Магілёўскі актывіст дамогся перамогі ў судзе
30 студзеня ўпершыню, больш чым за 10 гадоў, магілеўскі абласны суд скасаваў судовую пастанову ў дачыненні да грамадскага актывіста.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антон Касцоў змог абскардзіць у абласным судзе рашэнне Ленінскага суду Магілева. Абвінавачванне яму было прад’яўлена за арганізацыю акцыі аўтамабілістаў “Стоп падатак” - супраць увядзення падаткаў на ўладанне аўтамабілем. Суд, які адбыўся 26 снежня, пакараў Касцова трымя суткамі адміністрацыйнага арышту.
Падчас разгляду справы ў абласным судзе Касцоў звярнуў увагу на шматлікія недарэчнасці, на якія Ленінскі суд наўпрост не звяртаў аніякай увагі. Тое, што яму не растлумачылі, прадугледжаныя ў такіх выпадках, правы, перадузятыя адносіны, сягаючыя сапраўднай жорсктасці, з боку суддзі Селядцовай, шматлікія парушэнні ў складзенам на яго пратаколе.
Суддзя Магілеўскага абласнога суду Гладкі адмяніў пастанову Ленінскага раённага суду і накіраваў справу на новы разгляд.
Паводле слоў вядомага ў Магілеве правабаронцы Барыса Бухеля, гэту з’яву нельга не адзначыць. Калі ў іншых справах прыводзіліся амаль жалезныя аргументы, але ад іх адмахваліся як ад назойлівых мух, то гэтым разам правасуддзе ўсё ж здзейснілася. Маленькая, але перамога.
Post new comment