Выкладчык гарадзенскага ўніверсітэту звольніўся ў знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі
"Прашу разглядаць мой сыход з установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» формай ПРАТЭСТУ супраць незаконнага пераследу выкладчыкаў за іх грамадскія погляды" - напісаў 31 сакавіка ў сваім блогу Ігар Кузьмініч.
Гісторыя з ціскам з боку адміністрацыі ўніверсітэта на гэтага выкладчыка юрыдычнага факультэту гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэту распачалася яшчэ ў мінулым годзе.
Некаторыя з беларускіх СМІ нават паспелі надрукаваць неправераную інфармацыю, паводле якой Ігара Кузьмініча звольнілі ўслед за Андрэям Чарнякевічам.
І вось выкладчык, кантракт якога сканчаўся толькі ў 2014 г. сам напісаў заяву ад звальненні з універсітэту.
Сваё рашэнне ён патлумачыў у адкрытым лісце, накіраваным на імя старшыні гарадзенскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры.
Перадрукоўваем гэты ліст з невялікімі скарачэннямі:
"Пачынаючы з вясны-восені 2012 года ўстанова адукацыі «Гродзенcкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» для мяне змянілася непазнавальна. Момант, калі я пачуў абвінавачванні ў свой адрас з вуснаў адміністрацыі ўніверсітэта за свае погляды, за сваю грамадскую пазіцыю, якія адлюстраваны ў маіх казках і эсэ, стаў вызначальным для мяне. Дарослыя людзі з сур'ёзнымі тварамі на поўным сур'ёзе абмяркоўваюць казкі для дзяцей, як нешта недапушчальнае...
З іншага боку, я пабачыў, як гэтыя людзі баяцца. І мне стала крыўдна за ўніверсітэт, у якім я столькі працаваў і які разглядаю як свой, за выкладчыкаў, якія тут працуюць і нават за нашу адміністрацыю...
Я адмыслова звярнуўся да Вас як да старшыні Гродзенскага аблвыканкама.
Па-першае, Вы з'яўляецеся кіраўніком рэгіянальнай улады і здольныя паўплываць на працэсы, якія адбываюцца ва ўніверсітэце.
Па-другое, менавіта Вас называлі ініцыятарам зменаў у стаўленні да асобных выкладчыкаў нашага ўніверсітэта. Не ведаю, ці гэта праўда і нават не хочацца ў гэта верыць.
Але, паколькі асноўны пік «размоваў» і ціску на мяне прыйшоўся на апошнія тыдні перад галасаваннем на выбарах 2012 года, думаю, што калі не аблвыканкам быў ініцыятарам, то, як мінімум, аблвыканкам даваў згоду, каб такія размовы з выкладчыкамі вяліся.
Не думаю, што адміністрацыя ўніверсітэта па сваёй ініцыятыве магла прыняць рашэнне ў часе выбарчай кампаніі аб звальненні А.Чарнякевіча і аб ціску на мяне і іншых выкладчыкаў.
Для чаго гэта рабілася? Некаторыя лічаць, каб зачысціць універсітэт ад непажаданых выкладчыкаў, іншыя кажуць, што для таго, каб змяніць кіраўніцтва ўніверсітэта, трэція прапануюць яшчэ нейкія тлумачэнні.
На маю думку, падзеі восені 2012 года – гэта акцыя запалохвання выкладчыкаў і адміністрацыі. Гэта падобна на своеасаблівы сігнал выкладчыкам: калі вы будзеце публічна выказваць свае думкі, якія разыходзяцца з чыімсці «правільным меркаваннем», калі вы будзеце друкавацца ў незалежных выданнях, будзеце выдавацца за мяжой, калі будзеце актыўнічаць у інтэрнэце - вас будзе чакаць звальненне.
Але што тады рабіць супрацоўніку суда, ці, напрыклад, міліцыі, які лічыць неабходным адмяніць смяротнае пакаранне? Дзяржава па гэтаму пытанню мае адназначную пазіцыю, замацаваную ў заканадаўстве – смяротнае пакаранне з’яўляецца надзвычайнай мерай пакарання. Ці азначае гэта, што грамадская пазіцыя прадстаўнікоў сілавых структур якая адрозніваецца ад пазіцыі дзяржавы, робіць магчымым звольніць такога супрацоўніка, калі ён аргументавана выкажа сваё меркаванне? А што адбудзецца, калі з часам дзяржава адменіць смяротнае пакаранне?
Наколькі я памятаю, мэтай выхавання ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца выхаванне сацыяльна актыўнага грамадзяніна, здольнага прымаць актыўны ўдзел у развіцці беларускага грамадства і нашай дзяржавы. Але як гэта мэта звязана з падзеямі ва ўніверсітэце восенню 2012?
