Жыхары Гомеля патрабуюць спыніць гулянні на месцы гвалтоўнай смерці ваеннапалонных
У Гомелі ініцыятыўная група грамадзян збірае подпісы з просьбай да мясцовых уладаў спыніць здзек з памяці пра не менш за 100 тысяч ахвяраў фашызму, перастаць ладзіць на месцы фашысцкага лагера ваеннапалонных забаўляльныя мерапрыемствы і кірмашы.
Лагер ваеннапалонных Дулаг-121 існаваў у час Вялікай Айчыннай вайны з верасня 1941 года па 10 кастрычніка 1943. Дулаг-121 размяшчаўся на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Партовай, Кніжнай, Савецкай, Тэльмана.
Існуе Акт спецыяльнай следчай камісіі ад 25 студзеня 1945 г. «Аб масавым знішчэнні фашысцкімі захопнікамі савецкіх ваеннапалонных у горадзе Гомелі», складзены на падставе пратаколаў апытання былых вязняў, сведак, актаў аб раскопках масавых пахаванняў савецкіх ваеннапалонных.
За час існавання лагера ў ім знішчана больш за 100 тысяч ваеннапалонных, якіх хавалі ў рове былога стрэльбішча на тэрыторыі лагера, які ўяўляў сабой роў даўжынёй 150 метраў, шырынёй — 20, пры сярэдняй глыбіні 3 метра. Гэты роў не мог змясціць больш за 18 тысяч трупаў, таму з канца лютага 1942-га немцы вывозілі іх на машынах за горад у супрацьтанкавы роў каля клінкернага завода, закопвалі ў ямах на тэрыторыі лагера, ў супрацьтанкавым рове на 201-м кіламетры чыгуначнай лініі Гомель — Жлобін, ў ямах каля элеватара і іншых месцах.
У перыяд зімы 1941-1942 года гітлераўцы за лагерам усталявалі некалькі спецыяльных печаў, у якіх спальвалі трупы. Печы працавалі круглыя суткі.
Вялікая колькасць памерлых ваеннапалонных спалена ў спецыяльных печах. Былы ваеннапалонны Рагожын (з кастрычніка 1941-го па 17 ліпеня 1942 — старшы санітар лазарэта) паказаў, што за час яго знаходжання ў Дулаге-121 памерла каля ста тысяч ваеннапалонных.
Вайна закранула практычна кожную беларускую сям’ю. Многія з тых, хто пайшоў на фронт і трапіў ў нацысцкі палон, да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак. Колькасць савецкіх ваеннапалонных, знішчаных падчас Вялікай Айчыннай вайны, настолькі вялікая, што па маштабах ахвяр гэтую трагедыю цяжка з чымсьці супаставіць.
Post new comment