Трэці сектар застаецца пад жорсткім кантролем дзяржавы

Становішча грамадскіх арганізацый у Беларусі застаецца нязменна складаным. Такую выснову можна зрабіць з альтэрнатыўнай справаздачы ў Савет па правах чалавека ААН, прадстаўленай Цэнтрам прававой трансфармацыі. 

Згодна з дакументам, які носіць назву «Свабода асацыяцый і прававыя ўмовы для дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», незалежныя грамадскія арганізацыі ў краіне адчуваюць мноства праблем як пры рэгістрацыі, так і ў працэсе ажыццяўлення дзейнасці, пішуць Naviny.by

Ці чакаць зменаў сітуацыі ў гэтай сферы ў сувязі з значным пацяпленнем ў адносінах з Захадам, ці ўсё застанецца па-ранейшаму?

Паводле справаздачы, нягледзячы на нязначныя паляпшэнні, асноўныя праблемы, якія стаяць перад беларускімі НДА, з году ў год застаюцца нявырашанымі. Так, практыка адмовы ў рэгістрацыі Мінюстам да гэтага часу вельмі распаўсюджана. У выніку асноўную долю зарэгістраваных арганізацый складаюць тыя, што далёкія ад палітыкі і не ўступаюць у канфрантацыю з уладамі (да прыкладу, спартыўныя аб'яднання).

Яшчэ адным галаўным болем, з якім сутыкаюцца НДА, можна назваць складаны механізм легалізацыі замежнай фінансавай дапамогі і адсутнасць інстытута дзяржаўнай падтрымкі грамадскіх арганізацый.

Спрыяюць такому стану рэчаў нормы айчыннага заканадаўства, якія дазваляюць уладам цалкам кантраляваць сітуацыю.

Пры гэтым і сыход у андэграўнд можа не выратаваць: калі арганізацыю не ўдалося легалізаваць (гэта значыць зарэгістраваць), то за любыя дзеянні ад яе імя прадугледжана крымінальнае пакаранне згодна з артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэкса.

Гэтая норма змушае многія структуры рэгістравацца за мяжой і дзейнічаць ад імя замежных арганізацый. Аж да апошняга часу заканадаўцы хацелі перакрыць гэтую шчыліну - увесці інстытут абавязковай рэгістрацыі прадстаўніцтва замежнай грамадскай арганізацыі, але пакуль такія намеры застаюцца на ўзроўні размоў.

Дастаткова жорстка кантралююць улады і працэс фінансавання НДА. Механізм афіцыйнага афармлення фінансавай дапамогі складаны і адымае шмат часу, ды й паспяховасць у гэтай справе ніхто гарантаваць не можа. У выніку некаторыя арганізацыі шукаюць абыходныя шляхі і ў выніку працуюць фактычна паўлегальна, што на руку ўладам. Бо пры жаданні такога роду грахі можна выкарыстоўваць для закрыцця непажаданай арганізацыі.

Асноўны дакумент, які тычыцца трэцяга сектара - закон «Аб грамадскіх аб'яднаннях» - трактуе некаторыя механізмы ўзаемаадносін дзяржавы і грамадскіх арганізацый вельмі шырока і недакладна, павялічваючы тым самым паўнамоцтвы дзяржаўных структур, якія прымаюць тыя ці іншыя рашэнні. У прыватнасці, паспяховасць працэсу рэгістрацыі структур практычна цалкам залежыць ад рашэння Міністэрства юстыцыі.

У цэлым жа нормы беларускага заканадаўства даюць уладам магчымасць паступаць варыятыўна, у залежнасці ад сітуацыі.

Тлумачэнне гэтаму вельмі простае: заканадаўства, якое рэгламентуе гэтую сферу, закранае як незалежныя арганізацыі, так і прадзяржаўныя, так званыя GONGO. Калі залішне заціснуць гайкі, то пацерпяць апошнія, калі ж, наадварот, лібералізаваць нават некаторыя заканадаўчыя нормы - гэтым могуць скарыстацца нелаяльныя да рэжыму арганізацыі.

Так што можна прагназаваць захаванне цяперашняй дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да трэцяга сектару: ні значных паляпшэнняў, ні пагаршэння правілаў, верагодна, чакаць не варта.

З прычыны паступовага паляпшэння адносін з Еўропай і Амерыкай рабіць больш жорсткімі стаўленне да НДА уладам будзе недарэчы. Беларускі прэзідэнт у адносінах з Захадам ўсяляк спрабуе паказаць, што на фоне свайго расійскага калегі ён не такі ўжо і дыктатар.

Расійскае ж заканадаўства ў дачыненні да незалежных грамадскіх арганізацый у апошні час было больш жорсткім, у чымсьці стаўшы і больш суровым за беларускае - узяць, напрыклад, увядзенне інстытута замежнага агента. У прадзяржаўных расійскіх СМІ была праведзена маштабная кампанія дыскрэдытацыі незалежных НДА, што знізіла давер да іх з боку грамадства. Малаверагодна, што Аляксандр Лукашэнка захоча зараз ісці па слядах Расіі і здзяйсняць падобныя дзеянні.

Аднак і лібералізацыі заканадаўства, якое рэгламентуе дзейнасць НДА, таксама не будзе.

Па-першае, беларускае кіраўніцтва ў пэўным сэнсе баіцца даць залішнюю свабоду і страціць рычагі ўздзеяння на НДА. Апошнія могуць досыць эфектыўна ўплываць на развіццё і станаўленне грамадзянскай супольнасці.

Па-другое, заканадаўства, дзякуючы сваёй размытасці, не ўтрымлівае адкрытых рэпрэсіўных мер. У выпадку чаго можна заўсёды спаслацца на досвед некаторых краін Еўропы і ЗША, дзе таксама існуюць патрабаванні да рэгістрацыйных дакументаў, а фінансы арганізацый старанна правяраюцца.

Да таго ж для развіцця дыялогу з ЕС і ЗША ў беларускага прэзідэнта ёсць яшчэ шмат хадоў, у прыватнасці гульня ў пытанні палітвязняў.

Калі ж справа дойдзе да становішча грамадскіх аб'яднанняў, то на нязначныя паляпшэнні, скажам спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі, улады ўсё ж могуць пайсці. Тым больш што значнасць любога, нават дробнага станоўчага кроку Мінска ў вачах заходніх лідараў у апошні час значна ўзрастае.
 

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.