Увага!!! Конкурс!!!
22 траўня аргкамітэт па адзначэнні Году Каліноўскага распачаў конкурс, прысвечаны паўстанню 1863-1864 гадоў і асобе нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Дата старту абрана невыпадкова: 22 траўня 1863 году, 150 год таму, адбылася пераможная для паўстанцаў Мілавідская бітва.
Конкурс "Лепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага" пройдзе ў два этапы - інтэрнэт-віктарына і "жывы" фінал.
Віктарына ўяўляе сабой тэст з 30 пытанняў. Да кожнага пытання прапануюцца чатыры варыянты адказаў, адзін з якіх правільны. Час на тэст абмежаваны - 15 хвілін.
Заданні ўдзельнікам віктарыны падбіраюцца выпадковым чынам з некалькіх соцень пытанняў, якія склалі па тэме конкурса гісторыкі і даследчыкі паўстання Каліноўскага. За слушныя адказы будуць налічвацца балы адпаведна ўзроўню складанасці пытанняў - ад 1 да 3.
10 пераможцаў віктарыны выходзяць у фінал конкурса. Ён будзе ўяўляць сабой пісьмовы тэст і спаборніцтва ў фармаце "Брэйн-рынг". Пераможцы і інтэрнэт-віктарыны, і фіналу атрымаюць прызы.
Падрабязней пра прызы і склад журы - на сайце конкурсу 1863.pyx.by.
Інтэрнет-віктарына ладзіцца з 22 траўня па 16 чэрвеня. Афлайнавы фінал адбудзецца 29 чэрвеня ў Мінску.
"Конкурс дастаткова складаны. Таму раю ўдзельнікам перад праходжаннем тэсту трошкі пачытаць пра паўстанне, аднавіць веды, каб падвысіць свой вынік", - кажа Юрась Губарэвіч, выканаўчы сакратар аргкамітэту па адзначэнні Году Каліноўскага, першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду".
"Разлічваем, што перадусім удзел у конкурсе возьме моладзь, якая актыўная ў інтэрнэце і цікавіцца гісторыяй Беларусі", - адзначыў Губарэвіч.
Post new comment