Грамадскія лідары 2014 года – стваральнікі моўных шоў
У Мінску вызначылі чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці 2014 года паводле версіі Асамблеі НДА.
Пераможцы вызначаліся паводле вынікаў супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі рабочай групы Асамблеі (44 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 56 запрошанымі экспертамі з ліку лідараў НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі.
У намінацыі “Грамадскі лідар года” перамаглі вядоўцы моўных шоў “Мова нанова”, “Моваведа”, “Мова тут” "Мова ці кава”. На ўручэнні прызоў былі Аляксей Шэін, Алена Шэрэмет і Валярына Кустава. Стваральнікі папулярных моўных курсаў зрабілі ў 2014 годзе вялікую супольную справу – у Мінску і ў рэгіёнах Беларусі істотна пашырылі беларускамоўную прастору.
У намінацыі “Кампанія года” перамагла кампанія “Пазнач сябе беларусам”, арганізаваная камандай “Арт Сядзібы”, у межах якой актыўна папулярызаваліся адзенне і стужкі з беларускім арнаментам.
Пераможцамі ў намінацыі “Новая ініцыятыва” сталі удзельнікі ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”. Кампанію судовага ціску на ўлады, каб юрыдычна абараніць ахоўныя межы Курапатаў ад незаконнага скарачэння і забудовы, група экспертаў распачала ў 2014 годзе. Адбыліся чатыры рэзанансныя судовыя паседжанні, праектаванне забудовы ахоўнай зоны прыпынілася. Кіраўнік Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, якая атрымлівала ўзнагароду, выказала падзяку ўсім, хто дапамагаў у высакароднай справе абароны ад забудовы месца расстрэлу і пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
У намінацыі “Рэгіянальная падзея” адзначаны Дзень памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы. Прысутныя заслухалі аўдыёзварот аднаго з арганізатараў грамадскай акцыі Юрыя Глебіка.
За нестандартны падыход да актуалізацыі значнай для грамадства тэмы ў намінацыі “Крэатыў года” перамагла акцыя салідарнасці футбольных фанатаў на матчы “Беларусь – Украіна” у Барысаве.
“Гарбуз года” для Упраўлення па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкаму і Аддзелу па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС г. Мінска за ануляванне віду на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай атрымалі юрысты Цэнтра прававой транфармацыі Lawtrend Андрэй Сушко і Аляксей Казлюк.
За грунтоўнае і рознабаковае асвятленне грамадскай дзейнасці ў сродках масавай інфармацыі ў новай намінацыі “Журналіст года” чэмпіёнскім тытулам адзначаны Марат Гаравы, газета “Новы час”.
Найлепшым сайтам НДА прызнаны nastaunik.info. Узнагароду атрымлівалі яго рэдактарка Вольга Мазурава і ідэйная натхняльніца Тамара Мацкевіч.
Паводле novychas.info
Post new comment