Пра працоўную дыскрымінацыю зняволеных у Беларусі
Прававыя акты, што рэгулююць працу зняволеных, патрабуюць зменаў для ліквідацыі дыскрымінацыі ў пытаннях аплаты працы, прадастаўлення адпачынкаў і сацыяльных гарантый. Да такой высновы прыходзіць эксперт па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы Павел Сапелка.
Юрыст указвае на несправядлівыя заканадаўчыя нормы, якія дазваляюць няроўнасць у дачыненні да зняволеных у параўнанні са звычайнымі работнікамі.
Ніжэй прадстаўлены падрабязны аналіз праблемы.
ПРАЦОЎНЫЯ ПРАВЫ ЗНЯВОЛЕНЫХ
Арганізацыя працы ў месцах пазбаўлення волі
У структуры дэпартамента выканання пакаранняў ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць дванаццаць унітарных прадпрыемстваў на базе папраўчых калоній (Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «№ 4», Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «ПК 8 - Пошук», Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Сямнаццаць», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Папраўчая калонія № 2 г. Бабруйска», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Папраўчая ўстанова № 5», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «ПК 9», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Адзінаццаць», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «ПК 12 - ВАЛ», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «ПК 13 - Беразвечча», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Чатырнаццаць», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Пятнаццаць», Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «ПК 20»), два прадпрыемствы на базе ЛПП (Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «ЛПП-1», Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Адзінка»)[1]. Акрамя таго, гаспадарчую дзейнасць ад уласнага імя ажыццяўляюць астатнія сем ЛПП.
У калоніях, арыштных дамах і турмах утрымліваюцца на 97% асобы працаздольнага ўзросту. З усёй колькасці асобаў, якія ўтрымліваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы, да аплочваемай працы прыцягваецца амаль дзве траціны[2]: у 2010 годзе 60%, у 2011 годзе 58,2%, у 2012 годзе 63,2% зняволеных.
Такім чынам, вялікая частка зняволеных уцягнутая ў працоўныя адносіны.
У адпаведнасці з патрабаваннямі Крымінальна-выканаўчага кодэкса (артыкул 98), кожны асуджаны да пазбаўлення волі абавязаны працаваць у месцах і на працах, якiя вызначаюцца адміністрацыяй папраўчых устаноў. Адміністрацыя папраўчай установы абавязана прыцягваць асуджаных да грамадска карыснай працы з улікам іх полу, узросту, працаздольнасці, стану здароўя і па магчымасці спецыяльнасці. Асуджаныя прыцягваюцца да працы на прадпрыемствах або ў вытворчых майстэрнях папраўчых устаноў, а таксама на іншых прадпрыемствах незалежна ад формаў уласнасці пры ўмове забеспячэння належнай аховы і ізаляцыі асуджаных. Пры прыцягненні асуджаных да працы працоўная дамова (кантракт) з імі не заключаецца. Праца асуджаных да арышту арганізуецца ў парадку і на ўмовах, устаноўленых у дачыненні да асуджаных да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. На асуджаных да пажыццёвага зняволення распаўсюджваюцца ўмовы адбыцця пакарання, устаноўленыя для асуджаных да пазбаўлення волі, з улікам асаблівасцяў адбыцця пажыццёвага зняволення.
Адмова ад працы або самавольнае спыненне працы з'яўляюцца злосным парушэннем устаноўленага парадку адбыцця пакарання і цягнуць прымяненне мераў спагнання.
Умовы і аплата працы зняволеных
Артыкулы 99 і 100 КВК вызначылі ўмовы і аплату працы асуджаных да пазбаўлення волi:
Працягласць працоўнага часу асуджаных да пазбаўлення волі, патрабаванні па ахове працы ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб працы і аб ахове працы. Час пачатку і заканчэння працы вызначаецца графікам, што ўстанаўліваецца адміністрацыяй папраўчай установы.
З улікам характару працаў, што выконваюцца асуджанымі, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях і турмах, дапускаецца падсумаваны ўлiк працоўнага часу.
