Рэха Плошчы-2010. Студэнцкая салідарнасць у дзеянні.
Паводле інфармацыі Камітэта “Салідарнасьць” пасля падзей 19 снежня 2010 года каля 70 чалавек звярнуліся па дапамогу ў сувязі з пагрозай адлічэння з вучобы пасля адміністрацыйнага пакарання. На працягу 2010 года з вышэйшых і сярэдніх-спецыяльных навучальных устаноў было адлічана 43 чалавекі. Большасць з іх працягнула навучанне па стыпендыяльнай праграме імя Кастуся Каліноўскага ў Польшчы. Але ёсць прыклады, калі беларускія студэнты, дзякуючы падтрымцы праваабаронцаў і студэнцкай салідарнасці, здолелі аднаўляцца на вучобу ў тыя навучальныя ўстановы, якія іх адлічылі.
Да іх належыць Алесь Крот, студэнт будаўнічага факультэта БНТУ.
У лютым 2010, за дзень да свайго адлічэння Алесь меў размову з дэканам факультэта і ягоным намеснікам па завочным навучанні. Падчас гутаркі Алесю задавалі пытанні з нагоды таго, чым ён займаецца, і казалі, што бачаць праблему менавіта ў яго грамадскай дзейнасці.
Прафгрупа «Студэнцкая Рада», членам якой з'яўляецца Алесь, разам з Міжнароднай сеткай па правах студэнтаў зладзіла інфармацыйную кампанію супраць адлічэння Алеся. Актывісты прафгрупы абыйшлі амаль усіх чыноўнікаў універсітэта і нават дасылалі скаргі ў Міністэрства адукацыі.
-Алесь, раскажыце, з якіх этапаў складалася кампанія студэнцкай салідарнасці?
-Наша прафсаюзная група «Студэнцкая Рада» распрацавала план падтрымкі па трох накірунках.
Першым была падтрымка, арганізаваная ў самім ўнівэрсітэце.
Яшчэ нават да атрымання на рукі загада аб адлічэнні з ВНУ, мы сабралі групу сяброў і неабыякавых людзей, якія займаліся разам са мной паходамі па шматлікіх кабінетах адміністрацыі БНТУ. Зроблена гэта было не толькі для маральнай падрымкі, але яшчэ й для ціску на адміністрацыю (кшталту, паглядзіце, гэтая справа не застанецца без увагі грамадскасці).
Гэта неабходна таксама і для атрымання большага аб'ёму інфармацыі, бо калі ты ходзіш адзін, то некаторыя моманты можаш недаацаніць у стане «афекту», альбо проста не заўважыць.
Пры гэтым значную ролю адыграла тое, што я з'яўляюся членам незалежнага прафзвязу Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і меў права хадзіць у адміністрацыю са сваім прадстаўніком. Улічваючы тое, што маім прадстаўніком быў мужчына 40 год з юрыдычнай адукацыяй, прарэктары не маглі ўжо сабе дазволіць таго, чаго-б маглі ў выпадку прыёму мяне аднаго.
Пры гэтым, забягаючы наперад, пасля мы маглі выкарыстаць на судзе каго-небудзь з гэтай группы падтрымкі, каб ён стаў сведкай па справе аб адлічэнні й змог засведчыць факты парушэнняў, якія былі пры паходах да прарэктараў і рэктара. У любым выпадку, усё гэта было зроблена для надавання большай галоснасці справе.
Другім накірункам была падрымка на рэгіянальным, нацыянальным і міжнародным узроўне.
Мы паставілі мэту дамагчыся міжнароднай падтрымкі й асвятлення падзей у СМІ. Мы пісалі шматлікія прэс-рэлізы ў СМІ, пісалі лісты падтрымкі й прасілі дапамогі ў простых людзей, таксама студэнтаў альбо проста неабыякавых людзей, прасілі тэлефанаваць у дэканат для высвятлення незразумелых фактаў адлічэння.
Грамадскія актывісты, якія збольшага ўваходзяць у Міжнародную сетку па правах студэнтаў ізноў-жа паведамлялі адміністрацыі БНТУ, што маё адлічэнне знаходзіцца на прыкмеце не толькі ў Беларусі, але й у Расеі, Украіне. Гэты факт, дарэчы, прадстаўнік БНТУ адзначыў у судзе: нібыта я «клевяшчу» на свой унівэрсітэт, баламучу. Таксама непасрэдна перад судом мы склалі адмысловы ліст, які разаслалі унівэрсітэтам-партнэрам БНТУ у іншых дзяржавах, дзе прасілі паўздзейнічаць на беларускі ўнівэрсітэт, калі ім «не чужыя» дэмакратычныя каштоўнасці. Але, шчыра кажучы, я не ведаю дакладна, ці шмат хто з іх паўдзельнічаў. Але галоўнае, што гэта быў адзін с абсалютна законных сродкаў уздзеяння на адміністрацыю.
