50 гадоў Алесю Бяляцкаму.

Свой 50-гадовы юбілей славуты беларускі абаронца правоў чалавека, навуковец, пісьменнік і выбітны культурніцкі дзяяч сустракае за кратамі. Ён быў арыштаваны 4 жніўня 2011 году. Пасля чаго быў асуджаны на чатыры з паловай гады строгага турэмнага зняволення паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Абвінавачанне было відавочна заказным, паколькі рэальнае «злачынства» Бяляцкага – дапамога тысячам ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вяртсіля, Сартавальскі раён Карэліі (РСФСР) у беларускай сям'і. Хутка сям'я вернулася ў Беларусь, на сталае жыхарства ў горад Светлагорск Гомельскай вобласці. Скончыў сярэднюю школу № 5 г. Светлагорску, Гомельскі дзяржаўны універсітэт і аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР..

У 1986 г. А. Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым — старшынём гэтай арганізацыі. У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралёг Беларусі», быў сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага Народнага Фронта. У 1990 г. выступіў адным з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады.

У 1992—1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадскога савета, які не толькі першым сярод дзяржустановаў узняў над сваім фасадам бел-чырвона-белы сцяг, але і зацвердзіў беларускамоўныя правілы для метрапалітэна, якія і сёння можна пабачыць у кожным вагоне.

З 1989 па 1998 гг. Алесь Віктаравіч працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

З 1997 года А.Бяляцкі кіруе праваабарончым цэнтрам «Вясна».

“У любой беларускай справе ён быў адначасова стырном і рухавіком, зацікаўліваючы і перацягваючы на свой бок усіх тых, хто аказваўся побач.

Калі разам з аднадумцамі распальваў першы беларускі нефармальны агмень — слынную «Майстроўню» і самвыдатаўскі часопіс «Бурачок», калі супольна з аднаверцамі засноўваў беларускі хрысціянскі друк — часопісы «Хрысціянская думка» і «Вера», - пісаў Міхась Скобла пра свайго сябра.

У сакавіку 2006 году Вацлаў Галвэл уручыў А. Бяляцкаму прэмію Homo Homini за праваабарончую дзейнасць. У тым жа годзе А. Бяляцкі быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міра. У 2007 годзе быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH). Ганаровы грамадзянін г. Генуя (правінцыя Лігурыя, Італія).

Зараз Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў Бабруйскай калёніі.

Адміністрацыя калоніі рэзка абмежавала Бяляцкага як у магчымасці атрымання прадуктовых перадач, так і ў без таго нешматлікіх спатканнях са сваякамі. Іншых зняволеных караюць за размовы з ім. Супраць яго ўжыты дысцыплінарныя санкцыі, праз якія ён не змог выйсці на волю па амністыі.

З ліста дадому ягоная жонка Наталля Пінчук зрабіла выснову, што і ў калёніі яе муж не згубіў прагі да вывучэння сямейных каранёў, і нават адтуль прымае пэўныя захады.

«Ён выяўляе сябе як чалавек, які заўсёды цікавіўся гісторыяй, і ня толькі гісторыя Беларусі, але і сваёй сям’і ды сваякоў. Вось ён называе мне расейскі сайт, дзе можна удакладніць дадзеныя пра ўсіх, хто быў узнагароджаны падчас Айчыннай вайны. Ён просіць паглядзець звесткі і пра майго бацьку, які прайшоў вайну ад пачатку да канца, і пра сваіх дзядоў: Бяляцкага Ўсціна Архіпавіча і Кавальчука Аляксандра Барысавіча», — распавяла Наталля Пінчук.

Нягледзячы на пастаянны ціск, які аказваецца на Алеся Бяляцкага з мэтай прызнання ім сваёй віны, ён адмаўляецца зрабіць гэта.

Алесь прыняў такое рашэнне як адзін з лідараў праваабарончага руху, якія часам падзяляюць лёс тых, каго бароняць. Ён ўпэўнены ў сваім выбары, усведамяе сваю годнасць і з’яўляецца прыкладам самаахвярнасці і адданасці аднойчы абранаму шляху.

Алесь Бяляцкі прызнаны палітвязнем і вязнем сумлення з боку міжнароднай супольнасці і арганізацыяў правоў чалавека, і трэці раз намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.