5 прычын напісаць Лобаву: Не было нічаго выпадковага ў яго жыцці
Аб маладым палітвязне расказвае публіцыст Аляскандр Тамковіч.
Жыццёвы выбар
У падобнае сёння цяжка паверыць. У той час, калі многія яго равеснікі па розных прычынах “косяць” ад вайсковай службы і гэта лічыцца ў маладзёжным асяроддзі ледзь не нармальнай з’явай, Эдуард Лобаў пайшоў служыць з вялікім задавальненнем. І зрабіў гэта па асабістым жаданні.
Вайскоўцам ён марыў стаць з самага дзяцінства. Дакладней -- насіць форму. Тлумачылася гэта тым, што бацька Эдуарда на той момант вучыўся ў вільнюскай школе МУС. Маці, Марына, і ўвогуле родам з Вільнюса.
Пасля заканчэння бацькавай вучобы пераехалі ў Паставы, дзе хлопчык і пайшоў у школу. Бацькава служба (участковы, следчы) і тое, што дзядзька быў намеснікам начальніка аднаго з расійскіх ваенных вучылішчаў, безумоўна, паўплывалі на жыццёвыя арыенціры Эдуарда Лобава.
Апроч гэтага, былі яшчэ заняткі па каратэ ў ваенна-патрыятычным клубе “Азімут”, якім кіраваў сапраўдны прыхільнік мужнага вайсковага жыцця Сядых. Сам былы ваенны, ён прывіваў выхаванцам павагу да аскетычнага афіцэрскага лёсу.
Вайскоўцы ў тыя часы вельмі паважаліся. Прафесія была прэстыжнай у грамадстве (не тое што зараз), таму цалкам невыпадкова, што Эдуард (пасля сёмага класа быў яшчэ адзін пераезд -- у Мінск) вырашыў паступаць у Ваенную акадэмію. Амаль два месяцы занялі розныя медыцынскія абследаванні.
У дзяцінстве ён разам з бацькамі трапіў у аўтамабільную аварыю, што стала прычынай заўважнага толькі для апаратуры скрыўлення пазваночніка. З гэтай нагоды і “забракавалі”.
Ваенкам, які бачыў шчырае жаданне юнака стаць афіцэрам, прапанаваў адразу пайсці служыць. Маўляў, адтуль паступіць будзе значна лягчэй. Але маці прытрымлівалася іншага погляду. Яна параіла пайсці вучыцца і атрымаць нейкую спецыяльнасць. Аднак моладзь на тое і моладзь, каб рабіць усё па-свойму. Вучыцца Эдуард пайшоў, але туды, куды раілі. У ПТВ, які зараз пафасна называецца ліцэем. Атрымаў спецыяльнасць слесара-рамонтніка кантрольна-вымяральных прыбораў.
Перад прызывам на вайсковую службу ён паспеў крыху папрацаваць, але ўсе ведалі, што гэта рэч даволі ўмоўная, бо мара ў юнака была іншая -- стаць афіцэрам. У ваенкамаце прапанавалі толькі элітныя дэсантныя войскі і выбар -- Брэст, Мар’іна Горка, Віцебск.
Цікава, што раней ён быў згодны і на міліцэйскія (прыклад бацькі) пагоны, але пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года паглядзеў, чым на самай справе займаецца гэты “спецназ”… Разганяць мірныя акцыі не хацелася, таму Мар’іна Горка адпала адразу. Да Брэста -- далёка, лагічна быў абраны Віцебск. Тым больш што там была самая лепшая “дэсантура”.
Гэта, калі верыць афіцыйнай прапагандзе, а калі асабістым вачам, то вельмі хутка разумееш -- не ўсё тое золата, што блішчыць. І салдаты займаюцца не толькі вайсковым навучаннем, але і тым, што пераносяць ваду, як кажуць, з адной лужы ў другую. Альбо капаюць “адсюль і да абеду”, а потым выкапанае засыпаюць і зноў…
Эдуард быў моцна расчараваны. Сваёй маці ён тады сказаў: “У такой арміі я не застануся!”
Праз пэўны час у знакамітую гвардзейскую брыгаду трапіў і вядомы гомельскі “палітпрызыўнік” маладафронтавец Андрусь Цянюта. З Эдуардам яны аказаліся ў адной роце і вельмі хутка пасябравалі.
