"Чалавек не павінен лічыць, што ён пакінуты"
У суботу, 9 лістапада, сябры збіраюцца прыйсці сустракаць арыштаванага за збор подпісаў за вяртанне вуліцы Леніна гістарычнай назвы – Францішканскай, былога палітвязня, Змітра Дашкевіча. Нагадаем, што суддзя Цэнтральнага суду г. Мінска асудзіў палітыка да 3 сутак адміністратыўнага арышту, якія Дашкевіч адбывае ў Ізалятары Часовага Утрымання на завулку Акрэсціна 36.
“Чалавек не павінен лічыць, што ён пакінуты, што ён – адзін. Асабліва такі герой, як Дашкевіч. Тым болей, што ён сядзіць за добрыя рэчы, за справы, з якімі я згодзен. Таму заўтра збіраюся прыйсці і сустрэць Дашкевіча.” – паведаміў “Салідарнасці” былы палітвязень і актывіст Андрэй Кім.
Цягам гэтага тыдня з ізалятара быў вызвалены арыштаваны падчас шэсця на “Дзяды” гомельскі актывіст Юры Рубцоў. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ажно 9 чалавек, якія прыйшлі сустрэць спадара Рубцова.
“Так склалася сытуацыя, што шмат людзей сёння ўжо не звяртае асаблівай увагі на адміністратыўныя арышты, быццам гэта само сабой разумецца і сталася пэўнай нормай жыцця. Калі мы прыйшлі сустракаць Юрыя Рубцова, нас нахабна і безпадстаўна затрымалі: мужчын і жанчын. Агулам нас было 9 чалавек. Спадзяюся, што калі збярэцца гэтым разам больш людзей, у нас атрымаецца пазбегнуць затрыманняў. Я думаю, што “салідарнасць” грамадзянскай супольнасці здольна паказаць, што з людзмі нельга так нахабна абыходзіцца.” – паведаміў Павал Вінаградаў.
Post new comment