Танкачова: “Праз недавер суду людзі выказваюць недавер дзяржаве”

Праваабаронца Алена Танкачова распавяла Еўрарадыё аб “прэзумпцыі вінаватасці”, прааналізавала суд над Бяляцкім, “тэрарыстамі” і ўсю судовую сістэму.

Еўрарадыё: Найперш у палітыцы, але і шмат у чым іншым, быў праведзены нібыта такі падзел на тое, як было да 19 снежня 2010 года і як стала пасля. Калі казаць аб праваабарончай дзейнасці як на гэтай сферы адбіліся тыя падзеі?

Алена Танкачова: Гэты водападзел: да 19 снежня і пасля — ён сапраўды мае месца. Найперш, 19 снежня ўсё паставіла па сваіх месцах. Не тое, каб мы атрымалі новую карціну свету — мы атрымалі рэальную карціну свету. І гэта не магло не закрануць праваабарончыя арганізацыі, бо яны, як і ўсё грамадства, сутыкнулася з відавочнымі, грубымі і сістэмнымі парушэннямі правоў чалавека. Найперш, гэта — масавыя адміністрацыйныя затрыманні. Далей — шэраг ператрусаў, арыштаў, беспадстаўных затрыманняў. Да ўсяго — усё, што тычыцца крымінальных працэсаў пасля 19 снежня ў адносінах да экс-кандыдатаў у прэзідэнты і актыўных удзельнікаў падзей на плошчы. Гэта пранесла надзвычайна вялікі аб’ём працы для праваабарончых арганізацый, якія імгненна пачалі рэагаваць на гэтую сітуацыю. І, шчыра скажам, мы не былі гатовыя да такога аб’ёму працы. І да таго, што гэта будзе працягвацца так доўга — амаль паўгода нон-стоп, з пераходам з адміністрацыйных у крымінальныя справы. І ўвесь гэты час мы працягвалі працу, звязаную з лабіраваннем на міжнародным узроўні. У такім напружаным рэжыме праваабарончым арганізацыям не даводзілася працаваць з 2006 года. Але тады па часе ўсё працягвалася менш і ўсё ўспрымалася не так цяжка.

Еўрарадыё: Да такога аб’ёму працы праваабаронцы не былі гатовыя... А ці былі яны гатовыя да таго, што пачнуцца справы і супраць праваабаронцаў ?

Алена Танкачова: Мы ж не жывём у адрыве ад працэсаў, што адбываюцца ў адносінах да грамадзянскай супольнасці. Больш за тое — дзяржава ўспрымае праваабаронцаў у якасці такога авангарда апазіцыі. У той час, як мы пастаянна спрабуем патлумачыць, што мы не палітычная апазіцыя, што мы выконваем іншую функцыю. Але ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў праваабарончая праца пачынае ўспрымацца як функцыя палітычная. Найперш, прадстаўнікамі дзяржаўных структур. Мы разумелі, што той брутальна-рэпрэсіўны характар паводзін уладаў, не мог нас не закрануць. І ўсе гэтыя рэчы адбываліся паралельна з ператрусамі і затрыманнямі ноччу з 19 на 20 снежня. Бо ўжо той ноччу ў цэнтры “Вясна” была праведзеная канфіскацыя камп’ютарнай тэхнікі, дакументацыі. А ў наступныя дні прайшоў шэраг затрыманняў, ператрусаў сярод актыўнай часткі грамадзянскай супольнасці. І праваабаронцы апынуліся ў іх ліку. А што тычыцца ўсплёску ціску на праваабарончыя арганізацыі, то гэта ж не першы такі ўсплёск. У 2003 годзе была сапраўдная хваля ліквідацый найбольш актыўных грамадскіх арганізацый. У 2003 годзе практычна ўсе моцныя праваабарончыя арганізацыі былі ліквідаваныя. Тады быў ліквідаваны праваабарончы цэнтр “Вясна”, наша арганізацыя — “Незалежнае таварыства прававых даследаванняў”. Афіцыйна зарэгістраваным застаўся толькі “Беларускі Хельсінскі камітэт”. Зараз БХК атрымаў папярэджанне, а цэнтр “Вясна” з 2003 года вымушана працуе ў незарэгістраваным статусе. Сёння мы маем найбольш жорсткае рэагаванне ўлады, якое выявілася ў крымінальным пераследзе Алеся Бяляцкага — нашага сябра і калегі. І чым гэты судовы працэс завершыцца — прагназаваць цяжка.

