У Баранавічах і Брэсце павіншавалі з Днём правоў чалавека
Нягледзячы на афіцыйную забарону ў правядзенні пікета 10 снежня, праваабаронцы і грамадскія актывісты горада Баранавічы правялі акцыю з нагоды 66-х угодкаў прыняцця Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Дазволены пікет прайшоў таксама ў Брэсце.
Актывісты Баранавічаў раздавалі грамадзянам кніжачкі з тэкстам Дэкларацыі, а таксама інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя праваабарончай тэматыцы.
“Артыкул 19 Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчаюць права кожнага чалавека на свабоду поглядаў, перакананняў і на іх свабоднае выказванне. Таму мы сёння, 10 снежня, вырашылі павіншаваць нашых жыхароў горада Баранавічы з Міжнародным днём правоў чалавека. Падчас сустрэч на вуліцы мы не толькі віншавалі людзей са святам, але і дыскутавалі па праблемах кантрактнай сістэмы, пасіўнасці дзяржаўных прафсаюзаў, безабароннасці працоўных і іх няўменні адстойваць свае правы. Абсалютная большасць людзей прыязна ўспрымалі нашу дзейнасць і падкрэслівалі, што ў працоўных сёння ёсць толькі абавязкі, а правоў няма”, – пракаментаваў праваабаронца Сяргей Гоўша.
Таксама двухгадзінны пікет, прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, адбыўся ў брэсцкім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і быў адзінай у Беларусі акцыяй, на якую атрыманы дазвол мясцовых уладаў.
Галоўнай мэтай мерапрыемства сталася прыцягненне ўвагі грамадскасці да наяўнасці ў Беларусі палітычных зняволеных. Удзельнікі акцыі трымалі плакаты, на якіх былі змешчаны фотаздымкі Мікалая Статкевіча, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі, Эдуарда Лобава і Мікалая Дзядка, што адбываюць пакаранне і прызнаныя палітвязнямі.
У марозны дзень людзей у парку няшмат: пераважна гэта былі пенсіянеры і бацькі з малымі дзецьмі. Тым не менш, арганізатары пікета лічаць гэтую пляцоўку куды больш прыдатнай для правядзення масавых мерапрыемстваў, чым стадыён “Лакаматыў” (як гэта было раней), што месціцца ў зусім аддаленым і глухім раёне Брэста. Падчас правядзення пікета непадалёк знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі і гарвыканкама.
Паводле ПЦ "Вясна"
Post new comment