Кампанія “Зробім лепш!" будзе бараніць родную мову
Стартавала чарговая хваля кампаніі “Зробім лепш!-2014”. Асаблівая ўвага ў новай хвалі кампаніі будзе нададзеная папулярызацыі і паляпшэнню іміджу беларускай мовы, яе абароны ад дыскрымінацыі, заяўляюць ініцыятары.
15 ліпеня ў Мінску адбыўся круглы стол, дзе ўдзельнікі кампаніі з розных куткоў Беларусі змаглі падзяліцца сваімі планамі, ідэямі, якія яны жадаюць рэалізаваць у межах “Зробім лепш!”, а таксама абмеркаваць з іншымі прадстаўнікамі НДА супольныя дзеянні, абмяняцца кантактамі для далейшай супрацы.
− Ініцыяваўшы працяг кампаніі “Зробім лепш!”, Асамблея НДА імкнецца паказаць беларускаму грамадству, ды й уладам таксама, карыснасць і каштоўнасць грамадскай дзейнасці, матываваць беларусаў да ўдзелу ў жыцці краіны. Нягледзячы на складаныя ўмовы, у межах кампаніі мы будзем працягваць замацоўваць асноўны вектар дзейнасці НДА − працу з грамадствам, – адзначыў Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА.
Большасць арганізацыяў ды ініцыятываў ставяць сабе за мэту захаванне спадчыны свайго рэгіёну, вырашэнне сацыяльных праблемаў і актыўнае далучэнне моладзі да дзейнасці. У межах “Зробім лепш!” адбудуцца фэсты, фотавыставы, краязнаўчыя гульні, летнікі ды іншыя мерапрыемствы адукацыйнага, экалагічнага ці культурніцкага накірунку.
Як паведамляе прэс-служба Асамблеі НДА, асаблівая ўвага ў новай хвалі кампаніі “Зробім лепш!” будзе нададзеная папулярызацыі і паляпшэнню іміджу беларускай мовы, абароны роднай мовы ад дыскрымінацыі.
Нагадаем, агульнанацыянальная кампанія “Зробім лепш!” праходзіла ў 2002–2003 і 2013 гадах. Яна спарадзіла значную колькасць лакальных ініцыятываў, аб’яднала НДА з розных гарадоў і сфераў дзейнасці дзеля вырашэння праблемаў грамадства.
Post new comment