Так, зараз мы маем справу з формай крымінальнага пераследу. І я мяркую, што гэта форма ясна дэманструе, што праваабаронцы прыроўненыя да палітычнай апазіцыі — улада ўспрымае нас як ворагаў. І дэманструе гатоўнасць прымянення мер крымінальнай адказнасці да праваабаронцаў, выдатна разумеючы, што на ўзроўні міжнародных пагадненняў, на ўзроўні міжнароднай дзейнасці праваабаронцы заўсёды знаходзяцца пад пільнай увагай з боку квазіўрадавых арганізацый. Ёсць нават спецыяльныя праграмы “Абарона праваабаронцаў”, ёсць спецыяльны дакладчык у ААН па гэтай тэме. І ўлада, разумеючы, што рэакцыя міжнароднай супольнасці на рэпрэсіі супраць праваабаронцаў будзе хуткай і жорсткай, тым не менш прымяняе гэтыя рэпрэсіі. Тым самым паказваючы, што рэпрэсіі ў дачыненні да актыўных змагароў за правы чалавека будуць працягвацца.

Еўрарадыё: У гэтых умовах наколькі цяжэй стала атрымаць прававую дапамогу ад праваабаронцаў?

Алена Танкачова: Кансультаванне людзей, у тым ліку — арганізацыя прававой дапамогі для людзей, гэта адна з функцый, якую праваабарончыя арганізацыі на сябе бралі, бяруць і, я спадзяюся, будуць браць і далей. Застаецца і адвакацкая супольнасць. Яна дастаткова пасіўная, палахлівая, нягледзячы на тое, што гэта — незалежная прафесія. Без незалежнасці гэта прафесія ўвогуле губляе сэнс існавання. І, хай з цяжкасцямі, але сярод адвакатаў мы працягваем знаходзіць спецыялістаў, якія гатовыя працаваць з палітычна матываванымі справамі. Ёсць яшчэ і такі бок працы, як аказанне дапамогі не адвакатамі, а юрыстамі. Для таго, каб кансультаваць бясплатна не абавязкова быць адвакатам — дастаткова мець прафесійную адукацыю, навыкі і досвед працы з той ці іншай катэгорыяй спраў. І такая кансультацыйная дзейнасць працягваецца сіламі прафесійных юрыстаў, якія працуюць у цеснай сувязі з праваабарончымі арганізацыямі. І да нас сталі прыходзіць новыя людзі: выпускнікі нашых адукацыйных праграм, сталі прыходзіць юрысты-пенсіянеры, якія гатовыя частку свайго часу траціць на такую бясплатную дзейнасць. Такім чынам, з аднаго боку, нам стала цяжэй працаваць, але з другога — выклік, кінуты нам, быў такі моцны, што падштурхнуў прафесіяналаў больш актыўна праяўляцца ў праваабарончай сферы. Давайце ставіцца да гэтага выкліку як да вакна, праз якое нам адкрываюцца новыя магчымасці. Не будзе папялішча на месцы праваабарончай дзейнасці — з ёй усё будзе добра ў нас.

Еўрарадыё: Калі ўважліва назіраць як за адміністрацыйнымі, так і крымінальнымі судовымі працэсамі, якія ў нас праходзяць апошнім часам, складваецца ўражанне, што падчас суду існуе відавочны абвінаваўчы ўхіл.

Алена Танкачова: Цалкам згодная. Тое, што мы маем зараз у межах судоў агульнай юрысдыкцыі па палітычна матываваных справах — гэта развіццё дактрыны Вышынскага. Калі права з’яўляецца інструментам абслугоўвання інтарэсаў кіруючага класа. Калі ў часы Вышынскага кіруючым класам былі працоўныя і сяляне, то зараз ўсё тое ж самае, але ў дачыненні да пэўнай часткі кіраўніцтва краіны. Гэтыя працэсы маюць ухіл карны, казаць аб спаборніцтве бакоў у межах гэтага працэсу паміж пракурорам і адвакатам не даводзіцца. Казаць, што адвакат у межах гэтага працэсу мае дастатковы аб’ём магчымасцяў, таксама не даводзіцца — часам суд, выносячы рашэнне, ігнаруе тыя доказы, прадстаўленыя адвакатам, альбо дае ім неадпаведную ацэнку. Больш за тое — беларуская адвакатура не мае магчымасцяў для самастойнага збору доказаў, што аслабляе крымінальны працэс з пункту гледжання роўнасці пазіцый абароны і абвінавачвання і пазбаўляе судовы працэс спаборніцтва. Тое, што мы бачым па палітычна матываваных справах, гэта, відавочна, неправавое правасуддзе. Гэта — палітычна матываванае правасуддзе. І гэта вельмі сур’ёзная праблема ўвогуле для правасуддзя ў Беларусі, бо бясследна такія рэчы не праходзяць. Дастаткова вялікая колькасць суддзяў праходзяць праз гэтыя жорны неправавых рашэнняў і гэта праблема для судовай сістэмы. Бо судовая сістэма ў гэтым выпадку перастае нават усведамляць сябе, як незалежную ветку ўлады. Фактычна — прымае на сябе функцыю фармальнага палітычнага карніка. І аднаўляць незалежную судовую уладу, аднаўляць давер людзей да судовай сістэмы будзе вельмі складана. Прасцей яго не губляць. Але момант гэтай згубы ўжо пройдзены. І я б на месцы прадстаўнікоў судовай улады сур’ёзна задумалася — што з гэтым рабіць.

