Ці магчыма еўрапейская адукацыя ў Беларусі?
Парушэнні акадэмічных правоў і свабодаў студэнтаў адбываюцца паўсюль. Але менавіта ад стаўлення студэнтаў да такіх парушэнняў і залежыць іх колькасць, лічаць у Грамадскім Балонскім камітэце.
Захаванне акадэмічных правоў і свабодаў - важная ўмова еўрапейскай адукацыі.
У новым навучальным годзе аднаўляецца маніторынг парушэнняў акадэмічных правоў і свабодаў, які арганізаваны Грамадскім Балонскім камітэтам у партнёрстве з МПГ “Студэцкая Рада” і міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь”.
Студэнты - асноўны зацікаўлены бок у іх выкананні, але яны ў асноўным і становяцца ахвярамі парушэнняў.
“Дзякуючы актыўнай працы валантэраў маніторынга, за мінулы перыяд (студзень-травень 2014 года) мы атрымалі дастаткова інфармацыі для напісання першай маніторынгавай справаздачы. У першым паўгоддзі мы звярнулі нашу ўвагу на парадак выезду студэнтаў за мяжу, вынясенне дысцыплінарных спагнанняў, стан студэнцкага самакіравання, а таксама на такія важныя падзеі як выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і Чэмпіянат света па хакеі”, - кажа прадстаўнік МПГ ”Студэнцкая Рада”, адзін з каардынатараў маніторынга Марына Штрахава.
У Балонскім камітэце ўпэўненыя, што гэта толькі малая частка ўсіх парушэнняў. Таму ў новым навучальным годзе маніторынг аднаўляецца і пашыраецца. Яго мэта - атрымаць актуальную інфармацыю аб сітуацыі з акадэмічнымі свабодамі ў ВНУ Беларусі. Да ўдзелу запрашаюцца студэнты, нядаўнія выпускнікі, а таксама ўсе зацікаўленыя ў маніторынгу грамадскія актывісты.
Для таго каб далучыцца да маніторынгу ў якасці назіральніка, неабходна да 31 кастрычнiка запоўніць заяўку! Набор назіральнікаў ажыццяўляецца пастаянна, таму дасылайце заяўкі да ўсталяванай даты. Пасля запаўнення рэгістрацыйнай формы з вамі дадаткова скантактуюцца, і вы зможаце атрымаць усе неабходныя інструкцыі. Для адабраных назіральнікаў на пачатку кастрычніка будзе арганізавана навучанне.
Таксама прыняць удзел у маніторынгу можна проста запампаваўшы апытальнік або анкету. Запоўненыя формы трэба адправіць да 31 кастрычніка на пошту [email protected].
На сайце Грамадскага Балонскага камітэта можна знайсці ўсе дакументы, а таксама інструкцыі да апытальніка і анкеты, для таго, каб было лягчэй іх запоўніць.
Анкету па індывідуальных парушэннях можна запоўніць таксама ан-лайн.
“Мы ўпэўненыя, што менавіта актыўная пазіцыя студэнтаў беларускіх ВНУ дапаможа зрабіць нашу адукацыю сапраўды еўрапейскай. Менавіта ўдзел - адзін з найважнейшых складальнікаў паспяховай адукацыі”, - сказаў прадстаўнік Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.
Удзельнікам маніторынгу гарантуюцца канфідэнцыяльнасць і захаванасць персанальнай інфармацыі. Любая інфармацыя аб удзельніках будзе выкарыстоўвацца толькі для камунікацыі з арганізатарамі маніторынгу, і не будзе перадавацца трэцім асобам.
Усе пытанні па маніторынгу можна накіроўваць на адрас [email protected].
Post new comment