“Сфармаваць нацыю, якая б не дазволіла сябе зневажаць”

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч прэзентаваў у Гродне сваю кнігу прозы «Чарвяк» і адказаў на пытанні чытачоў і журналістаў.

— У адным з сваіх інтэрв'ю вы казалі пра тое, што на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах ніхто не ішоў браць уладу — і мы атрымалі тое, што маем. Які сцэнар прадбачыцца ў будучым годзе, на новых выбарах прэзідэнта Беларусі?

— На вялікі жаль, калі спрабаваць быць рэалістам, з кожным днём становіцца ўсё горш. Так дрэнна, як сёння, у грамадска-палітычным жыцці краіны не было ніколі. Калі ў тым жа 2010 годзе я быў у поўнай упэўненасці, што галоўнае — дабрацца да каморкі таты Карлы, прыкласці намаганні, праявіць волю, тады можна ўзяць уладу. Сёння ж мне нават не зразумела, ці трэба гэта хаця б камусьці. Пайсці і проста кінуцца на амбразуру, заклікаць усіх выйсці і ісці да апошняга, як гэта было ў 2001, 2006 гадах… Я тады бачыў канкрэтны сэнс у тым, каб заклікаць усіх і самому ісці да апошняга. Мы ішлі ў 2010 годзе на Плошчу з разуменнем, што нас могуць пасадзіць на працяглы тэрмін, я адкрыта казаў: ты гатовы стартаваць ад 5 да 25 гадоў турмы? Цяпер я не ведаю, што казаць. Мы дайшлі да ручкі, пры гэтым — усё беларускае грамадства, тут нельга ўсё спісваць толькі на апазіцыю. Усе грамадства ў стане дэградацыі. Улады закруцілі гайкі тут, закруцілі гайкі там. Усё гэта праглынаюць, гэта жарэ ўсё грамадства. Усё грамадства дэмаралізавана, таму што б беларускі рэжым ні рабіў, што б ні круціў, усім усё роўна.

— Чаго ж бракуе беларусам?

— Беларусам не хапае веры і адзінства. Многія, гледзячы на падзеі ў Украіне, задаюць пытанне: чаму ва Украіне атрымаўся Майдан? Я прыйшоў да высновы, што самая галоўная прычына ў тым, што там ёсць народ. які не дазволіць лічыць сябе быдлам, не дазволіць закаваць сябе ў кайданы, пляваць сабе ў душу і сэрца. У Беларусі, на жаль, няма народа. Нам трэба сфармаваць нацыю. Сёння ўсе, хто бярэ на сябе грамадска-палітычную адказнасць, павінны працаваць на гэтую адну самую вялікую неабходнасць — сфармаваць беларускі народ, які не дазволіў бы сябе зневажаць. Мы ж дазваляем рабіць з намі што заўгодна, бо не лічым сябе супольнасцю, групай людзей, якіх штосьці аб'ядноўвае.

Я перакананы, што нацыянальная ідэя трымаецца на дзвюх асновах: на праўдзе, якая для мяне ўвасабляецца ў Ісусе Хрысце, і на нацыянальнай мове. Неабходныя гэтыя дзве асновы, якія аб'ядналі б народ, далі б яму веру і сілы дамагчыся сваёй незалежнасці і свабоды.

Паводле nn.by

0 Comments

Post new comment

  • Lines and paragraphs break automatically.
  • Allowed HTML tags: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • You may post PHP code. You should include <?php ?> tags.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Web page addresses and e-mail addresses turn into links automatically.

More information about formatting options

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.