Рэха Плошчы-2010
Cпoўніўся год, як у Беларусі прайшлі выбары прэзідэнта, якія завяршыліся жорсткім разгонам мітынгу супраць фальшавання вынікаў выбараў на плошчы Незалежнасці. За ўдзел у акцыі было арыштавана каля 700 чалавек. 40 чалавек у тым ліку кандыдаты на прэзідэнта патрапілі пад крымінальны пераслед. Дагэтуль у зняволенні знаходзяцца былыя кандыдаты Мікола Статкевіч і Андрэй Саннікаў, а таксама маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, паплечнік Саннікава Зміцер Бандарэнка і сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Разгон Плошчы даў пачатак жорсткім рэпрэсіям беларускіх уладаў супраць грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У офісы незалежных СМІ і праваабарончых арганізацый, ў палітычныя штабы былых кандыдатаў прыйшлі з ператрусамі.Сотні дэмакратычных актывістаў з рэгіёнаў таксама прайшлі праз арышты і ператрусы, зведалі адміністрацыйны пераслед. Шмат каго ўлады пазбавілі права на працу і вучобу.
Атмасферы страху ў грамадстве супрацьстаяла беспрэцэдэнтная хваля салідарнасці з вязнямі. Улетку актывізаваўся рух «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», так званыя маўклівыя акцыі.
Руслан Усціменка: “Я зразумеў, што такое сапраўдная чалавечая салідарнасць”
Студэнт-філолаг Гомельскага універсітэту атрымаў найбольшы ў Беларусі тэрмін адміністрацыўнага арышту за ўдзел у сёлетніх маўклівых акцыях пратэсту па краіне. Агулам ён атрымаў 30 сутак.
Сёння Руслан узгадвае пра гэты перыяд свайго жыцця:
“Жаданне падаць свой голас і нагадаць пра сябе, як аб грамадзяніне, прыйшло толькі тады, калі думка пра тое, што ў маёй краіне прымаюцца нелагічныя рашэнні, ад якіх залежыць мой камфорт і напоўненасць майго халадзільніка, змянілася разуменнем мэтаў, якія пераследуюцца такімі рашэннямі. Убачанае 19 снежня 2010 не толькі пацвердзіла вернасць высноў, да якіх прыйшоў напярэдадні, але і ўразіла спосабам дасягнення гэтых мэтаў.
Гледзячы ў тэлеэкран, сапраўды, не складана паверыць і ў эфектыўную эксклюзіўную эканамічную мадэль, і ў пастаяннае паляпшэнне якасці жыцця грамадзян. І толькі адарваўшыся ад казачнага малюнка і ацэньваючы знаёмую асабіста сітуацыю, пачынаеш заўважаць неадпаведнасці: бацькі - жыхары горада, г.зн. “паразіты”, і пры гэтым чамусьці працуюць 24 дня ў месяц, а ў выходныя «добраахвотна» йдуць на суботнік - абмеркаванню не падлягае, бо як-ніяк падпісанне штогадовага кантракту ўжо хутка. Паляпшэнне якасці жыцця можа быць у кагось і адбылося, але бачу, як мае суседзі робяць покупкі, вышукваючы найтаннейшыя.
Гэтым летам з’явіўся слушны, як мне спачатку здалося, спосаб выказаць сваё стаўленне да сітуацыі, якая не збіраецца змяняцца ў краіне. Не ў фэйсбуку і нават не на кухні выказаць сваю нязгоду.Тым больш для гэтага не трэба ехаць у Мінск, а досыць было дабрацца да цэнтральнай плошчы майго горада і моўчкі пашпацыраваць.
Збольшага дзіўна было не ўбачыць там падвыпіўшых працаўнікоў заводаў, якіх у Гомелі не мала, бо гэта яны бясстрашна лаюцца з кандуктарам ва аўтобусе пры чарговым падаражэнні праезду. Але больш дзіўным здалася колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іх цікаўнасць тым, што я тут раблю, нават у той час, калі я стаяў у чарзе за квасам. Пасля чарговага пытання паступіла запрашэнне прайсці ў службовы аўтобус супрацоўнікаў міліцыі, і якое ж было маё здзіўленне, калі мая згода праз 15 гадзін не проста ператварылася ў адмову, але яшчэ і дапоўнілася нецэнзурнай лаянкай і размахваньне рукамі, па словах сведак абвінавачвання ў судзе.
