Зміцер Дашкевіч. Біяграфія. Дзейнасць. Храналогія пераследу
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. ў вёсцы Кушнэры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў на расейскім Далёкім Усходзе ў пасёлку Ягаднае Магаданскай вобласьці, потым сям’я перабралася ў Беларусь, у райцэнтры Старыя Дарогі Менскай вобласьці. Скончыў старадарожскую школу № 2, пасьля паступіў у Гарадзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
У 2001 годзе далучыўся да моладзевага нацыянальнага руху “Малады Фронт”.
Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў нацыянальнага некропалю Беларусі “Курапаты”. Пазьней паступіў ў Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Узначаліў Менскую гарадзкую арганізацыю “Маладога Фронту”. Актыўны ўдзельнік і арганізатар шматлікіх масавых акцый і мерапрыемстваў дэмакратычных сілаў Беларусі. За сваю адкрытую палітычную пазыцыю і дэмакратычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці паводле незаконных палітычных артыкулаў, быў караны арыштамі і велізарнымі штрафамі.
У 2004 годзе на цэнтральнай плошчы беларускай сталіцы падчас абвяшчэньня вынікаў рэфэрэндуму аб трэцім тэрміне Лукашэнкі выступіў супраць незаконных дзеяньняў уладаў.
Пасля Сойму арганізацыі 2004 г. – лідэр “Маладога Фронту”. У 2005-2006 гг. быў удзельнікам кампаніі адзінага кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Пасьля сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г. – адзін з арганізатараў масавых акцыяў грамадзкага пратэсту і адзін з лідэраў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай (Каліноўскага) плошчы ў Менску.
Храналогія пераследу
Асуджэньне Зьміцера Дашкевіча ў 2011 г. было не першым эпізодам ягонага крымінальнага перасьледу ўладамі. Так, 15 верасьня 2006 г. ён быў незаконна арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар па вул. Валадарскага ў Менску. Зьміцер быў тады абвінавачаны ў “дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі” паводле антыканстытуцыйнага артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу РБ, адмыслова прынятага напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.
1-га лістапада 2006 г., нягледзячы на пратэсты дзясяткаў дэмакратычных краінаў Эўропы і Амэрыкі, а таксама вядомых культурных, грамадзкіх і палітычных дзеячаў, кіраўніцтваў партыяў, рухаў і сусьветных праваабарончых арганізацый, Дашкевіч быў асуджаны на 1,5 гады зьняволеньня.
У верасьні 2007 г. палітвязень быў абвінавачаны ў адмове сьведчыць супраць 16-цігадовага актывіста “Маладога Фронту” – Івана Шылы з Салігорску. За гэта была заведзена новая крымінальная справа, паводле якой Зьмітру Дашкевічу пагражала яшчэ 6 месяцаў арышту ў дадатак да тэрміну, на які ён быў асуджаны ўвосень 2006 г. Але пад ціскам міжнароднай грамадзкасьці лідэр “Маладога Фронту” быў пакараны штрафам у памеры 60 базавых адзінак (1.860.000 бел.руб).
Таксама пад ціскам міжнароднай супольнасьці Дашкевіч быў вызвалены датэрмінова 23 студзеня 2008 г. Працягваў сваю палітычную дзейнасьць у “МФ”.
18 сьнежня 2010 года быў затрыманы ў Менску. Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, у двары жылога дому па вуліцы Янкі Брыля яны разам з таварышам па “МФ” Эдуардам Лобавым нібыта зьбівалі грамадзян Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманьне Дашкевіча і Лобава было прэвэнтыўнай мерай міліцыі напярэдадні выбараў прэзыдэнта, якія мусілі прайсьці на наступны дзень.
24 сакавіка 2011 г. Зьміцер быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Да суду ён утрымліваўся ў менскім СІЗА па вул. Валадарскага, дзе за адмову супрацоўнічаць са сьледзтвам яму пагражалі максымальным тэрмінам пакараньня і адбыцьцём яго ў карцары. Пасьля вынясеньня прысуду – каля 2 месяцаў знаходзіўся ў Жодзінскім СІЗА, адкуль 24 чэрвеня 2011 г. быў этапаваны ў калёнію №9 г. Горкі (Магілёўская вобласьць). Там Зьміцер тройчы запар зьмяшчаўся ў штрафны ізалятар нібыта за парушэннье рэжыму і працяглы час быў ізаляваны нават ад свайго адваката. Былі падставы меркаваць, што ў дачыненьні да яго прымяняліся ціск і гвалт. Пасьля кампаній грамадзкасьці Дашкевіч патрапіў у СІЗА Магілёва, затым – Віцебску. 27 верасьня 2011 г. яго перавялі ў калёнію №13 г. Глыбокае на Віцебшчыне, якая лічыцца адной з найбольш суворых папраўчых установаў Беларусі. Там палітвязень быў зьмешчаны ў камэру-адзіночку. Улады перашкаджалі яму ўзяць шлюб: гэта было немагчыма без пашпарту, але дакумэнт, нягледзячы на пісьмовыя звароты нявесты Зьмітра Насты Палажанкі ў Генпракуратуру і просьбы аддаць пашпарт ёй альбо перадаць яго адміністрацыі калёніі, працягвала трымаць у сябе КДБ.
28 жніўня 2012 году, проста ў Глыбоцкай калёніі, асуджаны ізноў – за “злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі”. Суд, які адбыўся ў закрытым рэжыме, дадаў да тэрміну Зьміцера Дашкевіча яшчэ адзін год. Такім чынам, гэта ўжо чацвёрты суд над лідэрам “МФ” па крымінальным артыкуле, пачынаючы з 2006 году.
У ноч на 4 верасьня 2012 г. этапаваны з Глыбоцкай калёніі ў СІЗА г. Віцебску.
20 верасьня стала вядома пра знаходжаньне Зьмітра Дашкевіча ў калёніі № 20 г. Мазыра. Сам этап адбыўся таемна. Пра перавод Дашкевіча ў іншае месца зьняволеньня стала вядома за некалькі дзён. 12-га і 14-га верасьня да палітвязьня не пусьцілі ягонага адваката, матываваўшы адмову бюракратычнымі праблемамі. Аднак праз некалькі гадзін высьветлілася, што праблемы з дакумэнтамі насамрэч не існуе, а палітычнага вязьня з невядомых прычын хаваюць ад наведваньняў адваката. Месцазнаходжаньне Зьмітра Дашкевіча амаль тыдзень было невядомым.
Быў абвінавачаны ў непадпарадкаваньні і парушэньні рэжыму. 30 кастрычніка 2012 года рашэньнем выязнога суду быў пераведзены з Мазырскай калёніі ў крытую турму ў Гародню. У канцы сьнежня ў турэмных умовах адбылося вясельле Зьмітра Дашкевіча з Настай Палажанкай.// http://palitviazni.info
Post new comment