 
Еўрарадыё: Вось толькі, ці будзе які сэнс ад гэтых іх роздумаў? Што ў такой сітуацыі можа змяніць той жа старшыня Вярхоўнага суда?

Алена Танкачова: Нельга пра ўсіх думаць выключна як аб вінціках. Гэтыя людзі атрымлівалі адукацыю, яны прымалі на сябе адказнасць судзіць. Меркавалася, што іх маральныя якасці адпавядаюць гэтай прафесіі. І я думаю, што тыя суддзі, якія пагаджаюцца на функцыю паслугача на палітычных працэсах, дастаткова некамфортна сябе адчуваюць. Бо ўнутраны канфлікт у такой сітуацыі непазбежны. І ніколі не позна адмовіцца здзяйсняць неправавыя ўчынкі. Для гэтага не трэба быць героем. Дастаткова ўзгадаць: для чаго ты прыйшоў у гэтую прафесію, што ў краіне ёсць Канстытуцыя і закон. І пачаць прымяняць права ў адпаведнасці з яго прызначэннем, а не ў мэтах знішчэння іншадумства.


Еўрарадыё: На судзе над “тэрарыстамі” мы назіраем дзіўную метамарфозу стаўлення некаторых сведкаў-пацярпелых да абвінавачаных. Чаму, на ваш погляд, асобныя сведкі спачатку выказваліся супраць смяротнага пакарання, а зараз увогуле ледзь не бароняць абвінавачаных ад суда?

Алена Танкачова: Калі ўзгадаць 11 красавіка, выбух у метро, то найперш мы бачым стрэс і шок у грамадстве. І амаль імгненная рэакцыя недаверу дзяржаве. Адразу з’яўляюцца вялікія сумневы, што гэта справа рук тэрарыстаў. Нягледзячы на тое, што яны дастаткова хутка схопленыя і, здавалася б, выдатна спрацавала праваахоўная сістэма. Але замест таго, каб адзначыць пазітыў у працы праваахоўнікаў, грамадства кажа: “А мы не верым! Нешта тут не тое. І гэта неяк не так, і тое неяк не гэтак” ... Тое ж зараз адбываецца ў судзе. І справа тут нават не ў самім судзе. Проста людзі зараз успрымаюць суд, як элемент дзяржавы. І вось як адразу пасля тэракта ўзнік недавер да дзяржавы, так ён зараз і рэтранслюецца ў судзе. Я не думаю, што тыя ж сведкі і пацярпелыя сапраўды свядома выступаюць за адмену смяротнага пакарання альбо за ўвядзенне інстытута прысяжных. Гэтыя пытанні з боку сваякоў пацярпелых прагучалі, але я не думаю, што яны насамрэч з’яўляюцца прыхільнікамі гэтых змен. Тым не менш, людзі, якія бяруць удзел у судовым працэсе, бачаць нейкую непрапарцыянальнасць, якая выклікае ў іх сумнеў не ў адносінах да патэнцыйных тэрарыстаў, а ў адносінах да дзяржавы — павялічваецца недавер да дзяржаўнай сістэмы. Гэта нешта накшталт “сіндрому парфумера” — калі вялікая колькасць людзей, у адносінах да якіх былі здзейсненыя страшэнныя рэчы, пачынаюць любіць чалавека, які забіваў іх дзяцей, пачынаюць бачыць у ім не злачынцу, а ахвяру. Тое, што адбываецца на судзе над “тэрарыстамі” — пацвярджэнне таго, што грамадства не верыць уладзе. Як бы ўлада не спрабавала з’імітаваць масавы давер людзей да сябе. Час спыніць аднабаковую падачу інфармацыі, час спыніць манаполію на меркаванне. У адваротным выпадку, узмацняцца будзе тэндэнцыя недаверу. І перарастаць яна будзе ў патэнцыйна пратэстныя формы ў адносінах да ўлады. На розных узроўнях кіравання: ці то судовая галіна ўлады, ці то выканаўчая, ці то заканадаўчая. Гэта ўмацаванне крызісу ў грамадскай свядомасці і ні да чаго добрага такія рэчы не прыводзяць. Уладзе неабходна паглядзець на сябе крытычна і падумаць пра тыя паступовыя змены, на якія гэтая ўлада сёння здольная.

