Бацькі вывучаюць правы чалавека
«Праваабарончая школа» для бацькоў грамадскіх актывістаў распачала новы цыкл заняткаў у студзені. Яны былі былі падрыхтаваны «Бацькоўскай ініцыятывай» Камітэта «Салідарнасьць.
- Першыя сесіі «Праваабарончай школы для бацькоў» мелі станоўчыя вынікі два гады таму, - адзначыла старшыня Камітэта Іна Кулей.- Бацькі палітычна актыўных маладых людзей набылі досвед у галіне правоў чалавека і рэалізавалі яго ва ўласныя грамадскія ініцыятывы, якія мелі мэтай высвятленне грамадскай думкі па тэме стварэння прафесійнага войска і альтэрнатыўнай службы, абароны правоў маладых інвалідаў на вышэйшую адукацыю, добраўпарадкавання мікрараёнаў і іншым.
Трэнінгі з удзелам юрыстаў і праваабаронцаў былі вельмі плённымі, і цяпер мы маем намер перанесці досвед працы школы на рэгіянальны ўзровень. Мы запрасілі на семінар ўдзельнікаў з Гародні, Віцебска, Магілёва, ў наступныя разы плануем зрабіць школу выязной.
Першыя заняткі новай сесіі па тэме «Уводзіны ў правы чалавека: асноўныя паняцці і падходы да дзейнасці» правялі юрыст Цэнтра Прававой Трансфармацыі Вольга Смалянка і палітолаг Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Юры Чавусаў.
Гаворка йшла аб тым, як ва ўмовах сучаснага беларускага стану грамадства абараніць інтарэсы асобы ад свавольства дзяржавы:«Грамадскія актывісты маюць вялікі шэраг
эфектыўных спосабаў уздзеяння дзеля вырашэння хвалюючых іх пытанняў, такіх як збор подпісаў, накіраванне петыцый і зваротаў, перформанс, пікет, мітынг, разнастайныя асветніцкія, агітацыйныя захады».
На пачатку заняткаў кожны з удзельнікаў распавёў пра уласны досвед грамадскай дзейнасці ў рэгіёнах:
Наталля Шкадун, шматдзетная маці (Магілёў)
- Ганаруся тым, што маю пяцёра дзяцей. У канцы мінулага года мне ўдалося пасля галадоўкі рэалізаваць свае права на атрыманне жылля. Я адстаяла ў чарзе больш за 20 гадоў. Мне удалося атрымаць 2 кватэры, на якія я мела права па закону. Але зараз зноў даводзіцца змагацца з бюракратыяй і чынавенствам ў сувязі з адсутнасцю камунікацый ў новым мікрараёне, падыходаў да пад'ездаў, адсутнасцю дзіцячага садка і крамы. . Ужо дапамагла жыхарам новага мікрараёну дамагчыся пабудовы зручнай дарогі да прыпынку транспарту.
Зусім нядаўна я выграла суд. Мне удалося адмяніць рашэнне Камісіі па справах непаўнагадовых у дачыненні да майго сына, які вучыцца ў 11 класе. Мне прынеслі выбачэнні.
Ларыса Кіркевіч (Гародня) –Імкнуся чым магу дапамагчы моладзевым ініцыятывам
у абарону старадаўняй забудовы, паркаў, сквераў і помнікаў прыроды, якія дзейнічаюць у Гародні. Моладзь часта штрафуюць за такія учынкі, у той жа час работнікі Гарвыканкаму і ЖЭСаў абараняюць сваю пазіцыю розныміі інструкцыямі.
Сын Алесь Кіркевіч пасля вызвалення з вязніцы піша кнігу пра ўсё, што яму давялося перажыць, займаецца журналістыкай.
Яшчэ язаймаюся з людзьмі пенсійнага ўзросту пытаннямі абароны іх правоў.
Таццяна Кім (Мінск) - Мы збіраемся з іншымі жанчынамі каля Чырвонага касцёла і молімся за вызваленне палітзняволенных. Я патрапіла ў асяродак тых, хто спачувае і імкнецца дапамагчы. Мы думаем аб тым, каб стварыць новы сайт, дзе б паведамлялася аб лёсе ўсіх тых маладзёнаў, нават зусім невядомых, якія трапляюць на Акрэсціна.
Мне хацелася б, каб людзі не пакутвалі, не сядзелі ў турмах, каб ніхто з пацярпелых не застаўся без увагі.
Міхась Гіль (Паставы) - Мы маем моцную суполку ТБМ у Паставах, дзе працуем з моладдзю, прапагандуем вывучэнне гістарычнай спадчыны і пашырэнне ўжытку роднай мовы. Мне удалося выдаць дзевяць кніг па гісторыі і краязнаўству, адрэдагаваць каля 40 твораў. Дачка Алеся вучыцца ў Гжэшуве па праграме Каліноўскага, вучыцца добра, абараніла бакалаўрскую ступень, перайшла на магістарскую. Лічу неабходным падтрымліваць яе імкненне атрымаць добрую адукацыю дзеля будычыні Беларусі.
Ірына Вярбоўская (Мінск) - У маладосці я далучылася да «Талакі» і зараз застаюся на беларускім незалежніцкім шляху, гэта дае мне моц і пітае мой дух станоўчымі ідэямі, дае трываласць.
Дачка Надзея вучылася ў Беларускім нацыянальным ліцэі імя Коласа, цяпер набывае адукацыю ў накірунку культуралогіі па Праграме К.Каліноўскага ў Гданьскім універсітэце.
Спадзяюсь, заняткі ў прававой школе дапамогуць мне ў памкненні падтрымліваць у блізкіх асяродках у гэты складаны час нейкія агульначалавечыя каштоўнасці: справядлівасць, узаемапавагу, любоў да людзей.Лічу гэта вельмі важным для нашага грамадства сёння.
Post new comment