Вось і не вер пасля гэтага ў наканаванасць чалавечага лёсу. Прынцыпова перакананы -- нічога выпадковага ў нашым жыцці не бывае!
Да гэтага моманту Эдуард Лобаў хаця і быў супраць брутальных разгонаў мірных дэманстрацый, палітыкай не займаўся ніколі, бо быў “накіраваны” толькі на вайсковую службу. А тут зразумеў, што ўсе нашы недахопы (армейскія і цывільныя) звязаны наўпрост з няўмелым кіраўніцтвам краіны.
Як былы вайсковец, я добра разумею ўсю экстраардынарнасць сітуацыі, бо ва ўмовах адзінаначалля любому іншадумству існаваць, мякка кажучы, цяжка. Тым больш калі гутарка ідзе пра нейкія ўлёткі. З’яўленне іх на тэрыторыі вайсковай часці -- надзвычайнае здарэнне, якое можа каштаваць зорак на пагонах.
Думаю, усе падобныя выпадкі можна пералічыць па пальцах адной рукі, але і гэтага будзе зашмат, калі далей гутарка пойдзе пра “чыстасардэчнае прызнанне”. Такія выпадкі адзінкавыя. З Эдуардам Лобавым менавіта так і адбылося.
Пасля таго як пасадзілі на гаўптвахту Андруся Цянюту, Эдуард Лобаў расклеіў па часці адпаведныя лістоўкі і не стаў гэтага адмаўляць, калі пачалося “службовае расследаванне”. Дарэчы, тое ж самае ён зрабіў адносна ”альтэрнатыўнай службы”, але тады суровага пакарання не было. На гэты раз -- 10 сутак “губы”. Адбылося ўсё за некалькі дзён да дэмбеля.
Звольніўшыся ў запас, Эдуард адразу ўступіў у “Малады фронт”, дзе і пазнаёміўся са Зміцерам Дашкевічам. Вельмі хутка яны сталі лепшымі сябрамі.
Прадчуванне спраўдзілася
Няма сумнення, што афіцыйная версія будзе адрознівацца ад расказу Марыны Лобавай, але я спыніўся менавіта на ім па вельмі прастой прычыне: маці ўмеюць бачыць не толькі вачыма, але і сэрцам:
“ -- Пра тое, што яго хутчэй за ўсё пасадзяць пасля выбараў, Эдзік папярэдзіў задоўга да таго, як гэта адбылося на самай справе. Памыліўся толькі ў тэрмінах. Арышт быў “прэвентыўным”.
Напярэдадні выбараў, для таго каб яго “не адсочвалі”, купіў новую сім-картку.
Загадаў званіць толькі з чужых тэлефонаў альбо аўтаматаў.
17 снежня ён сышоў з нашай кватэры, але абяцаў яшчэ зазірнуць, бо забраў яшчэ не ўсе свае рэчы. Вечарам сын не прыйшоў. Як і на наступны дзень. Я пачала хвалявацца і пабегла на пошту тэлефанаваць. Новы нумар быў “недаступны”.
Такі ж вынік быў, калі я звярнулася па дапамогу да знаёмых…
Вечарам 18 снежня даведалася, што затрымалі Зміцера Дашкевіча, але прозвішча майго сына пакуль не ўзгадвалася ў інтэрнэце.
На наступны дзень стала вядома, што разам з ім затрыманы і мой сын. Пачала шукаць у яго блакноце якія-небудзь кантакты. Ад Паўла Севярынца даведалася, што ён сапраўды затрыманы. Павел параіў звязацца з ім у панядзелак -- раскажа, куды несці перадачу.
Натуральна, на выбары мы ўжо не пайшлі, хаця першапачаткова я хацела перад самым закрыццём выбарчага ўчастка паглядзець, прагаласаваў нехта за мяне альбо не.
19 снежня была на Плошчы, дзе адразу пачала шукаць сцягі “Маладога фронту”, каб даведацца што-небудзь пра сына. Ніякіх падрабязнасцяў там не пачула. Мяне супакойвалі тым, што пасля выбараў усіх адпусцяць.
Цудам сумела вырвацца з плошчы Незалежнасці і пазбегнуць “хапуна”. Потым некалькі гадзін сачыла па інтэрнэце за хваляй арыштаў і вобыскаў.
