Васіль Парфянкоў: "Мяне разумеюць і падтрымліваюць"
Асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня, Васіль Парфянкоў даслаў чарговы ліст з варшанскай калоніі, у якім распавядае аб быце, працы, настроях унутры ўстановы, людзкой салідарнасці і падтрымцы, стане турмы і рацыёне арыштанта пад час крызісу..
Вітаю Вас, сябры!
Напэўна дзіўна так называць людзей, з якімі зусім незнаёмы, але я паспрабую. Зараз уяўлення ня маю, каму пішу, і якія тэмы варта закрануць, а якія не.
Перш за ўсё хацеў падзякваць за падпіскі, квітанцыі на якія атрымаў нядаўна, - будзе чым займацца ў вольны час, хай гэтымі днямі яго і няшмат, бо пачаў хадзіць у прамзону, дзе зараз працую ў будатрадзе. Займаюся рамонтамі ўпраўленьня калоніі, у цахох, пасля працы яшчэ дапамагаю рабіць рамонт у атрадзе. Таму па працы вольнага часу застаецца зусім мала. Затое за працай час ляціць проста незаўважна, а гэта тут галоўнае.
У атрадзе ўсё складаецца даволі нармалёва, - людзі мяне разумеюць і падтрымліваюць як могуць, ёсць канешне і іншыя, але з імі я імкнуся не кантактаваць. Яны мяркуюць, што ў нашай краіне ўсё спакойна і надзейна, але здаецца край у гэты момант у ліхаманцы, - хай паглядзяць. Дзе яна гэта стабільнасць цяпер?!
Праўда тут крызіс нас амаль не закрануў. У мясцовай краме падаражэлі толькі кава, гарбата і тытунёвыя вырабы. Астатняе засталося, як і было. Ёсць нават садавіна, так што з голаду мы не памрэм.
Вось напэўна ў мяне і ўсе навіны, яшчэ раз хачу падзякаваць за падтрымку! Памятайце, што неўзабаве надыйдзе час, калі мы ўсе, увесь беларускі народ уздымецца з каленаў да свабоднага жыцця ў шчаслівай краіне Беларусі!
Жыве Беларусь!
Васіль Парфянкоў
Падтрымаць Васіля магчыма даслаўшы ліст па адрэсе :
211030 Віцебская вобл, г. Орша, вул. Леніна 195 а, ПК 8