаходзяцца ўнутры сістэмы.
 
Рэформа працуе толькі ў тым выпадку, калі ў грамадства ёсць механізмы кантролю
Для таго каб рэформа адбылася, хтосьці з боку павінен валодаць механізмамі праверкі - "а што ж там насамрэч адбываецца"? Сёння ў Беларусі механізмы грамадскага кантролю за дзейнасцю праваахоўных органаў практычна адсутнічаюць.
 
Ва Ўкраіне, напрыклад, была створана даволі шырокая грамадская рада, якая займалася пытаннямі рэфармавання праваахоўных органаў. У склад гэтай рады, акрамя праваахоўных органаў, уваходзілі прадстаўнікі грамадзянскіх міністэрстваў і ведамстваў. І плюс да гэтага - прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, грамадскасці і праваабаронцы.
 
Што да Расіі, там працуюць грамадскія саветы пры асобных падраздзяленнях МУС. У такія саветы ўваходзяць прадстаўнікі грамадскіх і праваабарончых арганізацый. Калі раптам здараецца штосьці, што, па меркаванні праваабаронцаў, патрабуе сур'ёзнага аператыўнага рэагавання з боку праваахоўных органаў, або наадварот - праваахоўныя органы здзяйсняюць нейкія дзеянні, якія не адпавядаюць таму, што яны павінны рабіць, удзельнікі гэтага савету маюць рэальную магчымасць прамой камунікацыі з кіраўніцтвам МУС.
 
І мы ведаем шэраг прыкладаў, калі такая камунікацыя здараецца прама на месцы, па ходзе таго, як развіваюцца падзеі. Такое ўмяшанне прыводзіла да выпраўлення негатыўнай сітуацыі. Людзей адпускалі, ці нешта падобнае.
 
Еўрарадыё: Якія яшчэ ёсць праблемы ў нашай міліцыі?
 
Алена Танкачова: Узровень людзей, якія сёння прыходзяць вучыцца ў школу міліцыі, значна ніжэйшы, чым гэта было 10 ці нават 5 гадоў таму. Матывацыя там, хутчэй, не атрыманне прэстыжнай адукацыі… Людзі туды ідуць, таму што сёння міліцыя ўспрымаецца як нейкая стабільная, аплачваемая сіла, якая падтрымліваецца дзяржавай.
Нават калі глядзець на тое, як выглядаюць РАУСы… Яны амаль не абсталяваны камп'ютарамі. Дзейнасць непасрэдна ўчастковых і следчых пакідае вельмі сумнае ўражанне. Я думаю, што за кошт скарачэння колькасці міліцыі, ужо даўно можна было б забяспечыць нармальныя ўмовы для працы. Да таго ж, колькасць праваахоўных органаў сёння ў разы перавышае неабходную для забеспячэння правапарадку.
 
Еўрарадыё: Які эфект можа быць ад змены назвы з міліцыі на паліцыю?
 
Алена Танкачова: Адмова ад старых канатацый лічыцца неабходнай, калі ты спрабуеш змяніць стаўленне да інстытута. Напрыклад, ва ўсіх краінах, у якіх да атрымання незалежнасці быў КДБ, палічылі патрэбным яго пераназваць, таму што ўжо балюча веяла сталінскай спадчынай… Ва ўсіх краінах, акрамя Беларусі. У нас, мабыць, з дапамогай захавання назвы захоўваюць і змест.
 
Еўрарадыё: Калі звярнуцца да рэформы сістэмы МУС у Грузіі, то там нават празрыстыя ўчасткі ўсталявалі! Такая мера нешта дае?
 
Алена Танкачова: Я мяркую, што гэта адна з магчымасцяў забяспечыць зніжэнне ўзроўню парушэння правоў чалавека ўнутры ўстановы МУС у пераходны перыяд. Гэта можна забяспечваць па-рознаму. Так, у большасці еўрапейскіх краін кожны паліцэйскі ўчастак будзе абсталяваны такой колькасцю відэакамер, каб праглядаліся ўсе памяшканні.
 
Цяжка сабе ўявіць, што чалавека можна будзе прыкаваць наручнікамі да батарэі… Тэарэтычна, гэта можна зрабіць у любой краіне свету. Але ў еўрапейскіх краінах гэта будзе запісана на відэакамеру, і потым, калі прыйдзе пракурор разбірацца з гэтым выпадкам, ён будзе глядзець - ці была насамрэч неабходнасць ва ўжыванні падобнага кшталту дзеянняў, ці гэта проста была распушчанасць чалавека, які гэта рабіў.
 
Пры павышэнні стандартаў правоў чалавека, самі праваахоўныя органы дамагаюцца таго, каб яны заўсёды маглі даказаць, што не ўжывалі сілу і дзейнічалі ў адпаведнасці з законам.
У нас, як правіла, калі ты сам не даказаў, то нічога не здарыцца. А наогул, звыклая сітуацыя - ад зваротнага - прадстаўнікі праваахоўных органаў павінны даказаць, што яны не здзяйснялі дзеянняў, якія парушаюць правы чалавека, у якіх іх, магчыма, вінавацяць.
 
Еўрарадыё: А што вы можаце сказаць пра працу ўчастковых?
 
Алена Танкачова: Увогуле - гэта бедныя людзі. З аднаго боку, умовы працы вельмі дрэнныя. Па-другое, аб'ём працы - каласальны. А па-трэцяе, заработная плата ўчастковага міліцыянера вельмі нязначная.
 
Дарэчы, менавіта да ўчастковых людзі звычайна ставяцца з даверам. Участковы - гэта чалавек, які, як правіла, прыходзіць з дапамогай у мностве складаных сітуацый.
Забаўна, "Дзядзя Сцёпа міліцыянер" у свядомасці людзей усё яшчэ ёсць. І на практыцы, мабыць, толькі ўчастковыя міліцыянеры ў нейкім сэнсе адпавядаюць гэтаму пазітыўнаму вобразу міліцыянера, які склаўся з дзяцінства . Усе астатнія, на жаль, знаходзяцца ў іншым успрыманні.
 

 паводле euroradio.by

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.