5 прычын напісаць Статкевічу: “Ён вытрымае выпрабаванне турмой”
Расказвае паплечнік Мікалая Статкевіча Аляксей Гаўруцікаў:
- Я знаёмы з Міколам Статкевічам з сакавіка 1994 года і ўпэўнены, што ён вытрымае выпрабаванне турмой. Ён так і напісаў мне ў адным са сваіх лістоў з турмы: “…не дачакаюцца…”
Наш віцебскі аргкамітэт Народнай Грамады і “Рух За Свабоду” з пачатку 2011 года рэгулярна падаюць сумесныя заявы на правядзенне мітынгаў салідарнасці з палітвязнямі. У кожнай заяўцы мы пазначаем імёны палітзняволеных, пачынаючы з кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча. Усім вядома, як гэты мужны чалавек трывае складаныя ўмовы ўтрымання ў вязніцы і не згаджаецца падпісаць прашэнне аб памілванні.
Яшчэ ні разу за два з паловай гады віцебскі выканкам не дазволіў правядзенне мітынга салідарнасці.
Як юрыст, я часта камунікую з людзмі на прадпрыемствах, у рознастайных установах і ў прыватнасці ў судах. Апошнім часам людзі прыходзяць, памятаючы, што я быў дэпутатам віцебскага гарвыканкама з 1990 па 1997 год, уважаючы за доўг адзначыць працу цяперашніх уладаў: “які дурдом!” І гэта магчыма пачуць ад чыноўнікаў і нават кіраўнікоў разнастайных прадпрыемстваў.
Відавочна, што рэжым не можа даць рады з кіраваннем дзяржавай і татальная хлусня ў СМІ пра “поспехі” ня можа ўвесці народ у зман.
У такой сытуацыі хочацца заклікаць грамадзян выказаць сваю салідарнасць з палітвязнямі, якія адстойваюць палітычныя правы для ўсіх нас, і патрабаваць безумоўнага вызвалення з рэабілітацыяй, як бязвінных.
Post new comment