Халіп і Танкачова заклікаюць уратаваць Саннікава і Дашкевіча
Як паведамляе Радыё Свабода, пра занепакоенасць здароўем і жыццём Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча сёння заявілі жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Ірына Халіп і праваабаронца Алена Танкачова. На адрас абодвух палітвязняў у часе турэмных этапаў гучалі пагрозы забіць або скалечыць.
Ірына Халіп мела размову з адвакатамі Андрэя Саннікава адразу пасля таго, як тыя ў панядзелак і аўторак сустракаліся з яе мужам у Магілёўскім СІЗА:
"Сытуацыя такая, што я магу сказаць зусім пэўна — яго жыццю пагражае сур'ёзная небяспека. Таксама сур'ёзная небяспека пагражае жыццю лідэра "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча. Самая апошняя інфармацыя, якую ўчора атрымала адвакат Андрэя, якая наведвала яго ў СІЗА горада Магілёва, — гэта ягоны мэсыдж: "Ратуйце Дашкевіча любымі шляхамі, ажно да напісання прашэння аб памілаванні ўсім беларускім народам. Іначай ён ня выжыве".
У часе турэмнага этапу, які пачаўся 20 верасня і доўжыцца дагэтуль, Андрэй Саннікаў трапіў у Віцебскім цэнтрале ў адну камэру з Дашкевічам. Іншы вязень гэтай камэры, Давыдовіч, заявіў Дашкевічу, што ў таго будуць вялікія праблемы ў Глыбоцкай турме, што яго, хутчэй за ўсё, заб'юць. Ірына Халіп:
"Адна-адзіная добрая навіна ў тым, што Дашкевіч усё ж спыніў галадоўку. Мой муж Андрэй сказаў, што Дашкевіч у жудасным стане, вельмі худы, у яго не было ежы, бо ён быў пазбаўлены перадач у горацкай калёніі".
Як распавяла Ірына Халіп, аналягічныя пагрозы пазней прагучалі і на адрас самога Андрэя Саннікава. Гэта здарылася пазьней, ужо ў Магілёўскім СІЗА. Там у камэру да Саннікава завялі зняволенага Грыгор'ева, і той распавёў, што падчас этапу да яго падыходзілі двое ў цывільным і папярэджвалі: трэба быць асцярожным у адной камэры з Саннікавам, бо таго могуць "забіць альбо сур'ёзна пакалечыць". Іншыя зьняволеныя ў камэры падтрымалі Грыгор'ева, кажа спадарыня Халіп:
"Яны пачалі казаць: так, Андрэй Алегавіч, да Бабруйску вы не даедзеце. Мы вас забіваць не збіраемся, але, самі разумееце, правакацыі могуць быць розныя. Вас могуць перавесці ў іншую камэру, дзе вас могуць моцна біць, а могуць і забіць зусім. Хіба цяжка патлумачыць — ну, зэкі пазабівалі адзін аднаго. Здараецца".
Пасля гэтага Саннікаў двое сутак ня спаў, асьцерагаючыся нападу ў сне. Ён запісаўся на прыём у адміністрацыю, але безвынікова. Тым часам ад самой Ірыны Халіп цэлы тыдзень у Дэпартамэнце выканання пакаранняў хавалі інфармацыю пра месца знаходжання мужа. У панядзелак нарэшце прызналіся, што ён у Магілёве, і да яго тэрмінова паехаў адвакат, які напісаў заяву адміністрацыі СІЗА, што ёсьць пагроза жыццю і здароўю Саннікава. Тады Андрэя перавялі ў адзіночную камэру. Ірына Халіп у сувязі з усім гэтым наўпрост звярнулася да кіраўніцтва турэмнай сыстэмы Беларусі:
"Я звяртаюся да іх: грамадзяне начальнікі, не рабіце злачынстваў, не бярыце на сябе забойства, цяжкія цялесныя пашкоджанні, спыніце гэтае "бязмежжа". Адказваць у рэшце рэшт давядзецца вам, "гэб'ё" адмажацца, як заўсёды. Апомніцеся і перастанце прэсаваць майго мужа, вярніце яго туды, дзе ён адбывае пакаранне".
Да гэтага часу невядома, калі ж Саннікава давязуць да бабруйскай турмы. Цяпер гэтаму нібыта замінае рамонт дарогі. Ірына Халіп зазначае, што ў Саннікава пры гэтым не вымагаюць пісаць прашэнне аб памілаванні, як гэта рабілі з іншымі палітвязнямі. Разважаючы пра матывы такога ціску на яе мужа, Ірына мяркуе, што Андрэя, магчыма, хочуць так запрэсаваць, каб ён сам пайшоў на напісанне такога прашэння, альбо жадаюць знішчыць яго як асобу, каб ён у прынцыпе адмовіўся ад палітыкі.
Ірына Халіп перакананая, што ўлады, вызваліўшы пад ціскам Захаду шэраг палітвязняў, пачалі нейкую незразумелую шматхадовую гульню з тымі, хто застаўся ў турмах, у тым ліку з экс-кандыдатамі на прэзыдэнта Саннікавым, Вусам, Статкевічам. Ад апошняга ўжо два тыдні няма ніякіх вестак. Сытуацыя крытычная, перакананая Ірына Халіп. З ёю пагаджаецца праваабаронца Алена Танкачова:
"Мы разумеем, што зараз адбываецца нешта ў адносінах да гэтай групы людзей, але мы не разумеем, што. Магчыма, гэта апошняя спроба зламаць іх псыхалягічна, а магчыма, і праз фізычны ціск. Мы ня ведаем, што адбываецца, але мы відавочна канстатуем, што ўзрос ціск, які выклікае нашую каласальную занепакоенасць".
Post new comment