Час выканання асуджанымі аплочваемай працы залічваецца ў працоўны стаж у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Улік адпрацаванага часу ускладаецца на адміністрацыю папраўчай установы і ажыццяўляецца па выніках каляндарнага года.
Асуджаныя, якія адпрацавалі не менш за адзінаццаць месяцаў цягам каляндарнага года, маюць права на працоўны адпачынак працягласцю васямнаццаць каляндарных дзён - для адбываючых пазбаўленне волі ў выхаваўчых калоніях, дванаццаць каляндарных дзён - для адбываючых пазбаўленне волі ў іншых папраўчых установах. Асуджаныя, якiя абавязаны кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, маюць права на працоўны адпачынак працягласцю сем каляндарных дзён.
Асуджаныя да пазбаўлення волі маюць права на аплату працы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Памер аплаты працы асуджаных, якія адпрацавалі месячную норму працоўнага часу і выканалі ўстаноўленую для іх норму выпрацоўкі, не можа быць ніжэй за ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь памер аплаты працы за выкананне адпаведных відаў працы.
Аплата працы асуджаных пры няпоўным працоўным дні або няпоўным працоўным тыдні ажыццяўляецца прапарцыйна адпрацаванаму імі часу або ў залежнасці ад выпрацоўкі.
Грамадзяне, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях (ЛПП), з улікам іх узросту, працаздольнасці, стану здароўя, спецыяльнасці і кваліфікацыі, працаўладкоўваюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, на рэспубліканскіх унітарных вытворчых прадпрыемствах, падпарадкаваных Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, і ў іншых арганізацыях, размешчаных па месцы знаходжання лячэбна-працоўных прафілакторыяў, у адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку лячэбна-працоўных прафілакторыяў і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Адмова грамадзян, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, ад працаўладкавання або самавольнае спыненне працы цягнуць прымяненне да іх мер спагнання ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх” (далей - Закон аб ЛПП).
Аплата працы грамадзян, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Заработная плата грамадзян, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, пералічваецца на iх асабовыя рахункі.
Грамадзянам, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, прадастаўляюцца працоўныя і сацыяльныя адпачынкі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Як і асуджаныя да арышту і пазбаўлення волі, зняволеныя ў ЛПП працоўнай дамовы не заключаюць.
Незаконныя абмежаванні працоўных правоў зняволеных
Агляд прававых нормаў
Аналіз працоўных правоў зняволеных прыводзіць да высновы аб тым, што гэтыя правы неабгрунтавана, адвольна выпусташаны у параўнанні з правамі, прадугледжанымі Працоўным кодэксам для працоўных на свабодзе. Гэта незаконна: працоўныя правы асуджаных раўназначныя працоўным правам іншых грамадзян, за выключэннем правоў, якія вынікаюць з таго факту, што асуджаныя маюць абавязак працаваць, а астатнія грамадзяне - права. У адпаведнасці з артыкулам 23 Канстытуцыі, абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. З палажэнняў часткі першай артыкула 23 выцякае прынцып прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабод асобы, які адказвае патрабаванням прававой дзяржавы.
Згодна з артыкулам 2 КВК, крымінальна-выканаўчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з мэтамі крымінальнай адказнасці мае сваімі задачамі рэгуляванне выканання і адбыцця асуджанымі пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, вызначэнне сродкаў дасягнення мэтаў крымінальнай адказнасці і сацыяльнай адаптацыі асуджаных у працэсе яе рэалізацыі, абарону правоў і законных інтарэсаў асуджаных. У адпаведнасці з пастаўленымі задачамі, кодэкс устанаўлівае агульныя палажэнні і прынцыпы выканання пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці, прадугледжаных Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку, прававое становішча асуджаных і сістэму гарантый абароны іх правоў і законных інтарэсаў.
Дзяржава гарантуе абарону правоў, свабодаў і законных інтарэсаў асуджаных, забяспечвае устаноўленыя законам ўмовы прымянення пакарання і іншых мераў крымінальнай адказнасці.
