“Тыдзень палітвязня” ў Гародні і Гомелі
У Гомелі любы жадаючы можа далучыцца да агульнабеларускай грамадзянскай акцыі салідарнасці “Тыдзень палітвязня”. Дзеля падтрымання палітычных зняволеных дастаткова наведаць грамадска-палітычны цэнтр па вуліцы Палескай, 52 абласнога цэнтра, дзе кожны будзе мець магчымасць напісаць паштоўкі тым, хто паводле палітычна матываваных прысудаў зараз знаходзіцца ў Беларусі за кратамі.
Арганізатары мерапрыемства гомельскія праваабаронцы з Камітэта “Салідарнасьць” і праваабарончага цэнтру “Вясна” паведамілі, што па розных раёнах вобласці было падпісана і раздадзена для падпісання некалькі сотняў паштовак у падтрымку палітычных зняволеных.
Напісаць словы падтрымкі палітычным вязням змог і кожны жадаючы гарадзенец.
На працягу першай гадзіны акцыі падтрымаць палітвязняў прыйшлі ўсяго некалькі чалавек. Першапачаткова журналістаў было нават больш, чым простых гарадзенцаў.
Аднак паціху людзі падцягваліся. Сямейная пара, Аксана і Дзмітрый Міхайлюк (на здымку), адзначыла, што самае важнае ў падобных акцыях – тое, што палітвязні будуць ведаць, што іх памятаюць і падтрымліваюць.
Арганізатары акцыі – Камітэт "Салідарнасьць" і праваабарончы цэнтр “Вясна” – забяспечылі ўсіх жадаючых паштоўкамі і асадкамі. На сценах і сталах можна было знайсці партрэты палітвязняў і адрасы месцаў адбывання іх тэрмінаў зняволення.
Віктар Сазонаў, кіраўнік Гродзенскага аддзялення праваабарончага цэнтра “Вясна”:
“Праваабаронцы павінны падтрымліваць людзей і абараняць іх правы. У нашай арганізацыі прыярытэтным напрамкам дзейнасці з’яўляецца абарона людзей, якія пацярпелі па сваіх палітычных перакананнях. Гэта не толькі наша прафесійны абавязак, але і наказ душы. І гэтая акцыя - адзін са спосабаў прыцягнення грамадскасці да праблемы палітвязняў Беларусі.
Мы шукаем новыя формы, таму што вулічныя акцыі ўжо не маюць належнага эфекту: міліцыя прыязджае хутчэй, чым паспяваюць сабрацца людзі. Нам важна данесці да людзей інфармацыю, каб яны ведалі пра тое, што ў нашай краіне існуюць палітвязні, якія сядзяць у турме па сваіх перакананнях. Паглядзім, як гэтая акцыя пройдзе ў Гродне, і будзем вырашаць, ці пашыраць падобныя мерапрыемствы на іншыя рэгіёны”.
Эдвард Дмухоўскі, каардынатар Камітэта «Салідарнасьць» па Гродзенскай вобласці:
“Я рэаліст і не чакаю, што на акцыю прыйдзе натоўп людзей. Але такія мерапрыемствы трэба праводзіць і нагадваць людзям пра тое, што ў нас у краіне існуе праблема абароны правоў чалавека, у прыватнасьці – права на свабоду слова і свабоду перакананняў. Як вынік – наяўнасць у самым цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі палітычных зняволеных.
Гэта гістарычны факт, праблема ў Беларусі існуе даволі даўно, больш за 10 гадоў. Апаненты існуючага рэжыму аказваюцца ў турме і прызнаюцца палітычнымі вязнямі аўтарытэтнымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі. Людзям пастаянна трэба пра гэта нагадваць, як гаварыцца – вада камень точыць. У нашай краіне мы павінны дамагацца таго, каб людзі маглі выказвацца свабодна, адкрыта і нічога не баяцца”.
паводле: http://www.t-styl.info/by/
Post new comment