"Няма справядлівасці ў смяротнай кары"
10 кастрычніка, у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, праваабаронцы далі выніковую прэс-канферэнцыю ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. У ёй брала ўдзел вядомая ў свеце абаліцыяністка, старшыня ўзбекскай арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў” Тамара Чыкунова.
У офісе Праваабарончага цэнтру “Вясна” сабраліся праваабаронцы, журналісты і прадстаўнікі еўрапейскіх амбасадаў – намеснік амбасадара Вялікабрытаніі Дэвід Спайерс і намеснік амбасадара Баўгарыі Івайла Іванаў.
Падчас адкрыцця прэс-канферэнцыі Андрэй Палуда прадставіў агульныя лічбы і тэндэнці па смяротным пакаранні ў свеце, спасылаючыся на апошні тэматычны даклад праваабарончай арганізацыі AmnestyInternational, паведамляе ПЦ "Вясна".
Паводле даклада, на працягу 2013 года пакаранні смерцю праводзіліся ў 22 краінах свету, што на адну больш, чым у папярэдні год. Агульная колькасць пакаранняў смерцю ў свеце, пра якія стала вядома арганізацыі, - 778. Гэта амаль на 15% больш, чым у 2012 годзе. Але з 2009 года з прычыны адсутнасці праверанай інфармацыі Amnesty International не друкуе інфармацыю пра пакаранні смерцю ў Кітаі, дзе гэта з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай, а там тысячы пакараных.
За выключэннем Кітая, амаль 80% усіх вядомых пакаранняў смерцю ў свеце былі зарэгістраваныя ў трох краінах: Іраку, Іране і Саудаўскай Аравіі. У пяцёрку сумнавядомых лідэраў уваходзяць і ЗША - адзіная краіна ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, дзеў 2013 годзе каралі смерцю людзей. Хоць, як адзначаецца ў дакладзе, колькасць пакаранняў смерцю там працягвае зніжацца. І Мэрыленд стаў 18-м па ліку штатам, адмяніўшым смяротнае пакаранне.
Amnesty International канстатуе: нягледзячы на названыя трывожныя змены, у цэлым наяўныя дадзеныя паказваюць, што тэндэнцыя да адмены вышэйшай меры пакарання ў свеце захоўваецца.
“Што да Беларусі, то наша краіна прадстаўлена ў гэтым дакладзе як апошняя краіна ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе дагэтульужываецца смяротнае пакаранне. У 2013 годзе, паводле наяўнай інфармацыі, смяротныя прысудыў Беларусі не выконваліся, але былі вынесеныя не менш за чатыры. І, як вядома, ужо вясной 2014-га два з іх прыведзены ў выкананне - у дачыненні Паўла Селюна і Рыгора Юзэпчука. Па меншай меры два чалавекі зараз чакаюць выканання прысудаў - Эдуард Лыкаў і Аляксандр Груноў. І гэтыя прысуды могуць быць прыведзены ў выкананне ў любы момант, паколькі, нягледзячы на патрабаванні міжнародных органаў, у прыватнасці Камітэта па правах чалавека ААН, Беларусь не адкладае выкананне прысудаў да завяршэння разгляду спраў гэтымі органамі”, - адзначыў Андрэй Палуда.
Валянцін Стэфановіч распавёў пра пазіцыю ў дачыненні да Беларусі з боку АБСЕ і Савета Еўропы, у мерапрыемствах якіх ён браў удзел цягам апошніх двух тыдняў.
Ён нагадаў, што ў рэгіёне АБСЕ толькі дзве краіны выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне – ЗША і Беларусь. І АБСЕ неаднаразова прымала рэзалюцыі з заклікам да гэтых краінаў увесці мараторый ці цалкам адмяніць смяротнае пакаранне.
Валянцін Стэфановіч адзначыў, беларускія праваабаронцы выступаюць за тое, каб Беларусь была сябрам Савета Еўропы, што азначае ратыфікаванне дзяржавай Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, прызнанне кампетэнцыі Страсбургскага суда па правах чалавека і ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Праваабаронца вітаў той факт, што еўрапейскія амбасады ў нашай краіне стварылі нефармальную Працоўную групу па пытанні адмены смяротнага пакарання ў Беларусі (на сёння ў гэтую групу ўвайшлі амбасады Вялікабрытаніі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі, Францыі, Італіі), якія з свайго боку будуць прасоўваць пытанне ўвядзення мараторыя на смяротную кару.
“Але я хацеў бы падкрэсліць, што мы просім увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне не таму, што гэта пытанне сяброўства Беларусі ў Савеце Еўропы. Найперш гэты мараторый патрэбны для беларускага грамадства. Таму што мы не можам казаць пра гуманізацыю грамадства, калі дзяржава дазваляе забойства сваіх грамадзянаў”, - падвынікаўваў праваабаронца.
Ганаровы госць Тыдня супраць смяротнага пакарання, вядомая ў свеце абаліцыяністка Тамара Чыкунова, старшыня ўзбекскай арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў”, у сваім выступе акцэнтавала ўвагу на тым, што адказнасць за смяротныя пакаранні ў краіне кладзецца на ўсё грамадства.
“Нам усім трэба зразумець, што калі з нашай маўклівай згоды смерцю караюць таго, хто парушыў закон, мы помсцім яму, апраўдваючы сябе законам. Чым мы лепшыя за тых, хто здзейсніў злачынства? Мы кажам, што забойству няма апраўдання. Дык чаму ёсць апраўданне нам, калі мы падтрымліваем закон пра смяротнае пакаранне? Я вельмі цёпла стаўлюся да беларускага народа – добрага, сардэчнага, і вельмі жадаю, каб у вайшай краіне не было смяротнага пакарання – злачынства супраць чалавечнасці. Я сама прайшла праз жах пакарання смерцю адзінага сына і хачу сказаць вам: няма справядлівасці ў смяротнай кары. І працую я для таго, каб гэтая бяда ў выглядзе смяротнага прысуду не прыходзіла ў дамы іншых людзей…”, - падкрэсліла Тамара Чыкунова.
Таксама тамара Чыкунова распавяла журналістам пра працу яе арганізацыі на карысць адмены смяротнага пакарання ў краінах Цэнтральнай Азіі і асаблівасці закона пра адмену смяротнага пакарання ва Узбекістане, у распрацоўцы якога яна брала непасрэдны ўдзел.
Спасылкі на мерапрыемствы у межах тыдня супраць смяротнага пакарання:
Круглы стол і публічнае абмеркаванне ў галерэі Ў
http://spring96.org/be/news/73580
Паказ стужкі “12 раз'юшаных мужчын”
http://spring96.org/be/news/73622
Паказ стужкі “Адмена” у амбасадзе Францыі і абмеркаванне праблемы
http://spring96.org/be/news/73620
Расклейка налепак у Віцебску
http://spring96.org/be/news/73635
Тэматычная вечарына ў Магілёве
http://spring96.org/be/news/73632
Напісанне паштовак на адрас прэзідэнта з заклікам абвесціць мараторый на смяротнае пакаранне
http://spring96.org/be/news/73623
Абмеркаванне у Бабруйску ў коле студэнтаў
http://spring96.org/be/news/73621
Прэзентацыя кнігі Валерыя Філіпава “Каму патрэбна смяротнае пакаранне”
http://spring96.org/be/news/73601
Распаўсюд улётак у Баранавічах
http://spring96.org/be/news/73590
Сустрэча з Тамарай Чыкуновай
http://spring96.org/be/news/73552
Фотавыстава “Вышэйшая мера” Сяргея Балая
Post new comment