Ці дазволяць пікет у дазволеным месцы?
Заяўку на тое, каб зладзіць 10 снежня пікет, прымеркаваны да Міжнароднага дня правоў чалавека, брэсцкія праваабаронцы падалі ў мясцовы гарвыканкам. Прычым выбралі афіцыйна дазволенае ўладамі месца – Парк воінаў-інтэрнацыяналістаў. Аднак заўпарцілася паркавае начальства.
У заяўцы ў якасці месца, абранага для пікета, узгадваецца парк воінаў-інтэрнацыяналістаў – адна з пляцовак, якую ўлады самі вызначылі для правядзення масавых акцый у горадзе, паведамляе spring96.org.
Як паведаміў адзін з ініцыятараў пікета, праваабаронца Уладзімір Вялічкін, згодна з цяперашнім заканадаўствам, для таго, каб правесці масавае мерапрыемства, трэба заключыць дамовы з шэрагам інстанцый, якія забяспечваюць вываз смецця, ахову парадку і медычнае абслугоўванне. Таксама брэсцкія ўлады зараз патрабуюць дамову з арганізацыяй, на тэрыторыі якой плануецца пікет. Аднак прадстаўнік парку зазначыў у размове з заяўнікамі, што гэта ўстанова не абавязана заключаць дамову, таму і рабіць гэтага не будзе.
У выніку да пакету дакументаў у Брэсцкі гарвыканкам праваабаронцы прыклалі толькі заяву да адміністрацыі парку воінаў-інтэрнацыяналістаў з просьбаю заключыць патрабуемую дамову.
Нагадаем, пікет да Дня правоў чалавека рыхтуюць таксама Салігорскія прадстаўнікі БХК, а ў Гомелі на Дзень правоў чалавека заяўлена вулічнае шэсце.
Post new comment