Бацька Мікалая Статкевіча не забыты
Падчас наведання Камітэту «Салідарнасьць» старшыня Баранавіцкай філіі ТБМ Віктар Антонавіч Сірыца расказаў пра падтрымку баранавіцкімі актывістамі бацькі зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.
- За некалькі мінулых гадоў Віктар Паўлавіч стаў нам як родны. Мы вельмі часта наведваем яго, у святы, у дні народзінаў яго і сына. Прыносім пачастунак, газеты. Віктар Паўлавіч любіць смажыць дранікі, акрамя таго ён сам пячэ выдатныя булкі. Звычайна за гарбатай гутарым пра ўсіх вязняў, чытаем лісты.
Бацька ўзгадвае школьныя , юначыя і вайсковыя гады сына. Мікалай вучыўся ў 14-тай Баранавіцкай школе на добра і выдатна. Настаўнікі адзначалі яго ўменне рашаць задачы па фізіцы і матэматыцы нетрадыцыйным шляхам.
У яго была добрая інтуіцыя ў дачыненні да тэхнікі і імкненне да службы ў войску. Яго прываблівала высокае званне і годнасць афіцэра.
Мікалай Статкевіч закончыў Мінскае вышэйшае інжэнернае зенітнае ракетнае вучылішча (МВІЗРВ). Бацька любіць з цеплынёй узгадваць эпізод, калі спадара Міколу накіравалі ў вайсковую частку ў Мачулішчах і ён хутка здолеў развязаць складанае тэхнічнае пытанне. Старэйшыя афіцэры не змаглі яго вырашыць, а малады вайсковец здолеў зрабіць неабходнае. Тады генерал шчыра абняў маладога чалавека, падзякаваў і сказаў: “Вось такія нам якраз патрэбныя! “
Некаторы час спадар Мікола служыў у Запаляр’і. Быў прызнаны лепшым афіцэрам па сваёй спецыяльнасці ў аб’яднанні супрацьпаветранай абароны, якое абараняла ўсю Поўнач Еўрапейскай часткі СССР. Меў вышэйшую баявую класіфікацыю – “Майстар”.
У студзені мы з сябрамі павіншавалі Віктара Паўлавіча Статкевіча з 86-годдзем. Мне асабліва прыемна з ім пагутарыць, таму што ён, як і я гісторык па адукацыі. Мы выпісваем яму рэгулярна газету “Наша слова”.
Віктар Паўлавіч атрымлівае шмат лістоў з Беларусі і з Нямеччыны, дзе жывуць яго ўнучкі. Сын Мікалай піша яму кожны тыдзень па серадах.
Лісты даходзяць. Калі Віктар Паўлавіч даведаўся аб тым , што 24 студзеня Марыне Адамовіч і Кацярыне Статкевіч была перадана прэмія імя Віллі Брандта, якой узнагароджаны Мікола Статкевіч, на яго вачах заблішчэлі слёзы радасці за свайго сына.
Post new comment