БАЖ заяўляе пра неправамернасць пераследу рэпарцёраў за супрацу з замежнымі СМІ

Ціск на такіх журналістаў мае адкрыты характар запалохвання і шантажу і супярэчыць нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння свабоды распаўсюду інфармацыі, лічаць у ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

25 верасня суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска аштрафаваў на 32 базавыя велічыні(4800000 рублёў) журналістку недзяржаўнай газеты «Бобруйский курьер». Яе абвінавацілі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ). Паводле пратакола, складзенага падпалкоўнікам міліцыі Сяргеем Рудзько, журналістка «здзейсніла інтэрв'юяванне грамадзянкі...», «не маючы адпаведнай акрэдытацыі на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ». Нагода для завядзення справы – матэрыял за подпісам Марыны Малчанавай на сайце спадарожнікавага тэлеканала «Белсат».

Асаблівую занепакоенасць выклікае інфармацыя, якую Марына Малчанава паведаміла суду на слуханнях 23 верасня: пры азнаямленні з матэрыяламі сваёй справы яна выявіла ў іх матэрыялы іншай адміністрацыйный справы, аналагічнай па змесце і вырашанай не на карысць журналіста. (Фотакопія ў журналісткі ёсць.) Гаворка ідзе пра справу Алеся Залеўскага, з якога сёлета ў маі Карэліцкі раённы суд пастанавіў спагнаць 4,5 млн. рублёў (30 базавых велічынь) за супрацу з тэлеканалам «Белсат». Журналістка небеспадстаўна лічыць, што гэтыя дакументы маглі аказаць ціск на суд, пра што яна і паінфармавала Міністэрства юстыцыі. Аднак адкласці слуханні ад атрымання адказу ад гэтага ведамства суд адмовіўся.

Некалькімі днямі раней, 16 верасня, у Магілёве супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі агляды кватэр журналіста Аляксандра Буракова і яго бацькоў. Некалькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў раніцай фактычна ўварваліся ў кватэру А. Буракова на падставе пастановы, падпісанай часовым выканаўцам абавязкаў начальніка ААПП Ленінскага РАУС г. Магілёва Пугачова У.С. і санкцыянаванай пракурорам г. Магілёва Вульвачам М.Б. Пасля вынятку камп’ютарнай тэхнікі ў журналіста супрацоўнікі правялі агляд у кватэры яго бацькоў (па іншым адрасе), дзе таксама забралі сістэмныя блокі камп’ютараў.

Падставай для правядзення міліцэйскай аперацыі стала размяшчэнне некалькіх артыкулаў А. Буракова на сайце www.dw.de. Супрацоўнікі міліцыі запэўнілі журналіста, што прэтэнзій да зместу артыкулаў няма, але сам факт размяшчэння матэрыялаў на сайце «Нямецкай хвалі» (руская рэдакцыя якой існуе толькі ў інтэрнэт-варыянце) дае падставы для адміністрацыйнага пераследу. Падаўшы свой матэрыял для публікацыі на замежным сайце, журналіст нібыта парушыў заканадаўства аб СМІ, паколькі не атрымаў акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Кропка ў гэтай справе пакуль не пастаўлена: 30 верасня журналіста ў чарговы раз выклікаюць у міліцыю, дзе будзе вырашацца лёс гэтай адміністрацыйнай справы.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртае ўвагу, што палажэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі» не ў першы раз выкарыстоўваюцца неправамерна ў дачыненні да журналістаў, якія накіроўваюць свае матэрыялы ў замежныя медыя. Такая практыка парушае як ўнутранае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, так і міжнародныя абавязальніцтвы нашай дзяржавы ў сферы свабоды выказвання меркавання.

Арт. 22.9 КаАП, на які спасылаюцца супрацоўнікі сілавых структур, НЕ ПРАДУГЛЕДЖВАЕ адказнасці за дзейнасць без акрэдытацыі. Прыраўноўванне «працы без акрэдытацыі» да незаконнага вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ неправамерна хаця б таму, што прадукцыю масавай інфармацыі вырабляе не журналіст, а рэдакцыя СМІ, і яе распаўсюдам займаецца, зноў жа, рэдакцыя СМІ, а не аўтар. Гэта адназначна вынікае з арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» (пункты 6, 7, 12).

Больш за тое, патрабаванне акрэдытацыі беларускіх грамадзян у МЗС Беларусі для атрымання і распаўсюду інфармацыі парушае Канстытуцыю і міжнародна-прававыя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусь.

Арт. 34 Асноўнага закона гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на атрыманне, захоўванне i распаўсюд поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскiх аб'яднанняў, палiтычнае, эканамiчнае, культурнае i мiжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя.

Пра гэта ж права гаворыцца і ў арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь. У адпаведнасці з часткай 2 гэтага артыкула кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі незалежна ад дзяржаўных межаў вусна, пісьмова ці сродкамі друку альбо мастацкіх форм выказвання, альбо іншымі спосабамі на свой выбар.
У адпаведнасці з Асноўным законам, карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана толькі для абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў.

Дзеянні журналістаў-фрылансераў (г.зн. тых, якія не знаходзяцца ў штаце СМІ і якія прапануюць свае матэрыялы розным медыя, як беларускім, так і замежным), не падпадаюць ні пад адну з дапушчальных падстаў для абмежавання права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі. Больш за тое, пераслед журналістаў за прафесійную дзейнасць і грамадзян за рэалізацыю правоў, гарантаваных Канстытуцыяй, парушае палажэнні Асноўнага закона краіны, узятыя ёй на сябе міжнародныя абавязацельствы, падрываюць імідж Рэспублікі Беларусь.

Звяртае на сябе ўвагу факт, што правядзенне аглядаў у кватэрах А. Буракова і яго бацькоў і вынятак аргтэхнікі (роўна як і вырабленыя ў гэты ж дзень затрымання трох журналістаў у Мінску) адбыліся падчас візіту ў краіну прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуні Міятавіч. Пытанні акрэдытацыі журналістаў і ўзаемадзеяння прадстаўнікоў прэсы і супрацоўнікаў праваахоўных органаў былі ў цэнтры ўвагі падчас сустрэч Міятавіч з беларускімі службовымі асобамі, аднак, на жаль, гэта не прадухіліла парушэння правоў журналістаў.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» пратэстуе супраць пераследу ў адміністрацыйным парадку журналістаў, якія размяшчаюць свае матэрыялы ў замежных медыя, а таксама патрабуе:

  • каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў, іншых дзяржаўных органаў і іх службовыя асобы спынілі адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў і ціск на іх у сувязі з размяшчэннем імі матэрыялаў у замежных СМІ;
  • каб упаўнаважаныя службовыя асобы прынеслі пратэсты на судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў па ч.2 арт.22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях;
  • каб суб'екты нарматворчасці Рэспублікі Беларусь прывялі акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і МПГПП.

Прынята Праўленнем ГА «БАЖ», 26.09.2014 г.

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.