Маладыя праваабаронцы Беларусі: Наста Лойка

Яна працуе ў праваабарончым цэнтры «Вясна» , абараняе моладзь і ўсіх  рэпрэсаваных.
 
Вельмі часта Наста прысутнічае на судах, дзе вядзе маніторынг правапарушэнняў. Яна падтрымлівала ў судах сваіх маладых паплечнікаў Змітра Дашкевіча, Андрэя Кіма, Паўла Вінаградава, прысутнічала на працэсах па справе 19 снежня 2010 года, пераадольвала горы хлусні, падмацоўвала сяброў.
 

Нягледзячы на неаднаразовыя хвалі рэпрэсій, дзяўчына здолела атрымаць на Беларусі дыплом  юрыста ў БДУ.
 
 - Наста, раскажы, калі ласка, пра сябе,  пра захаплені дзяцінства і юнацтва…
 
 
-Нарадзілася ў 1989 годзе ў Менску, у дзяцінстве наведвала перыядычна розныя гурткі, але нейкае моцнае захапленне адзначыць не магу. Вельмі сябравала с суседзкім сабакам, які мяне праваджаў ў школу і часам сустракаў.
 
Ужо калі навучалася ў Юрыдычным каледжы БДУ, пачала вандраваць. З сябрамі мы марылі аб’ехаць усе цікавыя мясціны Беларусі, перыядычна аўтаспынам рэалізоўвалі гэтую мару. Не ўсё, безумоўна, паспелі, але спадзяюся, яшчэ знойдзецца час.
 
Асабліва нам падабалася Вязынка й Косаўскі палац каля малой радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Фатаграфаваць пачала прыблізна тады ж – трэба было неяк занатоўваць уражанні. З тых чысоў фатаграфія, насамрэч, адна з важных частак майго жыцця.
 
З заняткаў таксама спрабую трошкі пашыраць свае інтарэсы – вельмі хачу навучыцца рабіць нешта рукамі: вяжу спіцамі, пачала вучыцца вышываць беларускія ўзоры, у мэтах – навучыцца шыць і вышываць беларускія народныя вышыванкі.
 
- Хто з тваіх сяброў аказаў на цябе большы ўплыў? Як  далучылася да Маладога Фронту?
 
- Вялікі ўплыў на мяне аказалі мае сябры з каледжу – дзіўна было знайсці людзей, якіх турбуюць тыя ж праблемы, што й цябе. І паміж сабой мы пачалі размаўляць па-беларуску, што потым наклалася на штодзённае жыццё. Разам вандравалі, разам арганізоўвалі культурніцкія мерапрыемствы ў каледжы.
 
 Да МФ далучылася праз некалькіх знаёмых, мяне вельмі ўразілі маладафронтаўцы, калі патрапіла разам з імі на  ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну ў 2006 годзе. Зацікавілі там шэраг, у першую чаргу, культурніцкіх ініцыятыў младафронтаўцаў, а ў выніку -- занялася ў арганізацыі рэгістрацыяй і фатаграфаваннем.
 
У перыяд, калі я далучылася,  лідар МФ Зміцер Дашкевіч першы раз знаходзіўся ў калёніі, але астатнія мужна змагаліся за яго вызваленне й захаванне арганізацыі. Крымінальная справа па пяці менскіх маладафронтаўцах стала першым практычным досведам, хаця сама афіцыйнага статусу там я не мела.
 
У той час у мяне сышліся ўсе жыццёвыя аспекты: моўны, рэлігійны, юрыдычны, сяброўскі…
 
Нават зараз, праз колькі гадоў з моманту сыходу з МФ, у мяне захаваліся сябры, якіх як і ранней пераследуюць…
 
Перапісваюся і са зняволенымі зараз Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.
 
-А як прыйшла да праваабарончай дзейнасці?
 
- Яшчэ некалькі гадоў таму мне падавалася, што гэта была вялікая памылка ў 15 гадоў абраць юрыдычны напрамак вывучэння: тады яшчэ мала разумела пра характар і асаблівасці «прававой дзяржавы» ў Беларусі.
 
