Гаворыш па-беларуску? Заплаці штраф!
Моладзевы актывіст Андрэй Падаляк распавёў аб “здарэнні”, адбыўшымся з ім на гэтым тыдні: “Непасрэдна перад затрыманнем я размаўляў на вуліцы па тэлефоне з жонкай. Пры чым на роднай, беларускай мове, што чамусці выклікала ўвагу мінаючых супрацоўнікаў міліцыі. Я проста ўпэўнены, калі б з маіх вуснаў лілася расейская мова, “вартаўнікі правапарадку” нават не паглядзелі бы ў мой бок.”
Суддзя Ленінскага раёну Магілеву, Станіслаў Шандаровіч, залічыў сведчанні міліцыянтаў Гардзея і Кандраццева, выступаўшых у ролі сведак у судзе, дастатковымі і праўдзівымі для прыняцця рашэння. Сведкі адзінадушна зазначылі, што Падаляк знаходзіўся на прыпынку грамадзкага транспарту ў нецвярозым стане. Пры чым, заўважце, “нецэнзурна лаяўся, крычаў, размахваў рукамі і г.д”. Пасля чаго супрацоўнікі праваахоўных ворганаў даставілі “парушальніка” ў пастарунак.
Працэдуру тэставання на наяўнасць стану алкагольнага ап’янення міліцыянты рабіць не сталі, але затое паступіла прапанова здаць адбіткі пальцаў, на што актывіст даў адмоўны адказ. Пасля чаго, падрыхтаваны да працэдуры праваахоўнік правёў валікам з фарбай па твары затрыманага. Калі Андрэй паспрабаваў сцерці сляды фарбы з твара, міліцыянты схапілі яго за рукі і за ногі і акунулі галавой ва ўнітаз.
На судзе Андрэй Падаляк адзначыў супрацьпраўныя паводзіны і ілжэсведчанні супрацоўнікаў міліцыі. У дадатак, выступіўшая ў якасці сведкі ў судзе дзяжурны фельдшар падцвердзіла, што Падаляк знаходзіўся ў адэкватным цвярозым стане.
Нягледзячы на гэта, суддзя аштрафаваў Андрэя на 15 базавых велічыняў, што на дадзены момант складае 525.000 рублёў.
Пацярпелы за мову Андрэй Падаляк падаў скаргу на дзеянні міліцыянтаў і вырак суду ў Магілёўскі абласны суд.
Post new comment