Яшчэ раз пра салідарнасць у беларускай грамадзянскай супольнасці
Напачатку кастрычніка У Мінску адбылася прэзентацыя вынікаў даследавання патэнцыялу салідарнасці ў беларускай грамадзянскай супольнасці, якое правялі эксперты BISS і Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі. Зараз стаў даступным для азнаямлення поўны тэкст даследавання.
Паводле даследчыкаў, беларуская арганізаваная грамадзянская супольнасць мае нізкі патэнцыял для салідарных дзеянняў. Нягледзячы на адзінкавыя выпадкі актывізацыі і шырокай праявы салідарнасці, мы ня маем устойлівых падставаў для таго, каб разлічваць на салідарнасць або будаваць планы і стратэгіі мабілізацыі і выкарыстання таго патэнцыялу, які ўжо маем.
Як адзначаў падчас прэзентацыі Андрэй Ягораў, мабілізацыю патэнцыялу салідарнасці можна правесці праз камунікацыю ў інтэрнэце і у коле сяброў. Перавесці намеры ў дзеянні салідарнасці могуць дапамагчы лідары меркаванняў і агульныя каштоўнасці, але у Беларусі няма лідараў думак. Такім чынам, разлічваць на аўтарытэт лідара для мабілізацыі патэнцыялу салідарнасці зараз не даводзіцца.
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці больш схіляюцца да такіх праяваў салідарнасці, як падпісанне петыцый, агучванне заяваў (што дазваляе не выходзіць за межы зоны камфортнасці) і у меншай ступені да актыўных салідарных дзеянняў. Больш за палову прадстаўнікоў НДА не схільныя праяўляць салідарнасць, якая не звязана з іх дзейнасцю.
Патэнцыял грамадска-палітычнай салідарнасці ў грамадзянскай супольнасці быў ахарактарызаваны як нізкі. НДА зараз не ў стане мабілізаваць крытычны ўзровень салідарных дзеянняў, неабходных для зменаў у краіне. Трэці сектар у Беларусі выконвае найперш сацыяльную функцыю, з’яўляецца прафесійнай нішай для пэўнай часткі людзей і добра ўпісаны ў існуючую структуру грамадства.
Даследаванне выканана Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі (ЦЭТ) і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) на ініцыятыву: Беларускага дома правоў чалавека ім. Барыса Звозскага, Праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускага Хельсінкскага камітэту, Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», Беларускай асацыяцыі журналістаў і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.
Зараз даступны поўны тэкст даследавання. Азнаёміцца з ім можна тут
Post new comment