Узмацнілася дыскрымінацыя незалежных журналістаў

У адносінах да карэспандэнтаў і распаўсюднікаў недзяржаўных грамадска-палітычных СМІ заводзяцца адміністрацыйныя справы паводле артыкула 22.9 КаАП, паведамляе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

ЖУРНАЛІСТЫ:

На журналістах артыкул 22.9. КаАП упершыню быў “апрабаваны” летась у Віцебску. Летам 2013 года Кастрычніцкі РАУС Віцебска завёў у дачыненні да незалежнай журналісткі Алены Сцяпанавай адміністрацыйную справу за “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Міліцыянты сцвярджалі, што журналістка на працягу доўгага перыяду “ажыццяўляла прафесійную дзейнасць журналіста замежнага СМІ “Радыё Свабода” без адпаведнай акрэдытацыі”. Справа дайшла да суда, але суддзя накіравала пратакол на дапрацоўку, заўважыўшы неадпаведнасць паміж адміністрацыйным артыкулам і фактычным абвінавачаннем. Больш да разгляду суд не вяртаўся.

Да красавіка 2014 г. артыкул 22.9 не “ўсплываў”, хаця папярэджанні журналістам за супрацу з замежнымі СМІ выносіліся: у лютым 2014 г. пракуратура Лідскага раёна папярэдзіла Юрыя Дзешука, у сакавіку Брэсцкая гарадская пракуратура папярэдзіла журналіста Яўгена Скрабца, а Гомельская абласная пракуратура – Юлію Сівец і Мікалая Бянько.

У красавіку 2014 г. Віцебская абласная пракуратура вынесла папярэджанне журналістцы Святлане Сцяпанавай – таксама за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежным СМІ. У папярэджанні быў згаданы арт. 22.9. КаАП ч.2, за парушэнне якога журналістку “могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці”.

Таксама ў красавіку 2014 г. Ленінскі раённы суд Гродна абвінаваціў журналіста Алеся Дзянісава ў парушэнні таго ж арт. 22.9 ч.2 КаАП і пастанавіў спагнаць з яго 4,5 млн. рублёў (30 базавых велічынь) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.

Такую ж суму па тым жа артыкуле пастанавіў спагнаць у маі Карэліцкі раённы суд з гродзенца Алеся Залеўскага, штатнага працаўніка Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткай якога з'яўляецца тэлеканал "Белсат".

Гродзенскаму журналісту Андрэю Мялешку ў чэрвені прысудзілі штраф (таксама 30 базавых па арт. 22.9 ч.2 КаАП ) за супрацоўніцтва з “Беларускім Радыё Рацыя”.

У чэрвені 2014 г. пракуратура Брэсцкай вобласці папярэдзіла мясцовага журналіста Максіма Хлябца за супрацоўніцтва з «Беларускім Радыё Рацыя» без акрэдытацыі. (Артыкул 22.9 КаАП у папярэджанні не фігураваў.)

У жніўні ў Магілёве двух незалежных журналістаў – Аляксандра Буракова і Міхаіла Аршынскага – выклікалі ў міліцыю пасля праверкі УКДБ па Магілёўскай вобласці, якое зацікавілася сюжэтам на тэлеканале “Белсат”. Журналістам паведамілі пра ўзбуджэнне адміністрацыйных справаў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. (Праверка УКДБ праводзілася восенню 2013 года, таму не выключана, што ў гэтых адміністрацыйных спраў скончыўся тэрмін даўніны. Прынамсі, працягу выклікі ў міліцыю з нагоды сюжэту на “Белсаце” пакуль не атрымалі.)

Выклік у міліцыю на 1 верасня атрымліваў брэсцкі журналіст Яўген Скрабец. Міліцыянты прасілі яго з’явіцца ў аддзяленне і даць тлумачэнні з нагоды публікацыі на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Журналіст у міліцыю не пайшоў, але ён перакананы, што супраць яго заведзена адміністрацыйная справа.

4 верасня на бабруйскую журналістку Марыну Малчанаву склалі пратакол за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Першапачаткова суд меў адбыцца 18 верасня, але журналістка запатрабавала адваката, і разгляд працягнуўся 23-га верасня і будзе працягнуты 25-га.

Пра яшчэ адну адміністрацыйную справу са спазненнем стала вядома ў верасні – журналіст “Беларускага Радыё Рацыя” Віталь Сямашка 5 верасня атрымаў паведамленне з упраўлення ўнутраных спраў Лідскага райвыканкама: яго інфармавалі, што справа супраць яго па артыкуле 22.9 КаАП закрытая, бо тэрмін прыцягнення яго да адказнасці скончыўся.