Прынцыпамі крымінальнай адказнасці з'яўляюцца роўнасць грамадзян перад законам, справядлівасць і гуманізм (артыкул 3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Канстытуцыйны Суд у адным са сваіх рашэнняў адзначаў, што рэалізацыя гэтых прынцыпаў адносіцца як да сістэмы відаў пакарання, прадугледжаных КК, так і да парадку іх выканання[3]. У адпаведнасці з артыкулам 44 КК Рэспублікі Беларусь, крымінальная адказнасць мае на мэце выпраўленне асобы, якая ўчынiла злачынства, і папярэджанне здзяйснення новых злачынстваў як асуджаным, так і іншымі асобамі.
Такім чынам, ні прынцыпы, ні мэты крымінальнай адказнасці не дапускаюць дыскрымінацыю асуджаных, несправядлівае і неабгрунтаванае абмежаванне іх правоў, у прыватнасці, працоўных.
Гэтыя абмежаванні не дыктуюцца інтарэсамі нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абаронай маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў (правамерныя мэты абмежаванняў паводле артыкула 23 Канстытуцыі), не з'яўляюцца суразмернымі і неабходнымі для дасягнення мэтаў крымінальнай адказнасці і прыводзяць да дыскрымінацыі асуджаных у параўнанні з астатнімі грамадзянамі.
У адпаведнасці з артыкулам 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Асноўны Закон валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.
У артыкуле 59 Канстытуцыі ўстаноўлены абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.
У адпаведнасці з Працоўным кодэксам, дыскрымінацыя, гэта значыць абмежаванне ў працоўных правах або атрыманне якіх-небудзь перавагаў у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжання, мовы, рэлігійных або палітычных перакананняў, удзелу ці няўдзелу ў прафсаюзах ці іншых грамадскіх аб'яднаннях, маёмаснага або службовага становішча, узросту, месца жыхарства, недахопаў фізічнага або псіхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананню адпаведных працоўных абавязкаў, іншых абставінаў, не звязаных з дзелавымі якасцямі і не абумоўленых спецыфікай працоўнай функцыі работніка, забараняецца.
Не лічацца дыскрымінацыяй любыя адрозненні, выключэнні, перавагі і абмежаванні:
1) заснаваныя на ўласцівых дадзенай рабоце патрабаваннях;
2) абумоўленыя неабходнасцю асаблівага клопату дзяржавы пра асобаў, якія маюць патрэбу ў павышанай сацыяльнай і прававой абароне (жанчыны, непаўналетнія, інваліды, асобы, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і інш.).
Асобы, якія лічаць, што яны падвергліся дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносінаў, маюць права звярнуцца ў суд з адпаведнай заявай аб ліквідацыі дыскрымінацыі.
У сувязі з тым, што зняволеныя працоўнай дамовы не заключаюць, іх правы і абавязкі неабгрунтавана прыбраныя з сферы рэгулявання працоўнага закона: Працоўны кодэкс прымяняецца ў дачыненні да ўсіх работнікаў і наймальнікаў, якія заключылі працоўную дамову на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена актамі заканадаўства або міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь.
Між тым, Працоўным кодэксам устаноўленыя толькі такія выняцці: не падпадаюць пад дзеянне гэтага Кодэкса адносіны з нагоды ажыццяўлення: абавязкаў членаў наглядальных і іншых саветаў (праўленняў), а таксама органаў кантролю арганізацый, калі гэтая дзейнасць не выходзіць за межы выканання адпаведных даручэнняў; абавязацельстваў, якія ўзнікаюць на падставе дамоваў, прадугледжаных грамадзянскiм заканадаўствам.
Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства аб працы. Паводле агульнага правіла, калі міжнароднай дамовай Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якія ўтрымліваюцца ў гэтым Кодэксе, то прымяняюцца правілы міжнароднай дамовы.
Як ужо адзначалася, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб працы і аб ахове працы зняволеным ўстанаўліваюцца толькі працягласць працоўнага часу, патрабаванні па ахове працы і аплата працы. Іншыя пытанні рэгулююцца нарматыўнымі актамі ў галіне крымінальна-выканаўчага права, у якіх працоўныя правы зняволеных істотна абмежаваныя.
