Сем’ям рэпрэсаваных — ад святога Мікалая
40 святочных пасылак з цацкамі, фламастэрамі, цукеркамі павезлі сёння ў рэгіёны Беларусі актывісты камітэту «Салідарнасьць».
Так стартавала польска-беларуская акцыя «Святы Мікалай: ад Полшчы да Беларусі». Гэтыя падарункі падрыхтавалі для сем’яў рэпрэсаваных беларусаў сем’і з польскага Ўроцлава.
У кожным пакеце ляжыць яшчэ і ліст ад канкрэтнай уроцлаўскай сям’і. У ім — словы падтрымкі і жаданне пазнаёміцца бліжэй з дзецьмі і дарослымі, якія пацярпелі ў Беларусі за сваю дэмакратычную дзейнасць. Польскія сем’і такім чынам падцвярджаюць сваё жаданне ўсталяваць кантакты зь беларускімі сем’ямі, — адзначае старшыня камітэту «Салідарнасьць» Іна Кулей:
«Гэтая акцыя была задумана і цяпер ажыццяўляецца з нашай сталай партнэрскай арганізацыяй з Уроцлава „Мы — разам“. Яна мае на мэце дапамогу — рэпрэсаваным людзям, актывістам. У першую чаргу сем’ям, дзе ёсьць дзеці, сем’ям з рэгіёнаў. Бо там, дзе бацькоў пазбавілі працы, дзе яны трапілі пад арышт, — ім цяжка. Яны ўвесь час навідавоку ва ўлады. Ім не даюць магчымасці працаўладкавацца. Яны як белыя вароны. І ім вельмі цяжка ў штодзённым жыцці.
Гэта акцыя — ня толькі для таго, каб раздаць падарункі. Гэта робіцца для таго, каб наладзіць сталыя кантакты. Гэта будзе пачаткам перапіскі, а пасля і наведвання адзін аднаго, аздараўлення».
15 пакетаў атрымаў сёньня прадстаўнік Берасцейшчыны Сяргей Ваўчанін. Каму ён іх павязе?
«Гэта людзі з палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднанняў. Я лічу, што гэта добра, калі падтрымліваюць і бацькоў, і дзяцей. І каб яны памяталі пра салідарнасць, якую паказвае Рэспубліка Польшча. Вялікі дзякуй палякам. А нашым сем’ям будзе вельмі прыемна атрымаць падарункі і парадавацца Новаму году і Раству. І, вядома, наладзіць кантакты».
Цяперашняя акцыя — святочная. Яе працяг пойдзе ўжо ў новым фармаце: «Сям’я — сям’і». Польскія сем’і куплялі спэцыяльныя квіткі коштам 25, 50 і 125 злотых. Гэтыя грошы збіраліся на спэцыяльны рахунак. Цягам акцыі яны ператворацца ў рэчы, якія цяпер найбольш неабходныя канкрэтным беларускім сем’ям.
паводле Радыё Свабода
Post new comment