Аб пагрозе значнага абмежавання правоў чалавека на ўзроўні заканадаўства
Заява лідэраў арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі
Мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, лічым, што заканадаўчыя акты, якія цяпер разглядаюцца і прымаюцца ў парламенце Рэспублікі Беларусь, маюць відавочна антыправавы характар, скіраваныя на празмернае абмежаванне правоў і свабод грамадзянаў, перашкаджаюць нармальнаму грамадскаму дыялогу і распальваюць канфрантацыю ў Беларусі.
1. Праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” зрабіўся прадметам абгрунтаванай крытыкі з боку грамадскасці, аднак быў прыняты 3 кастрычніка бягучага года Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях у выглядзе, які парушае права грамадзянаў на мірныя сходы, гарантаванае як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, так і базавымі нормамі міжнароднага права, уводзіць адміністратыўную адказнасць грамадзянаў за невіноўныя дзеянні і бяздзеянне.
2. Праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь” быў распрацаваны, унесены ў парламент і прыняты 3 кастрычніка бягучага года Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях, без публічнага абмеркавання. Гэты закон стварае новыя падставы для крымінальнага пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці і ўдзельнікаў мірных масавых акцый, парушае свабоду выказвання, свабоду сходаў, свабоду аб’яднанняў.
3. Трывогу і абурэнне выклікае таксама ўнесены ў парламент праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменнаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”, які значна пашырае паўнамоцтвы спецслужбаў, робіць іх бескантрольнымі і фактычна ставіць іх па-над законам.
Мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, лічым, што гэтыя праекты актаў заканадаўства супярэчаць міжнародным прававым абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека, з’яўляюцца неканстытуцыйнымі і палітычна шкоднымі для краіны.
Як стала вядома, ініцыяваннне зменаў у Законы “Аб палітычных партыях”, “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, у Крымінальны кодэкс і ў Кодэкс аб адміністратыўных прававпарушэннях было здзейсненае Саветам міністраў яшчэ ў чэрвені бягучага года. Адсутнасць грамадскага абмеркавання гэтых надзвычай важных актаў, а таксама іх прыняццё непразрыстым і непублічным парадкам ёсць яшчэ адным сведчаннем неправавога характару гэтых паправак, прыняццё якіх не было выклікана аб’ектыўнымі патрэбамі грамадскага жыцця.
Мы таксама лічым, што прыняццё гэтых дакументаў скіраванае на запалохванне беларускай грамадскасці, якое ставіць пад пагрозу вяртанне краіны на шлях нармальнага развіцця і заганяе яе ў стан самаізаляцыі. Прыняццё такога рэпрэсіўнага заканадаўства будзе азначаць легалізацыю гвалтоўных метадаў барацьбы з палітычнымі апанентамі, створыць у краіне атмасферу страху, падштурхне грамадства да радыкалізму і зробіць немагчымым канструктыўны грамадскі дыялог. На ініцыятарах прыняцця гэтых законапраектаў, а таксама на іх распрацоўшчыках, дэпутатах Палаты прадстаўнікоў і членах Савета Рэспублікі палягае адказнасць за такія наступствы неабдуманай заканатворчай дзейнасці.
На пасдставе выкладзенага і грунтуючыся на прынцыпах Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з нормамі артыкула 59 Канстытуцыі, паводле якога дзяржава абавязаная ўжываць усе даступныя ёй захады для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь,
мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, настойліва заклікаем
- Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - адмовіцца ад падпісання спрэчных Праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і Праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”, вярнуўшы іх у парламент для дапрацоўкі.
- Палаты парламента - правесці публічнае абмеркаванне праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”, не хаваючы ад грамадскасці сапраўдных прычын, якія пабуджаюць органы выканаўчай і прадстаўнічай улады ўводзіць гэткія змены ў заканадаўства.
- Савет міністраў - адклікаць з парламента праект Закона Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”.
- Канстытуцыйны суд - скарыстацца правам канстытуцыйнага кантролю дзеля прадухілення парушэння канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў, выкліканых прыняццём праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”, а таксама праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”.
Людміла Гразнова, Праваабарончы альянс
Алег Гулак, РПГА “Беларускі хельсінкскі камітэт”
Уладзімір Колас, Рада беларускай інтэлігенцыі
Жанна Літвіна, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Марыя Мартысевіч, РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”
Сяргей Мацкевіч, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў
Вольга Смалянка, Цэнтр прававой трансфармацыі
Валянцін Стэфановіч, Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Аляксей Шэін, Грамадзкая ініцыятыва “За свабоднае веравызнаньне”
Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў
Алена Танкачова, Цэнтр прававой трансфармацыі
Post new comment