Заява ІІІ Беларускага праваабарончага форуму Аб захадах па вяртанні Беларусі да выканання міжнародных стандартаў па правах чалавека

Цягам апошніх пятнаццаці год Рэспубліка Беларусь паступова аддалялася ад міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, замацаваных у міжнародных пактах і канвенцыях па правах чалавека.

Гэтая тэндэнцыя знайшла сваю праяву ў наступных дзеяннях урада Беларусі:

-          Непрадастаўленне ва ўстаноўлены тэрмін рэгулярных справаздачаўпа Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах цягам некалькіх запар справаздачных перыядаў.

-          Ігнараванне рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека, прынятых па зваротах грамадзян Беларусі, якімі былі ўстаноўленыя факты парушэння правоў чалавека з боку ўраду Беларусі, а таксама адкрытае сцвярджэнне неабавязковага характару рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека, якое выяўляецца праз адсутнасць ў нацыянальнай прававой сістэме механізмаў, скіраваных на імплементацыю міжнародных норм пра правы чалавека.

-          Непадпісанне другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пра скасаванне смяротнага пакарання,а таксама вынясенне і выкананне смяротных прысудаў.

-          Непадпісанне факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах, Канвенцыі аб правах інвалідаў ды іншых важных дакументаў міжнароднай сістэмы абароны правоў чалавека.

-          Адсутнасць рэальных крокаў па далучэнні Рэспублікі Беларусь да эфектыўнай рэгіянальнай сістэмы абароны правоў чалавека ў межах Савета Еўропы, у тым ліку адсутнасць палітычнай волі да падпісання Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, нягледзячы на афіцыйна пададзеную заяўку на ўступленне ў Савет Еўропы.

-          Адсутнасць супрацоўніцтва з пераважнай большасцю інстытутаў ААНпа правах чалавека, у тым ліку дэманстратыўнае ігнараванне ўведзенага паўторна ў дачыненні да Беларусі ў 2012 годзе інстытута спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека.

-          Ігнараванне стандартаў і рэкамендацый Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, датычных гуманітарнага вымярэння і правоў чалавека, у тым ліку невыкананне альбо неналежнае і неэфектыўнае выкананне рэкамендацый місій БДІПЧ АБСЕ па назіранні за правядзеннем прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў,  рэкамендацый прадстаўніка АБСЕ па свабодзе сродкаў масавай інфармацыі, закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску.

-          Ужыванне зневажальнай прапаганды з вуснаў вышэйшых службовых асобаў, якая скіраваная супраць каштоўнасці правоў чалавека, а таксама служыць сродкам шальмавання і дыскрэдытацыі як міжнароднага праваабарончага руху і міжнародных інстытуцый па правах чалавека, так і праваабаронцаў унутры Беларусі.

 

Мы рашуча асуджаем гэткае грэблівае стаўленне ўрад Беларусі да каштоўнасцяў і нормаў правоў чалавека і настойліва заклікаем яго

-          вярнуцца ў прававое поле, акрэсленае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дакументамі па правах чалавека, не дапускаць адхілення ад устаноўленых гэтымі нормамі стандартаў,  

-          далучыцца да ўсіх адпаведных дакументаў ААН, Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і іншых дакументаў  Савета Еўропы па правах чалавека,

-          стварыць у нацыянальнай прававой сістэме эфектыўныя інструменты імплементацыі міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, уключна з сістэмай увасаблення ў жыццё заключэнняў і рэкамендацый міжнародных спецыяльных працэдураў ААН, заключэнняў дагаварных органаў, зробленых па індывідуальных зваротах (Камітэт ААН па правах чалавека, Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын),

-          выканаць усе рэкамендацыі першага раунда Універсальнага перыядычнага агляду ААН па правах чалавека, вынесеныя на адрас Беларусі, і распачаць працэдуру шырокай грамадскай дыскусіі ў межах падрыхтоўкі да другога раунда Універсальнага перыядычнага агляду ААН, уключна з папярэднім і публічным абмеркаваннем нацыянальнай справаздачы краіны ў межах другога раунда гэтай працэдуры ААН у дачыненні да Беларусі,

-          запрасіць у Беларусь усіх спецыяльных дакладчыкаў ААН, а у першую чаргу – неадкладна запрасіць спецыяльнага дакладчыка ААН  па правах чалавека ў Беларусі.

Адначасова мы звяртаемся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, іншых органаў і інстытуцый сістэмы Арганізацыі аб’яднаных нацый з прапановай аб пачатку працэдуры адкрыцця ў Беларусі спецыяльнага прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. У гэтай справе надзвычай вялікая роля належыць Прадстаўніцтву ААН у Беларусі: на наш погляд, гэты орган мусіць адыгрываць прынцыповую ролю дзеля забеспячэння камунікацыі праваабарончай супольнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі.

Прапануем Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе нарошчваць актыўнасць у накірунку заахвочвання ўрада Беларусі паважаць правы чалавека. Мы заклікаем Парламенцкую Асамблею АБСЕ захаваць у сваёй структуры працоўную групу па Беларусі, а ўсе структуры АБСЕ, уключна з БДІПЧ, заклікаем актывізаваць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Мы вітаем распачаты БДІПЧ АБСЕ працэс распрацоўкі кіроўных прынцыпаў па свабодзе асацыяцый і абароне правабаронцаў і выступаем за шырокае прадстаўніцтва ў ім экспертаў грамадзянскай супольнасці.  

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.