Як жывуць студэнты Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта ў Будапешце

Адразу трэба адзначыць, што Цэнтральнаеўрапейскі ўніверсітэт у Будапешце не падобны да іншых венгерскіх універсітэтаў і прапануе навучанне толькі на ступень магістра ці доктара навук.
 

У кожнага студэнта свой асобны пакойчык.
 

Тут вучаць па такіх спецыяльнасцях, як, напрыклад, права, эканоміка, экалогія, сацыялогія, філасофія, міжнародныя адносіны, матэматыка, гісторыя і г.д. Адна з асаблівасцяў універсітэта ў тым, што ён створаны для замежных студэнтаў. Студэнтаў з Венгрыі, напрыклад, на маёй спецыяльнасці было 2 чалавекі з 20.
 
Навучанне і стыпендыя
 
 
Для навучання ў магістратуры ўніверсітэт прапануе поўную і частковую стыпендыі, а таксама зніжкі. Абедзве стыпендыі забяспечваюць навучанне, страхоўку, пражыванне ў інтэрнаце і штомесячныя выплаты.
 
На поўнай стыпендыі гэтыя выплаты пакрываюць увесь кошт пражывання ў Будапешце, на частковай — палову. Як правіла, большая частка студэнтаў атрымлівае частковую стыпендыю ці зніжкі на навучанне.
 
У 2011 некалькі выпускнікоў ініцыявалі стыпендыю ў гонар Віталя Сіліцкага — выпускніка ўніверсітэта і выбітнага беларускага палітолага. Яна накіраваная на падтрымку беларускіх студэнтаў, якія акрамя акадэмічных дасягненняў робяць даследаванне або іншы праект па папулярызацыі Беларусі. Так, першая стыпендыятка 2012 года Таццяна Кляцкова, студэнтка эканамічнага факультэта, правяла даследаванне мадэляў сацыяльных выдаткаў у Беларусі, Украіне, Расіі і Літве пад кіраўніцтвам акадэмічнага кіраўніка з Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Стыпендыя — прыватная ініцыятыва і падтрымліваецца за кошт ахвяраванняў сяброў і калег Віталя Сіліцкага, а таксама беларускіх выпускнікоў Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта.
 
Пражыванне
 
 
Інтэрнат універсітэта нельга параўнаць з інтэрнатам беларускай ВНУ. Ён больш падобны да трохзоркавага гатэля.
 
Магістранты жывуць у даволі аскетычных, але асобных пакоях, у кожным ёсць душ і прыбіральня. У інтэрнаце, ці «дорме», як яго завуць студэнты, ёсць пакой з камп’ютарамі, басейн, спартзала, тэнісны корт, пральня, сталоўка і бар.
 
Уваход у «дорм» знаходзіцца пад пільнай аховай. У адрозненне ад большасці інтэрнатаў, прыбіраюць пакой і мяняюць бялізну ў «дорме» не самі студэнты, а пакаёўкі раз на тыдзень.
 
Ад «дорма» да ўніверсітэта ехаць трэба каля 40 хвілін: спачатку на аўтобусе, потым на метро. Адзін квіток на метро каштуе прыкладна 1,2 еўра.
 
Харчаванне
 
Паснедаць можна як у «дорме», так і ва ўніверсітэце ці ў кавярні. Калі кавярня ва ўніверсітэце зачыненая, студэнты снедаюць у кітайскай ці вугорскай побач. Калі параўноўваць з беларускай студэнцкай сталоўкай, то
 
беларуская ежа лепшая, чым венгерская, і таннейшая. Абед ва ўніверсітэце каштуе прыкладна 3 еўра і ўключае маленькую талерачку супу (суп у Венгрыі, калі гэта не гуляш, асобнай стравай не лічаць), кавалак мяса або рыбы з рысам ці бульбай, яблык ці пудынг на дэсерт.
 
Вада бясплатная. У дорме сталоўку наведваюць рэдка, звычайна гатуюць сняданак ці вячэру на кухні. Прадукты закупляюць у суседнім гандлёвым цэнтры Arkad ці ў Tesco. Танныя і больш разнастайныя прадукты можна купіць у гіпермаркеце Auchan, але ехаць туды трэба каля 40 хвілін. На закуп прадуктаў на тыдзень неабходна каля 15–20 еўра. Лядоўні стаяць на кожным паверсе. Бываюць выпадкі знікнення ежы з лядоўняў, але яны досыць рэдкія, і кожны выпадак абмяркоўваецца ва ўніверсітэцкай сетцы.
 
Нават у гіпермаркетах у Будапешце амаль няма рыбы, морапрадуктаў, грэчкі, тварагу. Але тут добрая кансерваваная гародніна, таксама шмат розных прыправаў.
 
Падводзячы вынік, мушу сказаць, што пражыванне, харчаванне ці краіна, як на мяне, не павінная быць вырашальным фактарам падчас прыняцця рашэння павучыцца за мяжой. Галоўнае, што трэба атрымаць, — гэта веды, досвед і добрых сяброў.
 
* * *
 
Беларусы-студэнты, апішыце і Вы ўніверсітэты і краіны, дзе вучыцеся. Апісвайце ўсё, што карысна пераняць, што разумна наладжана. Апісвайце і неразумныя ўстанаўленні, каб нам у Беларусі такога памылкова не ўводзіць. Гэта і цікава, і важна ведаць нам унутры Беларусі.
 
Карына Лобань, Будапешт
                                    
http://nn.by

               

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.