Аб'ём абавязкаў наймальнікаў у крымінальна-выканаўчым і ў працоўным праве апісаны па-рознаму. У прыватнасці, пры арганізацыі працы работнікаў, згодна з Працоўным кодэксам, наймальнік абавязаны, у прыватнасці, у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам і лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі, своечасова прадастаўляць гарантыі і кампенсацыі ў сувязі са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы (скарочаны працоўны дзень, дадатковыя адпачынкі, лячэбна-прафілактычнае харчаванне і інш.); выконваць нормы па ахове працы жанчын, моладзі і інвалідаў; забяспечваць падрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўку і стажыроўку работнікаў у адпаведнасці з заканадаўствам; ствараць неабходныя ўмовы для сумяшчэння працы з атрыманнем адукацыі ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам; прадстаўляць статыстычныя дадзеныя аб працы, па пытаннях умоваў і аховы працы ў аб'ёме і парадку, вызначаных заканадаўствам;
За невыкананне або неналежнае выкананне сваіх абавязкаў наймальнікі (упаўнаважаная службовая асоба наймальніка) нясуць адказнасць, прадугледжаную Працоўным кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Нізкі памер аплаты працы
У адпаведнасці з артыкулам 59 Працоўнага кодэкса, мінімальная заработная плата (месячная і гадзінная) - дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы, які наймальнік абавязаны ўжываць у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў за працу ў нармальных умовах на працягу нармальнай працягласці працоўнага часу пры выкананні абавязкаў работніка, якія вынікаюць з заканадаўства, лакальных нарматыўных прававых актаў і працоўнай дамовы. Такая норма павінна, безумоўна, прымяняцца і да зняволеных. Між тым, 80% асобаў, апытаных наконт памеру заработнай платы, налічанай ім у перыяд адбыцця пакарання, адзначылі, што налічаная ім заработная плата пры поўнай занятасці, а часам і пры перавышэнні працягласці працоўнага часу, не дасягала памеру мінімальнай заработнай платы, устаноўленай ў Беларусі.
Няроўныя ўмовы працоўнага адпачынку
Законам устаноўлены няроўныя ўмовы прадастаўлення і працягласці працоўнага адпачынку для зняволеных і звычайных работнікаў. У тых і другіх ён прызначаны для адпачынку і аднаўлення працаздольнасці, умацавання здароўя і іншых асабістых патрэбаў работніка, і парадак і ўмовы яго прадастаўлення не могуць істотна адрознівацца.
Безумоўна несправядлівай з'яўляецца норма, якая дазваляе не ўлічваць для прызначэння адпачынку асуджанаму, які адпрацаваў менш за адзінаццаць месяцаў у каляндарным годзе, гэты час працы і адпачынак за фактычна адпрацаваны час у такім выпадку яму не прадастаўляць наогул. Як правіла, гэта азначае, што ў год паступлення ў папраўчую ўстанову і ў год вызвалення з яе зняволены адпачынак не атрымлівае, як і не атрымлівае кампенсацыі за яго, паколькі не адпрацоўвае ўстаноўлены мінімум (11 месяцаў), тады як у звычайных работнікаў працоўны год, за які прадастаўляецца працоўны адпачынак, - прамежак часу, роўны па працягласці каляндарнаму году, але вылічваецца для кожнага работніка ад дня прыёму на працу. Працоўныя адпачынкі (асноўны і дадатковы) за першы працоўны год даюцца не раней як праз шэсць месяцаў працы ў наймальніка, за выключэннем некаторых выпадкаў (артыкул 166 Працоўнага кодэкса). Такім чынам, увесь адпрацаваны час грамадзянаў, якія працуюць па працоўнай дамове, ўлічваецца з мэтай прадастаўлення і без таго скарочанага адпачынку.
Акрамя таго, норма часткі 4 артыкула 99 КВК неабгрунтавана і непамерна абмяжоўвае для асуджаных права работніка на адпачынак, гарантаванае часткай 1 артыкула 43 Канстытуцыі.
