Салідарнасць у адказ на незаконныя прысуды
Пасля таго, як афіцыйны "Дзень Рэспублікі" скончыўся масавымі арыштамі ў цэнтры Мінска і многіх гарадах краіны, а раённыя суды напружана працавалі, каб паспець асудзіць шматлікіх затрыманых,- зноў распачалася кампанія салідарнасці па зборы ахвяраванняў на перадачы ўсім асуджаным. З самага рання шматлікія валантэры, родныя, блізкія і проста неабыякавыя людзі пачалі збірацца каля сумнавядомага будынку "ЦІП" на завулку ім. Акрэсціна, каб перадаць перадачу і падтрымаць маральна вязняў сваёй прысутнасцю..
«Учора былі асуджаныя сто сорак чалавек, што пляскалі ў ладкі 3 ліпеня. Амаль усім ім далі суткі па абвінавачванні ў брыдкаслоўі і цяпер яны ўтрымліваюцца на Акрэсціна. Проста зараз родныя, сябры і знаёмыя рэпрэсаваных прыйшлі пад ізалятар, каб зрабіць перадачы тым, каго пасадзілі», —піша блогер Максім Чарняўскі.
З самай раніцы ініцыятыўная група людзей з'ездзіла ў гіпермаркет і закупіла вады і прадметаў першай неабходнасці на суму амаль у два мільёны — гэта тыя грошы, якія ахвяравалі самыя розныя людзі.
Сярод закупленых рэчаў — вільготныя сурвэткі, туалетная папера, дзіцячы крэм, вада, цыгарэты, запалкі, крыжаванкі, сшыткі, зубныя шчоткі і пасты. Усе рэчы былі выгружаны каля ізалятара, дзе кожны чалавек можа ўзяць па камплекце прадметаў і перадаць яго асуджаным.Таксама складаюцца спісы, каму родныя пакінулі перадачу. Тым, каму не прынеслі, хлопцы самі будуць рабіць перадачу з набытых рэчаў і прадуктаў. На момант падрыхтоўкі рэпартажу перадачы ад сваякоў і сяброў атрымалі ўжо больш за дваццаць чалавек, пастаянна прыходзяць новыя людзі, перад уваходамі ў ізалятар сабралася чарга.
У 12:00 хлопцы пачалі махаць рукамі з-за кратаў, людзі каля ізалятара пачалі ім апладзіраваць.
Выйшаў міліцыянт, сказаў, калі яшчэ такое паўторыцца, перадач яны больш не прымуць.
Перадачы прымаюць з 11:00 да 14 і з 14 да 18:00. Перадаваць можна ваду і сокі ў празрыстай тары, газеты, крыжаванкі, прадметы першай неабходнасці, тэарэтычна можна перадаваць адзенне, але сёння яго не прымаюць. Афіцыйна НЕЛЬГА перадаваць ежу і запіскі. Але запіскі можна схаваць — у газетах ці іншым спосабам.
Па пытаннях перадачаў і матэрыяльнай дапамогі пацярпелым з ініцыятыўнай групай можна звязацца па тэлефоне (29) 555-49-41 (Насця).
паводле http://fair-max.blogspot.com/
Post new comment