Школы пераводзяць на … “платныя паслугі”
Віцебскія настаўнікі распавядаюць, як трэба хітраваць, каб крыху зарабіць. Не для сабе канешне – у школьных інтарэсах.
- Надыйшлі маразы, а дзеці больш не могуць заставацца пасля заняткаў на мастацкі гурток. Ім хочацца да дому, пагуляць на вуліцы, пакуль яшчэ зусім не схаладзела. Што я буду рабіць, калі зусім не здолею зараз сабраць дзяцей? – разважае настаўніца адной з віцебскіх школ.
Яе гурток – гэта так званая “платная паслуга”, ажыцяўляць якую школы павінны ў абавязковым парадку. Пры гэтым, няма ніякае розніцы, што гэта павінны быць за паслугі, галоўнае, каб за іх плацілі.
- Мой гурток зусім танны, кошт занятка складае ўсяго 5 000. Але колькі пакладзена працы, каб сагітаваць дзяцей яго наведваць! Гэта пры тым, што гурток магчыма распачаць выключна ў выпадку наяўнасці 6 ахвотных. Пакуль у мяне 8 “згуртаваных”, калі раптам яны разбягуцца – наўпрост адбудзецца катастрофа! На кожнай настаўніцкай нарадзе нам нагадваюць: “Вы павінны зарабляць грошы для школы!” – працягвае педагог.
Грашовыя сродкі бацькі вучняў пералічваюць на рахунак аддзелу адукацыі, пасля чаго яны размяркоўваюцца па школах. Але зусім не на карысць настаўнікаў, якія ладзяць заняткі, а на патрэбы школ.
Школы перавялі на “самаакупальнасць”. Калі раней сродкі на рамонт даху выдзяляліся з гарадзкога скарбу, зараз сцвярджаюць, што школы павінны шукаць іх самастойна. Напрыклад. знайсці спонсара. Ці арганізаваць так званы “добраахвотны збор бацькоўскіх ахвяраванняў”, - слова “добраахвотны” настаўніца адной са школ Воршы вымаўляе з засмучаннем.
І па-настаўніцку дакладна і падрабязна тлумачыць:
- У нас ладзяць платныя заняткі па розных прадметах, нават арганізаваны курсы гры на розных музычных інструмантах, адбываюцца платныя дыскатэкі – то бок прыдумляецца нейкая праграма, і тады гэта ўжо не толькі “танцы”, але “мерапрыемства”, на якое за даволі невялікія грошы могуць патрапіць навучэнцы не толькі нашай школы, але і суседніх. Гэтаксама мы спрабуем задзейнічацьць і бацькоў: у спартовай залі дзейнічаюць платныя спартовыя гурткі, у тым ліку і для дарослых. За дадатковыя платныя заняткі налічваюць дадатак да прэміі, але ж невялікі зусім. Адмовіцца ад гэтай “прапановы” даволі праблематычна – адразу будзеш мець праблемы з адміністрацыяй.
Дзеля таго, каб зарабіць грошы, настаўнікі Віцебскай вобласці спрабуюць зацікавіць платнымі заняткамі не толькі дзяцей, але і сваіх калег.
Пра падобнае “ноў-хаў” нядаўна распавяла абласная газэта “Народнае слова”: у Полацкім раёне настаўнікі ладзяць платныя “майстар-класы”, дзеляцца педагагічным досьведам са сваімі калегамі. То бок тое, што дагэтуль называлі “адкрытым заняткам”, зараз адбываецца на камерцыйнай аснове. Ахвотны можа адведаць занятак за 15-25 тысяч беларускіх рублёў. Паводле супрацоўнікаў раённага аддзелу адукацыі, гэта дапамагае “узвысіць зацікаўленасць настаўнікаў у прафесыйным удасканаленні, матываваць раскрыццё іх высокага творчага патэнцыялу.”
Настаўнікі кажуць , што ўсе яны “у адным чоўне”: усе разумеюць загадны лад прапановы ажыцяўляць платныя паслугі, і кожны вымушаны шукаць як мага больш “арыгінальна падыход” да гэтай праблемы.
Паводле Беларускіх рэгіянальных навінаў.
Post new comment