Лісты з Валадаркі ад Андрэя Бандарэнкі
Паводле праваабаронцы Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, ад Андрэя Бандарэнкі з Валадаркі пачалі прыходзіць лісты. «Напісаў, што сядзіць у двухмеснай камэры з эканамістам. У апошнім лісце паведаміў, што ім выдалі станкі для галення, мыла і туалетную паперу. Спачатку ацэньваў умовы ўтрыманьня на 7 балаў па дзесяцібальнай сыстэме, а цяпер лічыць, што наблізіліся да 9. Настрой нармальны, са здароўем усё ў парадку. Канешне, непакоіцца за сям’ю. Перадачы яму мы перадаём. Адвакат з ім сустракаецца», — кажа Алёна Красоўская-Каспяровіч.
Паводле Алёны Красоўскай-Каспяровіч, пра тое ці прызнае сябе вінаватым у лістах Андрэй Бандарэнка нічога ня піша, каб не прыпынілася ліставанне. «Абаронца таксама на гэтую тэму нічога ня кажа, бо даў падпіску пра неразгалошванне таямніцы следства», — кажа праваабаронца.
Справу дырэктара ўстановы «Платформа-інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі вядзе Следчы камітэт Беларусі. Разам з інфармацыяй аб абвінавачанні праваабаронцы ў злосным хуліганстве Следчы камітэт выставіў у інтэрнэт відэазапісы інцыдэнту, які адбыўся з Бандарэнкам у міліцэйскім пастарунку. На відэа Андрэй Бандарэнка робіць дзеянні адносна двух жанчын, якія следчыя лічаць ударамі нагой і кваліфікуюць як злоснае хуліганства.
«Нам пакуль невядомыя абставіны гэтага здарэння. Як Андрэй Бандарэнка апынуўся ў міліцыі ў гадзіну ночы, што там рабілі гэтыя дзьве жанчыны, якіх ён паводле следства ўдарыў нагой?» — пытаецца праваабаронца.
Паводле Алёны Красоўскай-Каспяровіч, суд над Андрэем Бандарэнкам адбудзецца пасьля чэмпіянату па хакеі. «Да чэмпіянату ўсе працэдуры не завершаць, а падчас чэмпіянату ўлады наўрад ці будуць праводзіць такі працэс, каб не прыцягваць да яго дадатковую ўвагу. Мы ў любым выпадку ў межах закону будзем падтрымліваць нашага сябра і калегу», — паведаміла Алёна Красоўская-Каспяровіч.
Post new comment