З раніцы не змагла дазваніцца ні да Паўла Севярынца, ні да іншых лідараў. З Настай Лойка, праваабаронцай, сумела звязацца толькі вечарам. Тая прапанавала сустрэцца на наступны дзень і запэўніла, што яны неадкладна зоймуцца пошукамі адваката.
Не адпусцілі сына і праз дзесяць дзён, і праз дваццаць. Ніякіх абвінавачанняў пры гэтым не высоўвалася. Адвакат сказала, што ў яе практыцы (18 год) такое ўпершыню, бо звычайна абвінавачанне гучыць (так па законе) у першую дэкаду арышту.
Майго сына вінавацілі ў нападзе на двух “звычайных прахожых”. Потым высветлілася, што яны -- няштатныя супрацоўнікі міліцыі. Нешта падобнае мы падазравалі з самага пачатку, бо пасля вочнай стаўкі адвакат адразу сказала, што яны -- “няпростыя людзі” і паводзяць сябе ў міліцыі даволі самаўпэўнена, калі не сказаць -- нахабна.
Праз 20 дзён адпусцілі Дзяніса Лазара, які таксама праходзіў па гэтай справе. Спадзявалася, што вызваляць і Дзіму з Эдзікам. Нават пад’ехала на Акрэсціна. Адвакат патэлефанавала следчаму і атрымала адмоўны адказ. Замест выхаду на волю ім было прад’яўлена абвінавачанне, па якім “свяціла” да 8 гадоў няволі, хаця звычайна такія рэчы заканчваюцца банальнай “хіміяй”.
Суд цягнуўся тры дні. Я вельмі ўдзячна шведскім, нямецкім, амерыканскім, украінскім дыпламатам, амбасадзе Вялікабрытаніі за тое, што яны ўвесь час былі ў судовай зале.
Сведкі абвінавачання не прывялі ніякіх доказаў супраць майго сына і Зміцера Дашкевіча. Ніхто з іх не бачыў ніводнага ўдару. Ніхто не сказаў пра нейкі супраціў пры арышце.
Наадварот, кайданкі надзелі на аднаго з “пацярпелых”, бо ён паводзіў сябе даволі буйна.
На судзе “пацярпелых” ніхто, акрамя суддзі, не бачыў. Іх пасадзілі за сценкай, адкуль яны нешта гаварылі. Не паказалі нават пашпарты гэтых людзей, таму па сённяшні дзень могуць быць сумненні наконт таго, што ў судзе былі менавіта яны.
Адным словам, увесь працэс, на мой погляд, быў падобны на нейкі фарс, бо суддзя адхіліла ўсе хадайніцтвы абароны, якія наўпрост сведчылі пра невінаватасць падсудных. Мабыць, гэта было не патрэбна, бо прысуд шакіраваў -- чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму”.
Правакацыя
Час ад часу я пытаюся зразумець логіку падобных дзеянняў, і кожны раз пераконваюся, што ўвесь здаровы сэнс тут абмежаваны знакамітай крылоўскай цытатай “ты виноват лишь тем, что хочется мне кушать”, бо толькі ў такіх выпадках можна праігнараваць сведчанні пра тое, што на снезе ляжалі выключна “нападаючыя”, а не “пацярпелыя”, а кроў (згодна з экспертызай) належала Эдуарду Лобаву, якому рассеклі губу, а не яго “ахвяры”, як даказвала следства.
Аднак працягнем расказ маці Эдуарда -- Марыны Лобавай.
“-- Кватэру яны знялі за некалькі дзён да выбараў. Спадзяваліся прыйсці на Кастрычніцкую плошчу менавіта з яе, бо былі ўпэўнены, што ўсё астатняе жыллё знаходзіцца пад пільным наглядам спецыяльных служб і міліцыі. Але памыліліся. Маладосць часта бывае наіўнай, а прафесійны вопыт -- цынічна-практычным.
