Зміцер Дашкевіч этапаваны ў Віцебск

Палітвязень, лідар міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) Дзмітрый Дашкевіч этапаваны ў Віцебскі следчы ізалятар № 2, паведаміла БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Анастасія Палажанка.
Паводле яе слоў, пасля прысуду Глыбоцкага раённага суда, які 28 жніўня на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі № 13 Глыбокага (Віцебская вобласць) прызнаў Дашкевіча вінаватым у “злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” (частка 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса) і прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі, Дзмітрый павінен быць этапаваны ў іншую калонію. “Гэта звычайная практыка”, — сказала Палажанка.
Яна таксама паведаміла, што 3 верасня, напярэдадні этапу, Дашкевіча наведаў адвакат. “Ні пра што асаблівае яны не размаўлялі, развіталіся з Глыбокім, абмеркавалі бытавыя пытанні. Гэта своеасаблівая падтрымка перад этапам, — зазначыла Палажанка. — Этап — самае дрэннае ў жыцці зняволенага. Апошні этап у Віцебскае СІЗА для Саннікава і Дашкевіча быў сапраўдным катаваннем”.
Пісаць Дашкевічу зараз трэба на адрас: 210026 Віцебск, вул. Гагарына, 2, СІЗА-2. Дашкевічу Дзмітрыю Вячаслававічу.
Post new comment