Нявеста «маладафронтаўца»: Каб загаварыць па-беларуску, трэба закахацца

Ірына і Рыгор створаць неўзабаве новую беларускую сям'ю. Фота belsat.eu

Пра перамену свайго жыцця пасля знаёмства адно з адным расказалі «Белсату» стыпендыят праграмы імя Кастуся Каліноўскага Рыгор Астапеня і ягоная нарачоная Ірына Чанчавік.

Першае спатканне ў Любліне

Ірына і Рыгор першы раз спаткаліся прыблізна 5 гадоў таму ў польскім Любліне. Актывіст «Маладога фронту» Рыгор прыехаў туды з Салігорску вывучаць міжнародныя стасункі ад праграмы Каліноўскага. «Я свядома выбраў праграму Каліноўскага, бо хацеў атрымаць добрую адукацыю за мяжою, дзе ў навучальным працэсе адсутнічаюць ідэалагічныя ўстаноўкі, а студэнт свабодна выказвае свае погляды і развіваецца. Выязджаючы ў Польшчу, я сыходзіў таксама з таго, што маё навучанне ў Беларусі можа быць не надта доўгім», – заўважае маладзён. Кастусь Каліноўскі, якому прысвяцілі стыпендыяльную праграму ў Польшчы, для Рыгора – галоўны беларускі герой і прыклад змагара.

Берасцейка Ірына вучылася ў люблінскім універсітэце імя Марыі Складоўскай-Кюры на аддзяленні польскай філалогіі. Лёсавызначальнае знаёмства маладых людзей адбылося падчас аднаго са спатканняў, якія ладзілі студэнты з Беларусі ў сядзібе фонду Яна Павала ІІ. На гэтых сустрэчах беларуская моладзь збіралася на супольную малітву па-беларуску, каб потым пры гарбаце абмеркаваць надзённыя праблемы, падзяліцца навінамі ды пабыць сярод землякоў. «Мы запрашалі на спатканне цікавых людзей, гісторыкаў, мовазнаўцаў, якія нам расказвалі пра нашую Бацькаўшчыну. Гэтыя сустрэчы, што адбываюцца і да сёння, – аб’ядноўваюць беларусаў і даюць пачуццё Радзімы ў іншай краіне. Калі я прыходзіла, то адчувала, што гэтыя людзі – свае, а тут утульна і вельмі добра», – падкрэсліла Ірына, якая акурат была адною з арганізатарак гэтых імпрэзаў і адразу прыгледзелася «маладафронтаўцу». Праз некаторы час ён запрасіў дзяўчыну на каву, а цікавасць адно да аднаго з боку маладых беларусаў хутка перарасла ў моцнае і трывалае пачуццё.


 

www.youtube.com/v/0XcH5ZG3ZY4

"Рыгор забраў мяне на сваю дарогу жыцця"

Ужо разам Рыгор і Ірына пастанавілі пераехаць у Варшаву, дзе цягам апошніх 2 гадоў працягваюць навучанне. Хлопец і дзяўчына ўжо даўно заручаныя, а сёлета ў жніўні плануюць зладзіць вяселле. Яны згодна падкрэсліваюць, што значна паўплывалі адно на аднаго ды шмат у чым спрычыніліся да зменаў у іхным жыцці.

«Я цаню Рыгора за ягоныя погляды, за непахіснасць, за тое, што «ён хварэе» за Беларусь і за тое, што там адбываецца, спрабуе гэта неяк змяніць… Тое, на што я звярнула ўвагу пры знаёмстве з Рыгорам, гэта тое, што ён сапраўдны беларус і застанецца беларусам да канца», – прызналася Ірына, якая таксама «загарэлася» беларушчынай. Менавіта Рыгор, падкрэсліла дзяўчына, навучыў яе любіць Беларусь у такой ступені, як гэта робіць сам: «Ён навучыў мяне цаніць такія рэчы, якіх я не цаніла дагэтуль».

Пасля знаёмства з Рыгорам Ірына, выпускніца расейскамоўнай школы, пачала захапляцца беларускаю літаратураю, а таксама пакрысе пачала размаўляць па-беларуску. Дагэтуль дзяўчына была расейскамоўнаю, бо ў яе сям’і ўсе стала размаўлялі толькі па-расейску, а бацькі нават не вельмі прыхільна ставіліся да беларускай мовы праз прымусовую беларусізацыю на пачатку 1990-х гадоў. Беларускамоўнасць жаніха берасцейкі не перашкаджае ейным бацькам любіць свайго будучага зяця, расказала Ірына. «Рыгор забраў мяне на сваю дарогу жыцця. Калі мы разам пачалі ісці гэтаю дарогаю, то, натуральна, я пачала падзяляць ягоныя інтарэсы і адкрыла для сябе новую Беларусь», – падзялілася дзяўчына.

Дабрыня, любоў і вера

Рыгор у сваю чаргу кажа, што Ірына прыўнесла ў ягонае жыццё больш дабрыні і любові, стаўшыся прыкладам адданасці і дапамогі іншым. Ірына, паводле Рыгора, адыграла вялізарную ролю ў ягоным шляху да веры: «Я як «маладафронтавец» часта сустракаўся з людзьмі веры, потым запісаўся на курсы да святара, але толькі дзякуючы Іры мая рэлігійнасць стала больш трывалая і сталая».

Разам будучыя муж і жонка стала наведваюць касцёл, разам выязджаюць на рэлігійныя моладзевыя спатканні ды цяпер запісаліся на перадшлюбавыя курсы да беларускага каталіцкага святара. Заўсёды яны прыходзяць на імшу на беларускай мове, што адбываецца ў варшаўскім касцёле дамініканаў, актыўна прымаюць удзел у рыхтаванні да літургіі. «Каліновец» бярэ на сябе звычайна ролю лектара, чытаючы фрагмент Святога Пісання падчас імшы. «Мы молімся адно за аднаго», – ва ўнісон сказала пара закаханых. Пасля набажэнства яны, як і ў Любліне, звычайна застаюцца, каб пабачыцца і паразмаўляць з іншымі беларусамі.

«Тое, што я абраў Іру сваёй будучаю жонкаю – гэта адное з нешматлікіх рашэнняў, у якіх я дакладна перакананы, што яны правільныя», – адкрыўся Рыгор.

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.