У адпаведнасці з артыкулам 23 Канстытуцыі, абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. З палажэнняў часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі вынікае прынцып прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабодаў асобы, які адказвае патрабаванням прававой дзяржавы. Непрадастаўленне адпачынку за фактычна адпрацаваны на працягу каляндарнага года час, калі гэта гэты перыяд складае менш за адзінаццаць месяцаў (як гэта прадугледжана часткай 4 артыкула 99 КВК) не дыктуецца інтарэсамі нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абаронай маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў (правамерныя мэты абмежаванняў паводле артыкула 23 Канстытуцыі), не з'яўляецца суразмерным і неабходным для дасягнення мэтаў крымінальнай адказнасці і прыводзіць да дыскрымінацыі асуджаных у параўнанні з астатнімі грамадзянамі.
Дадатковыя адпачынкі, сацыяльныя адпачынкі (па даглядзе за дзецьмі, у сувязі з атрыманнем адукацыі, па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару) зняволеным заканадаўча не ўстаноўленыя.
Кароткачасовы адпачынак без захавання заработнай платы па сямейна-бытавых прычынах, для працы над дысертацыяй, напісання падручнікаў і па іншых уважлівых прычынах, які прадастаўляецца па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам, таксама не прадугледжаныя ў дачыненні да зняволеных.
Пазбаўленне адпачынку ў сувязі з атрыманнем адукацыі
Нормы працоўнага права заахвочваюць работнікаў, якія сумяшчаюць працу з атрыманнем адукацыі; для работнікаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічную адукацыю ў вячэрняй або завочнай форме атрымання адукацыі па накіраванні наймальніка або ў адпаведнасці з калектыўнай або працоўнай дамовай, пры ўмове паспяховага засваення зместу адукацыйных праграмаў устанаўлiваюцца скарочаны працоўны тыдзень або скарочаная працягласць штодзённай працы з захаваннем не менш за 50 працэнтаў сярэдняй заработнай платы, і ім прадастаўляецца адпачынак у сувязі з атрыманнем адукацыі. Наймальнік мае права дадаткова прадастаўляць у перыяд навучальнага года без урону для вытворчай дзейнасці па жаданні такіх работнікаў штотыднёвыя свабодныя ад працы днi без захавання заработнай платы, калi iншае не прадугледжана калектыўнай дамовай, пагадненнем, працоўнай дамовай. Работнікам, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў вячэрняй або завочнай форме атрымання адукацыі, прадастаўляецца на перыяд выніковай атэстацыі пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі адпачынак працягласцю не менш за 20 каляндарных дзён, а пры атрыманні агульнай базавай адукацыi - не менш як 9 каляндарных дзён з захаваннем сярэдняй заработнай платы на асноўным месцы працы. Работнiкам, якiя дапушчаны да атэстацыі ў парадку экстэрнату пры атрыманні агульнай базавай адукацыі, прадастаўляецца адпачынак працягласцю не менш за 17 каляндарных дзён, а дапушчаным да атэстацыі ў парадку экстэрнату пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі - не менш за 20 каляндарных дзён з захаваннем сярэдняй заработнай платы на асноўным месцы працы.
У папраўчых установах арганізуюцца атрыманне асуджанымі да пазбаўлення волі агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай адукацыі і праходжанне прафесійнай падрыхтоўкі. Прафесійна-тэхнічная адукацыя і прафесійная падрыхтоўка арганізуюцца па спецыяльнасцях (напрамках спецыяльнасцяў, спецыялізацыях, прафесіях), па якіх асуджаныя, улічваючы прысвоеную кваліфікацыю, змогуць працаваць у папраўчай установе і пасля вызвалення з яе. Для атрымання асуджанымі адукацыі ў папраўчых установах мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ствараюцца неабходныя ўмовы.
Якіх-небудзь ільгот для зняволеных, якія займаюцца павышэннем узроўню адукацыі, не прадугледжана: Правіламі ўнутранага распарадку прадэкларавана, што вызваленне асуджаных, якія навучаюцца ў агульнаадукацыйных школах, ад працы для здачы экзаменаў праводзiцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб працы. Аднак, Працоўным кодэксам (як паказана вышэй) і крымінальна-выканаўчым законам гэтыя нормы выкладзены цалкам па-рознаму: зняволеным у адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку заработная плата за перыяд здачы экзаменаў (атэстацыі) не налічваецца, толькі харчаванне прадастаўляецца бясплатна.