Еўрарадыё: Зараз ідзе суд над вашым калегам праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Доўгія гады ён раіў людзям, як лепшым чынам бараніць свае інтарэсы ў судзе. Зараз яму даводзіцца бараніцца самому. Як, на ваш погляд, у яго гэта атрымліваецца?

Алена Танкачова: Паводзіны Бяляцкага на гэтым працэсе, найперш яго псіхалагічны стан, яго здольнасць канцэнтравацца, яго паслядоўнасць у межах той лініі абароны, якая была абраная ім і адвакатам, выклікаюць каласальную павагу. Для мяне гэта сапраўдны майстар-клас. На жаль, ён не ігравы, а вельмі нават рэальны. Спрабуючы прадэманстраваць беларускаму суду, беларускаму грамадству, міжнароднай супольнасці сваю адданасць праваабарончай дзейнасці, Бяляцкі выконвае вельмі важную гуманітарную місію. Але я разумею, што гэта можа прывесці да рэальнага крымінальнага тэрміна. Мне хацелася б верыць, што Бяляцкі выйдзе з залы суда свабодным чалавекам. Але пры той сітуацыі, якая склалася ў судовым працэсе, гэта вера становіцца слабейшай.

Еўрарадыё: Калі б на судзе над Алесем Бяляцкім і па справе аб тэракце ў метро былі прысяжныя як бы, на ваш погляд, мог бы ісці судовы працэс?

Алена Танкачова: З прысяжнымі не ўсё так проста. Прысяжныя працуюць з такой матэрыяй, якая называецца “абгрунтаваныя сумненні”. Яны працуюць не з інтэрпрэтацыяй закона, а з катэгорыямі “веру — не веру”. І калі ў судзе ёсць спаборніцтва бакоў, то прысяжныя могуць выканаць сваю функцыю. Але калі спаборніцтва бакоў у судовым працэсе няма, калі мы маем інстытуцыянальна слабую пазіцыю адваката і відавочна карную пазіцыю пракуратуры, то для прысяжных гэта — складаная гісторыя. Бо бакі не роўныя ў магчымасцях прадставіць аргументы. Таму існаванне прысяжных без сістэмных зменаў у судовай сістэме, без планамернай і збалансаванай судова-прававой рэформы не мае сэнсу. А рэформа павінна быць скіраваная на ўмацаванне незалежнасці адвакатуры, надзялення адвакатуры большымі працэсуальнымі магчымасцямі, на ўмацавання незалежнасці самой судовай сістэмы, на адмову той савецкай сістэмы, калі права — інструмент улады. Інакш сам па сабе інстытут прысяжных нічога не вырашыць. Гэта будзе яшчэ адна дэкарацыя на судовым працэсе. Без пералічаных рэформ з’яўленне ў зале суда гэтых цывільных людзей для ўдзелу ў здзяйсненні правасуддзя не дапаможа вырашыць сістэмныя праблемы беларускага правасуддзя. А гэтыя праблемы для прафесіяналаў відавочныя, відавочныя для, я мяркую, і самой судовай сістэмы. А калі сюды дадаць недавер людзей да судовай сістэмы, то разам мы маем сур’ёзную падставу каб задумацца і пачаць рэформы.

Еўрарадыё: Складваецца ўражанне ад нашай размовы, што хадзі ты да адваката, ці не, звяртайся па дапамогу да праваабаронцы, ці не звяртайся, спрабуй нешта даказаць нешта ў судзе, ці маўчы зробяць так, як некаму захочацца...

Алена Танкачова: Калі б я мела такі песімістычны настрой, то я б проста не займалася праваабарончай дзейнасцю. Хай мы не бачым імгненна выніку ад нашай працы, хай нам давядзецца займацца гэтым яшчэ доўгія гады, але мы будзем працягваць рабіць сваю справу. Гэта складана, бо хочацца бачыць вынік хутчэй. Але мы павінны пераконваць людзей у неабходнасці паслядоўна адстойваць свае правы. Усё адно запрашаць адваката ў суд — хай у суддзі не будзе магчымасці вынесці падрыхтаванае рашэнне за 5 хвілін. Хай адвакат дабіваецца таго, каб судовае пасяджэнне хаця б набліжалася да нармальнага. Гэта ўсё проста неабходна прымусіць працаваць. І без паслядоўнай упэўненасці чалавека ў тым, што хай не сёння, але яго дзеянні па адстойванню сваіх правоў будуць мець вынік, можа і праз некалькі гадоў мы наблізім гэтыя змены. Таму я веру, што робячы ўсё гэта, змагаючыся за свае правы, мы набліжаем змены.

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.