Мастак у нядолі - патрэбна дапамога
Аднаму з першых беларускіх палітвязняў, мастаку суполкі "Пагоня" Рыгору Кійко ў сувязі з сур'ёзным захворваннем, патрабуецца дапамога. Надзвычай неабходныя дарагія лекі і складаная аперацыя, якую робяць толькі за мяжой.
Рыгор Кійко - ветэран БНФ, адзін з ініцыятараў стварэння мемарыяла ў Курапатах. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1951 года ў вёсцы Цалуйкава Луганскай вобласці Украіны ў настаўніцкай сям'і, якая неўзабаве пераехала на радзіму маці ў Бабруйск. У 1980 г. Рыгор скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «мастак-кераміст». Сябра Беларускага саюза мастакоў, удзельнічае ў працы суполкі «Пагоня». У Беларускім Народным Фронце з моманту ўтварэння руху і партыі. Пасля расколу БНФ у 1999 г. - сябра КХП БНФ. Удзельнік шматлікіх вулічных акцый. Займаецца творчай і выкладчыцкай працай.
Як паведамляе palitviazni.info, Рыгор Кійко неаднаразова затрымліваўся міліцыяй. Увесну 1996 года быў асуджаны на восем сутак арышту за пікет салідарнасці ў падтрымку ўкраінскіх сяброў, затрыманых у Мінску падчас «Чарнобыльскага шляху».
1 красавіка 1997 г. Рыгор Кійко быў арыштаваны і абвінавачаны ў хуліганскіх дзеяннях падчас святкавання Дня Волі 25 сакавіка, якое вылілася ў той дзень у сутычкі з міліцыяй. Утрымліваўся ў мінскім СІЗА на вул. Валадарскага тры месяцы, у ліпені 1997 быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Пасля асуджаны да двух гадоў абмежавання волі з прымусовымі працамі. Адбываў пакаранне ў Зэмбінскай спэцкамэндатуры. 26 студзеня 1999 года выйшаў на волю.
На Дзень Волі ў 2000 годзе быў жорстка затрыманы ў цэнтры Мінска разам з жонкай і адной з дачок.
У 2001 г. быў удзельнікам лагера абароны Курапатаў ад спроб знесці мемарыял і правесці праз урочышча аўтадарогу.
Ахвяраванні на лячэнне Рыгора Кійко можна перадаваць праз валанцёраў: +375445349113 (Юлія), +375292753212 (Таццяна), +375447719817 (Марына).
Post new comment