Праз некалькі дзён мае сябры, знаёмыя і незнаёмыя дапамагалі збіраць грошы на выплату штрафу ў памеры 770 тыс., выпісанага мне за правапарушэнні, якія я не здзяйсняў. За 6 гадзін мы сабралі каля 1,5 млн. бел.руб. Што я лічу выдатным паказчыкам салідарнасці і падтрымкі.
Пытанне аб удзеле ў маўклівай акцыі ў наступную сераду перада мной не стаяла. Матэрыяльная падтрымка пры выплаце штрафу і маральная падтрымка ад зусім незнаемых людзей, якія неслі да мяне ў ізалятар паштоўкі і перадачы, дапамаглі пасля сутыкнення з беззаконнем і несправядлівасцю. Таму і пасля наступнага затрымання, на гэты раз людзьмі ў цывільным, перакананасць у тым, што мы змагаемся за слушную справу, толькі ўзрасла. Магчыма, гэтая ўпэўненасць і справакавала рэжым на яшчэ больш беспрынцыповае прыняцце мер для майго запалохвання, што выявілася ў яшчэ адным затрыманні і ўжо трэцім абвінавачванні ў выкарыстанні нецэнзурнай лаянцы ў грамадскіх месцах. Толькі на гэты раз затрымалі днём і ў самы звычайны выхадны, пабудаваўшы абвінавачванне на гэткіх непраўдападобных і смехатворных сведкавых паказаннях, што суддзя не змог і вачэй падняць, каб ўстрымацца ад смеху.
Вынік: 30 сутак праведзеныя ў ізалятары часовага ўтрымання, кантынгент якога складаецца ў большасці з алкаголікаў, але трапляюцца і наркаманы і выпадковыя людзі, якія апынуліся не ў тым месцы і не ў той час. Не дазволіла падаць духам і падымала настрой думка, што я знаходжуся ў несвабодзе для свабоды, ўсведамленне таго, што за сценамі па-ранейшаму ідзе барацьба і што з таго боку зараз магчыма яшчэ складаней. Праўда, бясконцая колькасць пытанняў, якія ўзнікаюць у галаве часам падоўгу не давалі заснуць. Мне не дазвалялі зрабіць тэлефонны званок, тым самым пагоршаючы перажыванні за таварышаў і яшчэ больш за бацькоў, бо іх цалкам маглі звольніць з працы, нягледзячы на бездакорны стаж у некалькі дзесяцігоддзяў. Апраўдаліся мае асцярогі аб пагаршэнні здароўя маці, бо яе прыкладны сын-студэнт знаходзіўся ў месцы, дзе не бывалі нават самыя заўзятыя хуліганы.
Нягледзячы на ўсе мае перажыванні і пазбаўлення, перанесеныя за гэтыя 30 сутак, я ні пра што не шкадую. Я зразумеў, што такое сапраўдная чалавечая салідарнасць. Памяць аб падтрымцы знаёмых і незнаёмых людзей лепш любых слоў нагадвае аб тым, што на маім месцы мог апынуцца кожны і барацьба будзе працягваецца.
Гомельскі грамадзкі актывіст Петр Кузняцоў:
“Магу сказаць, што тое, што адбылося з Русланам Усціменка, гэта поўнае бязмежжа беларускай "прававой" сістэмы. На самом судзе мы назіралі фарс: спецназаўцы абгаварылі чалавека, а "суд" нават не стаў слухаць альтэрнатыўных сведак, якіх было нямала.
Думаю, з Руслана тады зрабілі своеасаблівы "прыклад", на якім улады паказвалі ўсім удзельнікам пратэстаў, што у выпадку актыўнасці можа быць кепска. Таму і пакаранне такое жорсткае. Для беларускіх уладаў чалавек, яго жыццё, перажыванні і эмоцыі - пусты гук”.
Post new comment