Парушэнне патрабаванняў аховы працы і адсутнасць сацыяльных гарантый
Права работніка на ахову працы ўключае шырокае кола правоў работніка і гарантый іх рэалізацыі.
Такім чынам, кожны работнік, у тым ліку зняволены, мае права на:
1) працоўнае месца, якое адпавядае патрабаванням па ахове працы;
2) навучанне бяспечным метадам і прыёмам працы, правядзенне інструктажу па ахове працы;
3) забеспячэнне неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны, сродкамі калектыўнай абароны, санітарна-бытавымі памяшканнямі, абсталяванымі неабходнымі прыладамі і сродкамі;
4) атрыманне ад наймальніка дакладнай інфармацыі аб стане ўмоваў і аховы працы на працоўным месцы, а таксама аб сродках абароны ад уздзеяння шкодных і (або) небяспечных вытворчых фактараў;
5) асабісты ўдзел ці ўдзел праз свайго прадстаўніка ў разглядзе пытанняў, звязаных з забеспячэннем бяспечных умоваў працы, правядзенні органамі, упаўнаважанымі на ажыццяўленне кантролю (нагляду), ва ўстаноўленым парадку праверак выканання заканадаўства аб ахове працы на яго працоўным месцы, расследаванні няшчаснага выпадку, што адбыўся з ім на вытворчасці, і (або) яго прафесійнага захворвання;
6) адмова ад выканання даручанай працы ў выпадку ўзнікнення непасрэднай небяспекі для жыцця і здароўя яго і навакольных да ліквідацыі гэтай небяспекі, а таксама пры непрадастаўленні яму сродкаў індывідуальнай абароны, якія непасрэдна забяспечваюць бяспеку працы. Пералік сродкаў індывідуальнай абароны, якія непасрэдна забяспечваюць бяспеку працы, зацвярджаецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, які праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне працы. Пры адмове ад выканання даручанай працы на ўказаных падставах работнік абавязаны неадкладна пісьмова паведаміць наймальніку альбо ўпаўнаважанай службовай асобе наймальніка пра матывы такой адмовы, падпарадкоўвацца правілам унутранага працоўнага распарадку, за выключэннем выканання вышэй указанай працы.
Для рэалізацыі права работніка на ахову працы дзяржава ажыццяўляе дзяржаўнае кіраванне ў галіне аховы працы, кантроль (нагляд) за выкананнем заканадаўства аб ахове працы і ўстанаўлівае адказнасць за парушэнне заканадаўства аб ахове працы.
Пры адмове работніка ад выканання даручанай працы ў выпадку ўзнікнення непасрэднай небяспекі для жыцця і здароўя яго і навакольных; непрадастаўлення яму сродкаў індывідуальнай абароны, якія непасрэдна забяспечваюць бяспеку працы; прыпынення і забароны правядзення работ органамі, упаўнаважанымі на ажыццяўленне кантролю (нагляду), работніку да ліквідацыі парушэнняў або да стварэння новага працоўнага месца павінна быць прадастаўлена іншая праца, якая адпавядае яго кваліфікацыі, або, з яго згоды, праца з аплатай не ніжэй за сярэдні заробак на ранейшай працы тэрмінам да аднаго месяца. Пры неабходнасці наймальнік абавязаны забяспечыць накіраванне работніка на перападрыхтоўку, прафесійную падрыхтоўку з захаваннем на перыяд атрымання адукацыі сярэдняга заробку.
Між тым, крымінальна-выканаўчае заканадаўства прама не прадугледжвае магчымасці адмовіцца ад працы ў пералічаных выпадках. Ніхто з апытаных былых зняволеных не ведаў пра такую магчымасць. Усе апытаныя лічылі, што яны павінны працягваць працу ў існуючых умовах, калі няма бачнай пагрозы жыцця; 60% паказалі на тое, што з нагоды неналежных умоваў працы яны маюць права звярнуцца да адміністрацыі РУП і калоніі; такая ж колькасць апытаных спрабавалі вырашаць гэтыя пытанні бесканфліктна; 96% апытаных лічаць недапушчальным падачу афіцыйнай скаргі, паколькі яна можа пацягнуць пагаршэнне стаўлення адміністрацыі да зняволеных.
