Пра гуманізм і гуманнасць міліцыі
Праваабаронца Наста Лойка апублікавала ў сваім фэйсбуку ліст да Міністэрства ўнутраных спраў, дзе звяртае ўвагу на неправамернасць ужывання празмернай жорсткасці пры затрыманні альбо нейтралізацыі злачынцаў і правапарушальнікаў.
Частыя выпадкі забойства правапарушальнікаў супрацоўнікамі міліцыі ўказваюць на недастатковую кампетэнтнасць сілавых структураў, паколькі, на думку праваабаронцы, вельмі важна выконваць патрабаванні прапарцыйнасці і неабходнасці пры ўжыванні зброі.
Наста Лойка ў сваім лісце звяртае ўвагу на артыкул 2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якога, “чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы”, на міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі, прынцыпы гуманізму, якія адлюстраваныя ў артыкулах 4 і 26 “Закона аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь”.
Праваабаронца адзначае, што паводле Закона “супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны імкнуцца прычыніць найменшую шкоду жыццю, здароўю, гонару і годнасці і маёмасці грамадзян”.
Нягледзячы на тое, што чалавек здзяйсняе злачынства, ён, тым не менш, застаецца грамадзянінам і носьбітам чалавечай годнасці.
Наста Лойка просіць міліцыю, у выпадку, калі яна, крый Божа, стане закладніцай, не ўжываць зброю на паражэнне ў дачыненні да злачынцаў і ў кожным разе даваць публічныя тлумачэнні грамадству радыкальных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Нагадаем, 1 кастрычніка ў Мінску ў гандлёвым цэнтры “Шчасце” стрэлам у галаву быў нейтралізаваны злачынца, які хацеў абрабаваць абменнік, праз дзень у Воршы міліцыянты застрэлілі п’янага дэбашыра.
Post new comment