Трэцім накірункам прыкладання намаганняў была арганізацыя падтрымкі ў Савецкім судзе.
Калі стала зразумела, што адміністрацыя не адмовіцца ад сваіх неправамерных дзеянняў, і справа дойдзе да суду, вельмі важна было паказаць судзьдзі, што мой лёс неабыякавы для многіх людзей. Таму былі запрошаны ізноў-жа людзі, якія дапамагалі ў час рэалізацыі грамадскай кампаніі, а таксама сябры, чальцы МПГ «Студэнцкая Рада» і многа хто іншы. Такім чынам на судзе заўжды прысутнічала вялікая купа людзей колькасцю да 20 чалавек. А гэта, сапраўды, вялікая колькасць. Гэта таксама мела свой уплыў на судзьдзю.
-Раскажыце, якім чынам была збудавана юрыдычная абарона вашых інтарэсаў?
-Мае інтарэсы прадстаўляў юрыст прафзвязу РЭП. Я і мае сябры з Рады зрабілі гэты выбар па наступных прычынах:
Па-першае, я з'яўляюся членам гэтага прафзвязу.
Па-другое, непатрэбны дадатковыя паперы альбо дамова з юрыстам для прадстаўлення ў судзе інтарэсаў заяўніка (акром даведкі, што я знаходзіўся на момант суду ў складзе прафзвязу), бо па закону інтарэсы можа прадстаўляць юрыст прафзвязу.
Па-трэцяе, гэты юрыст адзін з нешматлікіх дапамагаў практычна з самага пачатку, і не патрэбна было дадаткова ўводзіць у курс справаў, ён сам бачыў на ўласныя вочы ўсю склаўшуюся сітуацыю.
Пасля амаль 4 месяцаў інфармацыйнай кампаніі і юрыдычнай абароны, ўсе маі патрабаванні судом Савецкага раёну былі задаволены. Адразу пасля заканчэння працэсу я папрасіў даслаць мне матывіровачную частку рашэння суду. Загад рэктара аб адлічэнні быў прызнаны незаконным, я быў адноўлен на 2 курс будаўнічага факультэта і мне былі кампенсаваныя ўсе судовыя выдаткі.
-Як вы мяркуеце, ці можа станоўчы прыклад з вашым аднаўленнм на вучобе быць карысным для іншых?
-Улічваючы сённяшні стан прававой і судовай сістэмаў, вельмі цяжка адказаць адназначна пра вынік справы, падобнай на маю. Канешне, выпадак ад выпадку адрозніваецца.Калі будзе замова «зверху», то вырак будзе не на карысць студэнта.
Аднак не трэба адмаўляць таго факту, што нягледзячы ні на што, такога кшталту шырокія кампаніі ў абарону інтарэсаў студэнта, як у маім выпадку, маюць вялікі ўплыў на вырашэнне справы.
Што тычыцца іншых студэнтаў, якія мелі падобныя праблемы з вучобай з-за грамадзянскай актыўнасці, то магу сказаць, што да нас у «Студэнцкую Раду» апошнім часам, на вялікі жаль, ніхто не звяртаўся. Нядаўна толькі адна дзяўчына папрасіла дапамогі, аднак справа не па нашай віне зацягнулася, дый пры гэтым яна сама не верыць у магчымасьць дабіцца справядлівасці. Вось такое замкнёнае кола: шмат хто не верыць у сваю моц , нават не пачаўшы актыўна сябе абараняць. Калі чалавек не жадае сам сябе абараняць, а толькі прыходзіць і кажа «Дапамажыце мне!», то нічога добрага з гэтага не выйдзе. Мы можам разам змагацца за справядлівасць, але калі сам чалавек не гатовы, то супрацоўніцтва наўрад ці атрымаецца карысным.
Галоўнае, каб самі студэнты не баяліся й не пераходзілі ў пасіўную пазіцыю: трэба па кроплі выцісківаць з сябе страх і савок, і да канца змагацца за свае законныя правы й справядлівасць. Іначай далёка мы не з'едзем, а развіццё студэнцкага асяродку як прагрэсіўнай часткі грамадства адкладзецца яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў.
Post new comment