Законам прадугледжана, што ў выпадку пагаршэння стану здароўя работніка, абумоўленага ўмовамі працы, страты прафесійнай працаздольнасці ў сувязі з няшчасным выпадкам на вытворчасці або прафесійным захворваннем наймальнік абавязаны прадаставіць работніку з яго згоды працу ў адпаведнасці з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі або забяспечыць за кошт сродкаў, прадугледжаных на ажыццяўленне абавязковага страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, накіраванне работніка на перападрыхтоўку, прафесійную падрыхтоўку з захаваннем на перыяд атрымання адукацыі сярэдняга заробку, а пры неабходнасці - яго рэабілітацыю.
Варта заўважыць, што іншыя нарматыўныя акты, якія вызначаюць правы і абавязкі зняволеных, нейкіх нормаў, якія б больш глыбока вызначалі пералічаныя вышэй праваадносіны, не ўтрымліваюць.
Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў у раздзеле «Праца асобаў, пазбаўленых волі» ўтрымліваюць толькі нормы пра асаблівасці прыцягнення да працы асуджаных у папраўчых калоніях-паселішчах; асаблівасці выкарыстання працы асуджаных у турмах; палажэнні аб работах па гаспадарчым абслугоўванні папраўчых установаў.
Больш падрабязна правы працоўных замацаваныя ў Правілах унутранага распарадку лячэбна-працоўных прафілакторыяў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь: устаноўлена, што ўмовы працы асобаў, якiя ўтрымлiваюцца ў ЛПП, рэгулююцца працоўным заканадаўствам з улікам асаблівасцяў, звязаных з іх утрыманнем у ЛПП. На гэтых асобаў не распаўсюджваецца заканадаўства: аб працоўнай дамове; аб калектыўнай дамове; аб няпоўным працоўным часе; аб захаванні заработнай платы пры перавозе і перамяшчэнні на іншую пастаянную працу з нiжэйшай аплатай; аб працоўным калектыве прадпрыемства; аб гарантыях для работнікаў на час выканання імі дзяржаўных або грамадскіх абавязкаў; аб дысцыплінарнай адказнасці работнікаў. Формы, сістэмы аплаты працы і прэміравання асобаў, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП, якія працуюць на ўласнай вытворчасці, ўстанаўліваюцца кіраўнікамі гэтых вытворчасцяў самастойна, пры гэтым памеры аплаты працы павінны адпавядаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўныя гарантыі ўключаюць рэспубліканскія тарыфы, а таксама некаторыя віды даплатаў і надбавак кампенсацыйнага характару, вызначаныя заканадаўствам. Атрыманне адукацыі зняволенымі ЛПП наогул не прадугледжана.
Заключэнне
Падводзячы вынік, можна сцвярджаць аб існаванні дыскрымінацыі працоўных правоў зняволеных у параўнанні са звычайнымі наёмнымі работнікамі. Гэтыя абмежаванні часта не дыктуюцца інтарэсамі нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абаронай маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў - правамернымі мэтамі абмежаванняў паводле Канстытуцыі і міжнародных абавязкаў Беларусі, не з'яўляюцца суразмерным і неабходным для дасягнення мэтаў крымінальнай адказнасці і прыводзяць да дыскрымінацыі асуджаных у параўнанні з астатнімі грамадзянамі.
Рэкамендацыі
Заканадаўцу і ўраду варта ўнесці змены ў прававыя акты, якія рэгулююць працу зняволеных, у тым ліку ЛПП, якімі:
- Ліквідаваць няроўнасць у пытаннях прадастаўлення асноўных сацыяльных гарантый;
- Устанавіць роўныя ўмовы аплаты працы, прадастаўлення адпачынкаў (у тым ліку, для сумяшчэння працы і адукацыі);
- Прадугледзець формы пазаведамаснага кантролю за станам працоўных правоў зняволеных.
Паводле ПЦ "Вясна"
Post new comment