Новую кватэру ўзялі пад пільны кантроль адразу ж. У двары паявіліся нейкія людзі і сіні мікрааўтобус “Фальксваген” без нумароў. Было зразумела -- рыхтуецца правакацыя. Сын з Дашкевічам і Лазарам вырашылі паехаць да яго сябра, але за аўтобусам адразу рухалася нейкае аўто. Цягнуць туды “хвост” яны не хацелі, таму на Брылеўскай сышлі. Адразу ўбачылі, што за імі ідуць чатыры чалавекі. Сталі рухацца больш хутка -- пераследнікі таксама. Пачалі бегчы -- і тыя пабеглі. Стала відавочна, што не адарвацца. Спыніліся ля нейкага дома. Эдзік пачаў даставаць новую сім-картку і ўстанаўліваць яе ў тэлефон, каб паведаміць пра затрыманне, -- не паспеў. Да іх падышлі двое з “хваста” і спыталі нейкі адрас. Пачулі “Не ведаем”, папрасілі цыгарэты і амаль адразу пачалі хлопцаў збіваць.
Сыну рассеклі губу, яго са Зміцерам Дашкевічам і маладзечанцам Дзянісам Лазарам збілі з ног. Чацвёра нападаючых ператварыліся ў дзвюх “ахвяр”.
Нагадаю, што было гэта 18 снежня 2010 года, а першы ліст я ад яго атрымала толькі ў студзені 2011 года. Адразу пасля арышту Эдзіка трымалі на Акрэсціна, дзе любыя кантакты забараняліся. На Новы год зрабілі “падарунак” -- перавезлі ў Жодзіна.
Прычым зрабілі гэта цалкам у стылі нашага часу. Першага студзеня я прынесла на Акрэсціна віншавальныя перадачы яму, Дашкевічу і Лазару і там даведалася пра перавод…
Кажуць, што ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіне крыху горшы, чым на Акрэсціна, але адно станоўчае там усё ж такі ёсць -- дазваляюць ліставанне.
Калі я ўбачыла почырк сына, як кажуць, радасці і шчасцю майму не было межаў. Ён напісаў, што настрой у яго бадзёры.
Амаль адразу ён папрасіў прыехаць туды адваката. Аказалася, нягледзячы на яўнае парушэнне закона, яго штодзённа дапытвалі супрацоўнікі КДБ і пагражалі ў выпадку адсутнасці “патрэбных” паказанняў супраць кандыдатаў у прэзідэнты і “кампрамату” на “Малады фронт” забіццём у так званай прэс-хаце.
Калі інфармацыю пра гэта я размясціла ў інтэрнэце, пагрозы спыніліся, але допыты працягваліся. Да звычайных кадэбэшнікаў далучыліся нават вышэйшыя афіцэры вайсковай контрразведкі. Па гэты дзень не магу зразумець, якое ўсе яны маюць дачыненне да “звычайнай крымінальнай справы”…
Магчыма, за тое, што не змаглі атрымаць “патрэбных” паказанняў, і пасадзілі…
Звычайна пасля таго, як абвінавачаны знаёміцца са сваёй справай і тая перадаецца ў суд, следчыя дазваляюць спатканні з самымі блізкімі, але мне гэтага не дазволілі. Мабыць, не спадабалася тая праўда, якую я выказала, калі забірала рэчы сына.
Спатканне дазволілі толькі пасля прысуду. Першы раз убачылася, змагла паразмаўляць з сынам толькі 24 сакавіка 2011 года. Адна гадзіна размовы праз шкло.
Двойчы сустракалася з ім на “валадарцы”, а потым -- “Воўчыя норы”.
Была там тры разы. Адразу пасылала толькі лісты і адну бандэроль, а потым прыйшло запрашэнне на “Дзень адчыненых дзвярэй”. Разам з сынам сядзелі на канцэрце асуджаных, а потым амаль паўтары гадзіны размаўлялі. За паўгода першы раз не праз шкло.
Сын увесь час мяне супакойвае: “Не трэба хвалявацца. Я не на вайне”.
Вайскоўцам жадае быць, як і раней. Але толькі ў новай Беларусі”.
Эдуард, Марына і Юрый
На жаль, бацькі Эдуарда Лобава не стала праз 13 год пасля яго нараджэння. У 2003 годзе Марына пазнаёмілася з Юрыем Якубоўскім, які неўзабаве стаў айчымам Эдуарда.
Па яго біяграфіі пры жаданні можна вывучаць найноўшую гісторыю нашай краіны. Дакладней тое, як самыя гучныя падзеі новага часу адбіліся на лёсе звычайнага чалавека.