Выкладчык вышэйшай навучальнай установы, які баіцца за сябе, баіцца за свае словы, баіцца за тое, каб “чаго не вышла” – не можа ў навучальным працэсе, не здолее ў навукова-даследчай працы раскрыць поўна свой творчы патэнцыял, бо будзе ўвесь час азірацца. Больш за тое - запалоханы выкладчык не можа адчуваць сябе годным, бо не можа чалавек быць годным, калі ён за свае словы чакае ўдару. Што такі чалавек можа даць студэнтам?
Вышэйшая школа гадуе эліту беларускага грамадства (хоць сам па сабе такі падыход сёння ўжо састарэлы). Якую эліту можа выхаваць загнаны, як той воўк, абкладзены чырвонымі сцяжкамі і крыкамі паляўнічых, выкладчык? Ён можа выхаваць заторканага, няўпэўненага ў сабе баязліўца, не здольнага не толькі самастойна прымаць рашэнні, але і нават думаць самастойна. Глядзець у рот “начальству” і чакаць загады – гэта ўсё, на што ён будзе здольны. А як жа місія нашага ўніверсітэта? Якую карысць асобе, грамадству і дзяржаве можа прынесці запалоханы выкладчык? Якую карысць грамадству і дзяржаве можа прынесці выпускнік, які не з'яўляецца асобай, здольнай прымаць рашэнні? Ці азначае гэта, што мы пачынаем арыентавацца на выхаванне зацюканай эліты?
Тое што адбываецца ў Гродзенскім універсітэце, баюся, не з'яўляецца лакальнай праблемай, а тычыцца ўсёй сучаснай беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі. Але гэта не значыць, што на месцах праявы гэтай праблемы трэба ігнараваць.
Асноўнай прычынай узнікшай сітуацыі я бачу адсутнасць акадэмічных свабод у нашым універсітэце і ў вышэйшай адукацыі ў цэлым. Адсутнасць рэальнага самакіравання вышэйшай школы стварае ўмовы для ўмяшання звонку ў навукова-даследчы і навучальны працэсы людзей якія не разумеюць сутнасці і асаблівасцей гэтых з’яваў. Умяшанне ці нават магчымасць умяшання ў акадэмічнае асяроддзе звонку – разбурае яго.
Універсітэты і інстытуты пераўтвараюцца з месцаў, дзе пануюць навуковыя ідэі, у канторы па зараблянні грошай, дзе сама навуковая і навучальная дзейнасць пачынае адыходзіць на другі план. Найбольш наглядна гэты шкодны працэс праяўляецца на прыкладзе туркменскіх студэнтаў, якіх «дояць», не звяртаючы ўвагу на ўзровень саміх паступаючых да нас абітурыентаў і на ўзровень тых ведаў, якія ім даюцца (а вышэй, з-за іх папярэдняй падрыхтоўкі, часта проста немагчыма даць).
Запалохваючы выкладчыка - можна атрымаць бяздумнага штампоўшчыка, які штампуе далёка не спецыялістаў. Вы мяне можаце запытаць - чаму я так моцна супраціўляўся свайму звальненню, а цяпер сам хачу звольніцца? Адказ просты. Лічу спробы звольніць мяне па асабістым жаданні – незаконным ціскам на мяне.
З іншага боку, за ўсе мае выказванні ў інтэрнэце, за мае погляды ціснулі не толькі на мяне, але і на маіх калег па працы. Гэта асаблівасць нашай сучаснай адміністратыўнай машыны «прэсаваць» начальніка, каб ён «прэсаваў» сваіх падначаленых і наводзіў «парадак» ці выпраўляў недахопы.
За амаль 20 гадоў працы на юрыдычным факультэце, я нікому з выкладчыкаў ці з адміністрацыі не зрабіў аніякага паскудства. І зараз, не лічу патрэбным паводзіць сябе так, каб акрамя мяне цярпеў яшчэ нехта іншы.
Я разумею, што я мог бы як мінімум спакойна працягваць працаваць да сканчэння майго кантракта вясной 2014 года. Больш за тое, шмат хто з маіх знаёмых і калег схіляюцца да таго, што гэта лепшы спосаб паводзінаў у маёй сітуацыі. На іх думку, «нешта можа змяніцца» ці неяк усё ўладкуецца само сабой.
Гэта нармальная беларуская пазіцыя – пачакаць і паглядзець што будзе... На маю думку, нічога не зменіцца, калі мы самі, кожны з нас не пачнем рабіць тое, што на нашу думку мы рабіць павінны. Толькі так можна дасягнуць зменаў да лепшага.
Менавіта таму прашу:
- Паспрыяць спыненню ціску на выкладчыкаў і адміністрацыю ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»;
- Разглядаць мой сыход з установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» формай ПРАТЭСТУ супраць незаконнага пераследу выкладчыкаў за іх грамадскія погляды, незаконнага пераследу выкладчыкаў за іх права свабодна ад свайго імя выказваць свае меркаванні."
паводле "Твой стыль"
Post new comment