А 16 верасня ў прыватнай кватэры А. Буракова і яго бацькоў з санкцыі пракурора г. Магілёва супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі "агляд месца адміністрацыйнага правапарушэння". Паводле пастановы, падставай стала з’яўленне ў ліпені-жніўні 2014 г. на інтэрнэт-сайце "Нямецкай хвалі" трох матэрыялаў за подпісам Буракова. У выніку ператрусу з кватэр забралі два ноўтбукі, два сістэмныя блокі і дзве флэшкі. Пазней у той жа дзень Буракова апыталі ў Ленінскім РАУС Магілёва і паведамілі, што звінавачваюць у парушэнні арт. 22.9 КаАП. Паўторны візіт у міліцыю адбыўся 23 верасня, дзе яму ўручылі чарговую позву на 30 верасня, калі абяцаюць канчаткова вырашыць лёс яго справы.

Юрысты ГА “БАЖ” неаднаразова падкрэслівалі, што прымяненне артыкула 22.9 ч.2 да асобных журналістаў юрыдычна непісьменнае. “Праваахоўнікі і суды фактычна прыроўніваюць журналістаў да рэдакцый СМІ, хаця “прадукцыю СМІ” журналісты не вырабляюць. Паводле закона “Аб СМІ”, журналісты рыхтуюць матэрыялы, паведамленні для СМІ, на аснове якіх рэдакцыі якраз і вырабляюць “прадукцыю СМІ”. Адпаведна, толькі рэдакцыя і можа быць прыцягнутая да адказнасці па гэтым артыкуле, а ніяк не журналіст”, – кажа намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.

Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч яшчэ ў чэрвені г.г. выказала занепакоенасць з нагоды павелічэння колькасці штрафаў беларускім журналістам за працу без акрэдытацыі. Яна паінфармавала, што 5 чэрвеня напісала міністру замежных спраў Уладзіміру Макею ліст, падкрэсліўшы неабходнасць перагледзець патрабаванні акрэдытацыі журналістаў. Пачас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 г. яна таксама акцэнтавала ўвагу на неабходнасці наогул адмяніць абавязковую акрэдытацыю.

РАСПАЎСЮДНІКІ:

Да распаўсюднікаў СМІ згаданы артыкул 22.9 КаАП таксама прымяняецца. І таксама неапраўдана, лічаць юрысты ГА "БАЖ". (Разгорнуты юрыдычны каментар на гэтую тэму можна знайсці ў рубрыцы “Права і СМІ”.)

У красавіку Смаргонскі раённы суд аштрафаваў на 3 мільёны рублёў мясцовага актывіста Уладзіміра Шульжыцкага за распаўсюд маланакладнага бюлетэня «Смаргонскі грак». На думку суда, Шульжыцкі павінен быў папярэдне заключыць з юрыдычнай асобай рэдакцыі бюлетэня дамову на яго распаўсюд.

У тым жа месяцы Георгія Станкевіча з Бешанковічаў аштрафавалі на 7 мільёнаў рублёў за распаўсюд самвыдатаўскай газеты “Крывінка”.

У жніўні суддзя суда Магілёўскага раёна Станіслаў Леўчанка пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічынь рэдактара газеты “Наш Магілёў” Ігара Барысава. Суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні закона “Аб СМІ” і незаконным распаўсюдзе друкаванай прадукцыі (арт. 22.9 ч.2 КаАП), хоць сам журналіст сцвярджаў, што ён не распаўсюджваў газету “Наш Магілёў” і бюлетэнь “Сацыял-дэмакрат”, а проста перавозіў іх у асабістым аўтамабілі.

Юрысты ГА “БАЖ” падкрэсліваюць, што да распаўсюднікаў маланакладных СМІ патрабаванне заключаць дамову з рэдакцыяй абсурдна, бо Закон аб СМІ не патрабуе ад такіх СМІ ўтварэння юрыдычнай асобы – адпаведна, заключаць дамову проста няма з кім.

Даведка:

Арт. 22.9. КаАП: “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”.

Ч.2. арт 22.9 КаАП: “Парушэнне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, распаўсюду эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а роўна незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”.

За праушэнне прадугледжаны штраф – ад 20 да 50 базавых велічыняў.
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.