Далучайся да інтэрнет-кампаніі "За стабільную аплату навучання”
Група студэнтаў, якія лічаць несправядлівай існуючую сістэму павышэння коштаў на навучанне ініцыявала 25 красавіка грамадскую інтэрнет-кампанію"За стабільную аплату навучання”.
Сёння 65% студэнтаў Беларусі навучаюцца на платнай аснове. З верасня 2010 года па красавік 2013 года кошт навучання змяняўся 9 разоў і павялічыўся прыкладна ў 3 разы.
Студэнты патрабуюць, каб змяненне коштаў платнага навучання ва ўсіх навучальных установах краіны з 2013 года было прывязана выключна да фактычнай і запланаванай інфляцыі ў краіне і праходзіла 1 раз на год.
У большасці краін Еўропы, адзначаюць арганізатары кампаніі, кошт навучання фіксаваны. Гэта дазваляе будучым студэнтам і іх бацькам з упэўненасцю выбіраць навучальную ўстанову і планаваць свае выдаткі.
“Мы лічым, што нашыя бацькі таксама павінны ведаць, ці змогуць яны аплачваць нашае навучанне і быць упэўненымі ў заўтрашнім дні.”
Мы не закранаем пытанне фармавання кошту платнага навучання, сцвярджаюць студэнты, а толькі змены гэтага кошту ў працэсе навучання.
Сёння існуе сітуацыя, калі “паводле дамоваў на падрыхтоўку спецыялістаў на платнай аснове, навучальныя ўстановы могуць змяняць кошт навучання ў аднабаковым парадку. На практыцы, змяненне кошту адбываецца зыходзячы з павелічэння выдаткаў у навучальных установах (на выплату зарабатнай платы, на аплату камунальных паслуг і т.д.). Гэтая падстава для павышэння не прапісана ні ў адным нарматыўным акце”.
Студэнты заклікаюць міністэрства адукацыі і прэзідэнта РБ прыняць адпаведныя захады, каб кошт платнага навучання грунтаваўся “не на выдатках, якія пастаянна павялічваюцца, а на здольнасці бацькоў аплачваць навучанне сваіх дзяцей, што выяўляецца ў эканамічных паказчыках развіцця краіны”.
Ініцыятары кампаніі плануюць адправіць 10.000 электронных зваротаў грамадзян Беларусі да 30 чэрвеня 2013 г. За 2 дні з пачатку кампаніі было адпраўлена 48 зваротаў.
Усіх зацікаўленых запрашаюць далучыцца да кампаніі і падпісаць зварот, тэкст якога надрукаваны на сайце obraschenie.vv.si
Post new comment