Дзяржава не гатовая скарыстаць з патэнцыялу выпускнікоў праграмы Каліноўскага

Пра перспектывы праграмы і лёс студэнтаў у інтэрв'ю Naviny.by распавяла старшыня Камітэта «Салідарнасць» Іна Кулей. 

– Хто паехаў вучыцца па праграме?

– Гэта рэпрэсаваныя маладыя людзі ці дзеці рэпрэсаваных бацькоў. Рэпрэсіямі лічацца крымінальнае, адміністрацыйнае пакаранне па палітычных матывах, штрафы, ператрусы, збіццё, звальнення. Альбо бацькі, альбо дзеці пацвярджаюць гэтыя факты пратаколамі, судовымі пастановамі, выпіскай штрафаў і матэрыяламі СМІ. Таксама прымаюцца да ўвагі рэкамендацыі грамадскіх дзеячаў і палітыкаў, якія пацвярджаюць актыўнасць тых, хто едзе па праграме, або іх бацькоў.

Упершыню за тры-чатыры гады павялічылася колькасць студэнтаў, адлічаных з беларускіх універсітэтаў па палітычных матывах. Гэта было звязана з удзелам у той ці іншай форме ў мясцовых выбарах, а таксама з публічнымі выказваннямі студэнтаў з нагоды наяўнасці ў Беларусі палітычных зняволеных. Такіх маладых людзей было 12.

Акрамя 48 рэпрэсаваных, кандыдатуры якіх зацвердзіў Праваабарончы камітэт, у праграму прынялі слухачоў ліцэя імя Якуба Коласа.

– У іх асаблівы статус?

– Закрыты ўладамі ліцэй імя Коласа прызнаны рэпрэсаванай навучальнай установай. Яго навучэнцам не трэба пацвярджаць факт рэпрэсій. Пасля выгнання з Мінска такой установай быў прызнаны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Тыя студэнты, якія не скончылі ВНУ ў Мінску, таксама маглі вучыцца па праграме Каліноўскага.

– Дзеці каго з рэпрэсаваных вучацца па праграме Каліноўскага?

– На падставе рэпрэсій, ужытых да яе бацьку, удзельнічае ў праграме дачка Мікалая Аўтуховіча. Дзяўчына паспяхова прайшла бакалаўрскую праграму, працуе, удзельнічае ў дзейнасці грамадскіх арганізацый у Варшаве. Цяпер будзе вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці «турызм і рэкрэацыя». Перад праграмай яна год вучылася на падрыхтоўчым аддзяленні, бо была непаўналетняй пасля вучобы ў школе, якую, дарэчы, скончыла ў Ваўкавыску з залатым медалём.

– Колькі чалавек ужо прайшлі праз праграму?

– Больш за 600 чалавек.

– Ці адсочваеце вы далейшы лёс выпускнікоў?

– Мы ў пастаянным кантакце з каліноўцамі і іх бацькамі. У нас ёсць клуб бацькоў, у які ўваходзіць больш за 200 чалавек, з якіх 30 адгукаюцца на любыя нашы акцыі і наогул вельмі актыўныя. На жаль, інтэграцыйных мерапрыемстваў у нас практычна не было. Тыя дзеці, якія вучацца, сустракаюцца толькі на Дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага на яго радзіме. Тое, што ўдзельнікі праграмы мала стасуюцца паміж сабой, вытлумачальна – гэта дзеці з усёй краіны, якія не былі знаёмыя да таго, як сустрэліся на праграме падрыхтоўкі, якая доўжыцца месяц. Затым яны раз'язджаюцца ў розныя ўніверсітэты Польшчы.

– Ці плануецца нешта мяняць у праграме?

– З гэтага года мы плануем стварыць Клуб Каліноўскага ў Беларусі, які будзе спрыяць больш цесным зносінам нашых выпускнікоў.

– Выпускнікі вяртаюцца ў Беларусь? Бо ўдзел у праграме Каліноўскага – гэта свайго роду чорная пазнака для рынку працы на радзіме.

– Так, большасць вяртаецца. Працуюць у прыватным бізнэсе. Уладкавацца на працу ў дзяржаўныя структуры пасля вучобы па праграме Каліноўскага сапраўды немагчыма. І вельмі дрэнна, што дзяржава не гатова выкарыстаць патэнцыял выпускнікоў добрых еўрапейскіх універсітэтаў. Гэтыя людзі з'яўляюцца ўладальнікамі кампетэнцый і ведаў, якія могуць прынесці карысць Беларусі, але з-за чорнай пазнакі, пра якую вы кажаце, не могуць уладкавацца ў дзяржаўныя ўстановы. Аднак усяму свой час.

– Што дае маладым людзям удзел у праграме Каліноўскага?

– Без ілжывай сціпласці скажу, што праграма Каліноўскага – адна з лепшых у Еўропе адукацыйных праграм для беларусаў. Яна лагічная, дае шанец атрымаць адукацыю высокага ўзроўню. Студэнты, што вучацца ў Польшчы, удзельнічаюць у акадэмічных абменах, таму некалькі семестраў праводзяць ва ўніверсітэтах іншых еўрапейскіх краін і ЗША. Маладыя людзі, як бачым мы і бацькі, змяняюцца ў лепшы бок. Яны шмат ездзяць, цікавяцца навінамі, больш актыўна вывучаюць замежныя мовы, пазнаюць свет.

– Але ж праграма Каліноўскага – не для ўсіх. Трэба быць не проста палітычна актыўным, але яшчэ і пацярпець за сваю актыўнасць...

– Ёсць і іншыя праграмы для беларусаў за мяжой. Прынятая новая адукацыйная праграма Еўрапейскай камісіі «Эразмус +», разлічаная да 2020 года. Ёсць еўрапейскія стыпендыі, якія прапануюцца беларусам. Адным словам, магчымасці для беларускай моладзі ёсць. Трэба толькі захацець, і быць актыўным.

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.