У Мінску ўзгадалі Генадзя Бураўкіна (ФОТА)
Вечарына памяці выбітнога паэта і Грамадзяніна прайшла 2 верасня ў Палацы Мастацтваў. Яна была прымеркавана да дня народзінаў пісьменніка, які з’явіўся на свет 28 жніўня 1936 года.
Імпрэза адбылася дзякуючы сумесным арганізацыйным высілкам Беларускага саюза мастакоў, Саюза беларускіх пісьменнікаў і актывістаў кампаніі “Гавары праўду”.
Цёплымі пранікнёнымі словамі, вершамі, гісторыямі з жыцця свайго сябра і паплечніка ўзгадвалі пісьменнікі, мастакі і музыкі. Са сцэны выступалі Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Уладзімір Арлоў, Георгій Ліхтаровіч, Уладзімір Някляеў, Зінаіда Бандарэнка, Уладзімір Сіўчыкаў, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Рыгор Сітнік ды іншыя людзі.
У памяць пра Генадзя Бураўкіна выконвалі песні Таццяна Матафонава з сынам Адасем, Пётр Клюеў, Зміцер Вайцюшкевіч, Павал Аракелян.
Творчы вечар пры поўнай зале доўжыўся амаль тры гадзіны.
Даведка НН:
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Першыя вершы надрукаваў у 1952 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі і прозы, кніг для дзяцей, сцэнарыяў дакументальных і мастацкіх фільмаў. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1972), Дзяржпрэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2005), узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Дружбы народаў, медалямі.
Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», кіраўніком Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Больш за 10 гадоў узначальваў Дзяржкамітэт БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, прыкладна столькі ж быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у 1990-я гады прадстаўляў Беларусь у ААН.
Памёр 30 мая пасля працяглай хваробы на 78-м годзе жыцця. Пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска.
Post new comment