Танкачова: Суды ў пастарунках - працяг савецкай традыцыі
Сёлетнія "палявыя" суды над удзельнікамі пратэстаў ускладняюць кантроль правабаронцаў. Вось ужо некалькі тыдняў запар, амаль без перапынкаў, “судовая сістэма” краіны “разглядае” справы затрыманых на акцыях “маўклівых пратэстаў”. Колькасць затрыманых настолькі ўражлівая, ажно шмат у якіх рэгіёнах Беларусі суд пайшоў на беспрыцындэнтныя меры. Па каментар аб “незвычайных” судах Еўрарадыё звярнулася да праваабаронцы Алены Танкачовай.
Еўрарадыё: Сёлета ўдзельнікаў акцыяў, як у сталіцы, так і ў рэгіенах, судзяць часта не ў будынках судоў, а нават проста ў пастарунках. Як даўно такое практыкуецца і чым рэгулюецца такая практыка?
Танкачова: “Калі ўзгадаць старыя савецкія часы, то былі такія розныя гісторыі, калі розныя працэсы праводзіліся, напрыклад, у кінатэатрах, з магчымасцю выезду, напрыклад, у калхозы, каб сабраць больш людзей і прадэманстраваць ім працу правасуддзя. Увогуле гэта сумная тэндэнцыя, бо правасуддзе павінна адбывацца ў месцах адпраўлення правасуддзя, а менавіта ў залах судовых паседжанняў. Суддзі павінны быць у мантыях і закон павінны выконвацца, і грамадзянскія сведкі павінны запрашацца, і права на абарону павінна быць забяспечана”.
Еўрарадыё: Вы фіксуеце такіх выпадкаў больш ці менш?
Танкачова: “З такой практыкай у апошнія гады мы сутыкаліся вельмі рэдка. Можна прывесці прыклад, як калісьці ў Ліцэі БГУ у актавай залі пару гадоў назад быў паказальны судовы працэс над маладымі хлапцамі, якія ўхіляліся ад арміі. Такая практыка вельмі агідная. З судовых працэсаў робяць паказальныя гульбішчы. Зараз гэта адбываецца па наступных прычынах: улада вырашыла рацыяналізаваць гэтыя судовыя гісторыі і пазбегнуць грамадскага кантролю за судовымі працэсамі. Гэта рэальна перашкаджае грамадскаму кантролю, рэальна перашкаджае працы праваабаронцаў”.
Паводле Еўрарадыё
Post new comment