Пасля паседжання ў Вярхоўным судзе па нерэгістрацыі «Маладога Фронту» хацелася забраць дакуманты з каледжу, спыніў толькі адпачынак у аддзеле кадраў.
 
Але ўжо праз год з сярэдней спэцыяльнай адукацыяй я зразумела, што нават гэтымі ведамі можна прыносіць карысць і чагосьці дамагацца.
 
І вельмі пашанцавала, што першыя профільныя семінары па Правах Чалавека праводзіў знакаміты праваабаронца Андрэй Юраў, тады мая свядомасць перавернулася ды стаў зразумелы напрамак асабістага развіцця на бліжэйшыя годы.
 
Правы чалавека сталі для мяне асноўнай формай змагання з несправядлівасцю, якая адбываецца ў краіне. І хоць мы не можам сістэмна яшчэ мяняць сітуацыю, спрабуем хаця б змягчыць наступствы палітычных рэпрэсій. Для гэтага я амаль ніколі не выключаю тэлефон, і заўжды спрабую хутка дапамагчы людзям, у гэтым бачу сваё пакліканне.
 
- Ці не цяжка цябе, дзяўчыне, хадзіць на суды, дзе столькі бруду і ганьбы?
 
-У судах спрабую з’яўляцца максімальна рэдка – цяжкая ўстанова з псіхалагічнага пункту гледжання, асабліва калі судзяць тваіх сяброў, знаёмых, шэфа… Але каб нешта мяняць, трэба гэта даследваць, таму мэта апраўдвае псіхалагічныя няўтульнасці.
 
- Наста, як цебе ўдалося вучыцца ў БДУ, адначасова быць вельмі актыўнай і абараняць сваіх сяброў?
 
- Спачатку вучоба для мяне была важным працэсам атрымання ведаў, але пасля адчувальнага ціску на месцах вучобы ў 2008 годзе, пачала “змаганне за дыплём”, лічу атрыманне яго – невялічкай асабістай  перамогай.
 
Ніколі не варта апускаць рукі, бо гэтага ад цябе і чакаюць. І трэба не даваць нагодаў для зачэпак, бо й гэтага чакаюць. Пад такімі лёзунгамі я штурмавала каледж і ўніверсітэт усе гэтыя гады.
 
- Раскажы, калі ласка, пра апошнія падзеі ў дачыненні да праваабарончага цэнтра «Вясна». Што адбываецца цяпер з арганізацыяй у адсутнасці лідара Алеся Бяляцкага?
 
-Ужо амаль год Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме. Яго асноўны покліч да нас – працягваць агульную справу, што мы ўпарта працягваем рабіць штодзень, не зважаючы на перашкоды. Паколькі прысуд Алеся прадугледжвае канфіскацыю маёмасці, офіс у хуткім часе адбяруць, але гэта нас ні ў якім разе не спыніць – толькі створыць невялікія складанасці.
 
Нават зараз, за кратамі, спадар Алесь  дапамагае пераадольваць цяжкасці й дадае сілаў. Лічу Алеся адным з лепшых правабаронцаў у сучаснай гісторыі, асабліва ўражвае яго дзейнасць у межах місій іншых краінаў, дзе сітуацыя яшчэ горшая за нашую.
 
- У чым ты бачыш надзею і  якія арыентыры маеш для сябе на будучыню?
 
- Будучыня залежыць ад кожнага з нас. І тое, што ёсць шмат неабыякавых людзей, грэе душу й дадае надзеі на хуткія і эфэктыўныя змены. Мы маем багацейшую гісторыю й культурніцкія традыцыі, якія не знішчаюцца ніякімі рэпрэсіямі, бо яны – у душы народа.
 
Мае асабістыя арыентыры вельмі простыя: Верыць, Спадзявацца, Любіць, Заставацца сабой. І ісці намечаным шляхам.

 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.