Нарадзіўся ён ў Мядзелі. Закончыў там школу. З 16 гадоў працаваў слесарам на вытворчасці рухавікоў. Потым была вайсковая служба ў Асіповічах. Пасля звальнення ў запас год працаваў на ранейшым месцы, а калі СССР разваліўся, што аўтаматычна азначала адсутнасць зарплат і запчастак, паехаў у вёску да сваёй бабулі. Год працаваў у калгасе трактарыстам. Потым на два гады паехаў на заробкі ў Маскву. Пасля вяртання ў Мядзел ажаніўся, зноў працаваў слесарам, займаўся прыватным возніцтвам. Затым быў пераезд у Паставы, дзе неўзабаве адбыўся развод.
Там ён і сустрэўся з Марынай Лобавай, якая у той момант збіралася пераязджаць у Мінск. Пераехалі разам.
“Пад дубінкі” (на розныя мітынгі і апазіцыйныя мерапрыемствы) Юрый і Марына пачалі хадзіць, яшчэ калі Эдуард быў цалкам “апалітычным”. Дакладней -- вучыўся ў школе.
3 ліпеня 2011 года. Улады “святкавалі” Дзень Незалежнасці. Двукоссе тут ужыта невыпадкова, бо нават самы апантаны прыхільнік Лукашэнкі разумее, наколькі “шчырым” было гэта свята. Як вядома, скончылася яно вельмі брутальным “хапуном” і “пярцовым газам” на подступах к Чыгуначнаму вакзалу беларускай сталіцы.
Былі там і Юрый Якубоўскі з Марынай Лобавай, якая ішла побач са сваім малодшым сынам Уладзіславам.
Мабыць, многія бачылі “хапун”, які адбыўся на прыпынку грамадскага транспарту па вуліцы Кірава, бо тады ён стаў амаль “хітом” усіх неафіцыйных навін. Менавіта там і папалі “пад раздачу” героі нарыса.
Пачалося ўсё з таго, што нейкі “лысы амбал” накінуўся на непаўналетняга сына Марыны Лобавай. Тая пачала гучна пратэставаць, атрымала ўдар па галаве і імгненна аказалася ў “аўтазаку”. Юрыю Якубоўскаму, які спрабаваў абараніць жонку, пырснулі ў вочы газам, і ён перастаў што-небудзь бачыць увогуле.
Марына пазваніла Юрыю з “аўтазака”. Думала, яго таксама забралі. Высветлілася -- не. Нехта з прахожых завёў яго ў першую ж кватэру, дзе Якубоўскаму гаспадыня дазволіла прайсці ў ванную і памыць вочы.
Пасля “вандровак” па розных РУУС “аўтазак” з Марынай Лобавай спыніўся каля Маскоўскага. Затрыманых на “маўклівай акцыі” было каля 50 чалавек, але, калі Юрый спытаў пра сваю жонку, яму адказалі, што такой у іх няма.
Далейшае нагадвала танны дэтэктыў. Па тэлефоне Марына казала, што яна знаходзіцца менавіта ў Маскоўскім РУУС, а ў “дзяжурцы” бубнілі -- няма.
Якубоўскага выкінулі з РУУС, а потым запрасілі туды зноў, дзе далучылі да жонкі, абвінаваціўшы ў “незаконном проникновении в помещение РУВД и оказании сопротивления выполняющему служебные обязанности милиционеру” і амаль апоўначы адпусцілі.
Марыне Лобавай пашанцавала менш. На яе (як і на іншых) склалі пратакол за “лаянку матам” і “адсутнасць рэакцыі на шматлікія заўвагі міліцыянтаў”. Начаваць павезлі на Акрэсціна.
З раніцы далі “20 базавых велічынь”, бо па законе не маюць права (непаўналетні сын) пазбаўляць волі за адміністрацыйнае парушэнне.
А Юрыя судзілі двойчы. 25 ліпеня справу “перанеслі” на 22 жніўня, а 22 жніўня цалкам апраўдалі.
Застаецца за кратамі і Эдуард Лобаў. І ён, і родныя спадзяюцца на лепшае, але мужна рыхтуюцца да зімоўкі...
Паводле “Народнай Волі”
Post new comment