Ян Маліцкі чакае ад Заходніх дзяржаў больш рашучых дзеянняў
"Заявы прадстаўнікоў ЕЗ і ЗША былі і будуць толькі словамі."
Такое меркаванне ў інтэрв'ю PAP (пераклад - charter97.org) выказаў дырэктар Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта і Дырэктар Праграмы Каліноўскага Ян Маліцкі.
- Вельмі цяжка ацаніць, у якім кірунку будзе развівацца сітуацыя ва Украіне. Майдан абараніўся і такім чынам паказаў сілу. З іншага боку, не былі задзейнічаныя ўсе сілы, якімі валодае ўрадавы бок, - сказаў ён.
На думку эксперта, паколькі заходні свет столькі часу нічога не рабіў для вырашэння сітуацыі ва Украіне, то і цяпер абмяжуецца толькі словамі.
- На працягу многіх тыдняў такія, як я, заклікалі, каб украінскім уладам і алігархам анулявалі візы і заблакавалі рахункі, аднак нічога не зроблена. Усе толькі кажуць, што санкцыі нічога не даюць, што трэба захаваць асцярожнасць. Вось вам і вынік асцярожнасці, - дадаў Маліцкі.
Нагадаем, 18 лютага ў цэнтры Кіева адбыліся найбольш жорсткія сутыкненні паміж дэманстрантамі і сілавікамі.
Яны пачаліся раніцай адразу пасля адкрыцця пасяджэння Вярхоўнай Рады, на якім разлічвалі вырашыць палітычны канфлікт у краіне. Апазіцыя падрыхтавала праект закона аб вяртанні Канстытуцыі 2004 года, за які была гатовая прагаласаваць і частка «рэгіяналаў». Тым не менш, дакумент не быў прыняты да разгляду. Гэта выклікала абурэнне дэманстрантаў, так як змяненне Канстытуцыі лічылася найбольш рэальнай магчымасцю ўрэгулявання крызісу ва Украіне.
200 тысяч актывістаў атачылі парламент. З-за правакацый пачаліся дробныя сутычкі, якія пазней перараслі ў буйнамаштабныя сутыкненні паміж дэманстрантамі і сілавікамі. Па мітынгоўцах стралялі з драбавікоў, спецназаўцы выкарыстоўвалі гранаты, гумовыя кулі і карцеч. Вакол Вярхоўнай Рады актывісты ўзвялі новыя барыкады, аднак неўзабаве іх выціснулі з урадавага квартала. Медыкі і дэпутаты паведамілі пра пяць загінулых. Увечары, пасля пачатку зачысткі самога Майдана Незалежнасці, колькасць забітых вырасла да 15 чалавек. Некалькі сотняў дэманстрантаў атрымалі раненні. На дадзены момант паведамляецца пра 25 загінулых.
паводле "Хартыя 97"
Post new comment