Дысідэнты 60-х гадоў напісалі лісты падтрымкі беларускім палітвязням
Савецкія дысыдэнты звярнуліся да былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які арыштаваны 19 снежня 2010 года, і ўжо пяты год знаходзіцца за кратамі, і да іншых беларускіх палітвязняў: Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова, піша statkevich.org.
«Дарагія сябры! Я рады магчымасці сустрэнецца з вамі хоць бы завочна. Дзякуй вам за тое, што вы высока паднялі наш сцяг. Ён агульны, таму што свабода адна, яна непадзельная. З братэрскім прывітаннем», – напісаў Віктар Файнберг.
«Выказваю глыбокае спачуванне і падтрымку беларускім вязням сумлення. Спадзяюся на хуткае вызваленне і перамогу», – напісаў Павел Літвінаў.
Дэманстрацыя 25 Жніўня 1968 была праведзена на Краснай плошчы групай з васьмі савецкіх дысідэнтаў (Канстанцін Бабіцкі, Таццяна Баева, Ларыса Багараз, Наталля Гарбанеўская, Вадзім Дэлонэ, Уладзімір Дрэмлюга, Павел Літвінаў і Віктар Файнберг) у знак пратэсту супраць ўвядзення ў ноч з 20 на 21 жніўня ў Чэхаславакію войскаў СССР і іншых краін Варшаўскай дамовы, якое было здзейсненае для спынення грамадска-палітычных рэформаў у Чэхаславакіі, што атрымалі назву «Пражскай вясны».
Гэтая дэманстрацыя стала адной з найбольш значных акцый савецкіх дысідэнтаў. Удзельнікі акцыі атрымалі суровыя судовыя прысуды і доўгі час знаходзіліся ў турмах або на прымусовым псіхіятрычным «лячэнні». Пасля вызвалення яны працягнулі сваю дысідэнцкую дзейнасць. На сённяшні дзень з удзельнікаў дэманстрацыі ў жывых засталіся Віктар Файнберг і Павел Літвінаў.
Post new comment